Электаральная кампанія па выбарах Прэзідэнта Беларусі паказала вельмі высокі працэнт яўкі выбаршчыкаў у Магілёўскай вобласці - 92,64%. Пра гэта расказаў журналістам старшыня абласной выбарчай камісіі Яўген Алекса.
«Працэс галасавання ў Магілёўскай вобласці завершаны. Усе 683 участкі пасля 20.00 закрыліся, вядзецца падлік галасоў. Ён шматступенны, паколькі збіраецца спачатку падлік на ўзроўні ўчастковых камісій, другім этапам участковыя камісіі перадаюць інфармацыю пра вынікі галасавання ў раённыя камісіі, а яны затым падаюць даныя ў Магілёўскую абласную камісію. А мы, у сваю чаргу, - у Цэнтральную выбарчую камісію Рэспублікі Беларусь, - растлумачыў ён. - Трэба адзначыць, што гэта электаральная кампанія паказала вельмі высокі працэнт яўкі выбаршчыкаў у Магілёўскай вобласці на ўчасткі для галасавання - 92,64%.
З аднаго боку, наша вобласць традыцыйна паказвала высокі вынік ва ўсіх папярэдніх выбарчых кампаніях. З іншага боку, думаю, што сёння кожны выбаршчык, прыходзячы на ўчастак для галасавання, разумеў ступень адказнасці і важнасці яго голаса ў гэтай выбарчай кампаніі, разумеў, што ён галасуе за будучыню нашай краіны, за паступальнае яе развіццё, за захаванне таго высокага тэмпу развіцця ва ўсіх сферах на найбліжэйшыя пяць гадоў».
Яўген Алекса канстатаваў, што выбарчая кампанія ў нашай вобласці прайшла дастаткова спакойна, без парушэнняў грамадскага парадку: «Аднак разам з тым, на жаль, нягледзячы на шырокую інфармацыйна-тлумачальную работу, у рэгіёне мелі месца адзінкавыя факты парушэння прынцыпу тайнага галасавання. Калі выбаршчыкі нягледзячы на тое, што і ў кабінцы, і на выбарчым бюлетэні таксама быў напамін пра тое, што фота і відэаздымка запоўненага бюлетэня забаронена, усё ж грэбавалі гэтым патрабаваннем. У найбліжэйшы час будзе дадзена прававая ацэнка іх дзеянням».
Старшыня абласной камісіі распавёў, што ў рабоце ўчастковых камісій было задзейнічана сёння больш за 7 тысяч членаў участковых камісій, за выбарчым працэсам у рэгіёне назіралі каля 5,5 тысяч нацыянальных назіральнікаў, а таксама больш за 20 міжнародных назіральнікаў. «Хачу адзначыць, што па водгуках міжнародных назіральнікаў, выбарчы працэс у нас прайшоў згодна з патрабаваннямі нашага выбарчага заканадаўства, заўваг і парушэнняў у рабоце ўчастковых камісій імі адзначана не было. На 34 участках у нашай вобласці Беларускім камітэтам маладзёжных арганізацый былі арганізаваны апытанні выбаршчыкаў па методыцы экзітпола – вынікі ў цэлым па краіне ўжо апублікаваныя на інтэрнэт-рэсурсах».
Усяго, паводле даных ЦВК, яўка выбаршчыкаў на выбарах Прэзідэнта Беларусі склала 85,70%: у Брэсцкай вобласці атрымалі бюлетэні 90,56% грамадзян, у Віцебскай - 86,39%, у Гомельскай - 91,54%, у Гродзенскай - 89,28%, у Мінскай - 86,71%, у Магілёўскай - 92,64%, у г.Мінску - 69,72%.
Папярэднюю інфармацыю пра колькасць галасоў выбаршчыкаў, пададзеных за кожнага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, краіна даведаецца да дзвюх гадзін ночы 27 студзеня. Папярэднія вынікі выбараў ЦВК Беларусі агучыць 27 студзеня ў 11.00.
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.02.2025 - 10:06
20.02.2025 - 09:41
20.02.2025 - 09:20
19.02.2025 - 18:17
Навуковыя распрацоўкі ў металургіі: беларуска-расійскія ініцыятывы