RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Юбілейны марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» стартуе ў Магілёўскай вобласці 1 снежня

Юбілейны дабрачынны марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» стартуе ў Магілёўскай вобласці 1 снежня. Пра гэта расказала дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ірына Фісюк.

«Мы ўжо пачалі падрыхтоўку да юбілейнага, дзясятага, дабрачыннага марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». У Магілёўскай вобласці ён праходзіць з 2012 года і стаў добрай традыцыяй – гэта складовая частка рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці». Галоўная мэта марафону – дапамога дзецям-сіротам, якія знаходзяцца пад апекай, дзецям-інвалідам, хворым дзецям, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, а таксама прыцягненне ўвагі да праблем гэтай катэгорыі дзяцей. Падчас навагодніх і калядных святаў для такіх дзетак пройдзе шмат розных мерапрыемстваў», – расказала Ірына Фісюк.

Так, у абласным цэнтры творчасці для дзяцей з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з усяго рэгіёна, а таксама выхаванцаў спецшкол і інтэрнатаў традыцыйна рыхтуюць вялікае свята. У Магілёўскім абласным тэатры лялек пройдзе мерапрыемства для дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці. Магілёўская гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава і тэатр імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску арганізуюць святы для дзяцей і іх сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні і рэабілітацыі, зладзяць вялікае свята з удзелам валанцёраў і артыстаў.

«Усе ўдзельнікі нашых святаў атрымліваюць навагоднія падарункі. У мінулым годзе пры падтрымцы гарадской дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Благо» падарункі атрымала амаль 1,5 тыс. дзяцей – усе выхаванцы ДДСТ і карэкцыйных цэнтраў», – адзначыла дырэктар абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.

Адным з асноўных этапаў абласной дабрачыннай акцыі па традыцыі будзе тэлемарафон. Сёлета ён пройдзе 17 снежня. «Такія тэлемарафоны праходзяць на працягу некалькіх гадзін у прамым эфіры на тэлеканале «Беларусь 4. Магілёў». У студыю прыходзяць госці: прадстаўнікі выканаўчай улады, арганізацый, прадпрыемстваў і ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў і іншыя. Кожны з іх прыходзіць з падарункамі і сертыфікатамі. Падчас тэлемарафону транслююцца відэаролікі аб тых дзецях, якія маюць патрэбу ў дадатковай падтрымцы і ўвазе. Да дапамогі такім дзецям падчас тэлемарафону могуць далучыцца і жыхары рэгіёна», – расказала Ірына Фісюк.

Па выніках мінулага тэлемарафону было сабрана больш за Br62 тыс. Гэтыя грашовыя сродкі былі накіраваны на аказанне адраснай дапамогі дзецям і спецыялізаваным установам аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны для набыцця неабходнага абсталявання і тэхнікі.

«З кожным годам усё больш людзей далучаецца да нашага марафону. Штогод мы стараемся дадаваць новыя формы. Летась Магілёўскае абласное аддзяленне «Беларускага дзіцячага фонду» і РУП «Белпошта» сумесна з гандлёвымі аб’ектамі рэгіёна правялі акцыю «Калядная пасылка». Кожны жадаючы мог перадаць падарункі для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Вынікам акцыі сталі 52 пасылкі, – адзначыла Ірына Фісюк. – У сілах кожнага з нас падарыць напярэдадні навагодніх і калядных святаў часцінку дабрыні, клопату і ўвагі тым дзецям, якія ў сілу розных абставін апынуліся ў складанай сітуацыі. І мы бачым, што жыхары Магілёўскай вобласці спагадлівыя і добрыя. Таму што з кожным новым марафонам мы дапамагаем вялікай колькасці дзяцей».

Арганізатарам дабрачыннай акцыі выступае МГА РГА «Беларускі дзіцячы фонд» пры падтрымцы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая