RU BY EN 中文
Twitter Instagram

З-за моцнага ветру пацярпелі чатыры населеныя пункты ў Дрыбінскім і Слаўгарадскім раёнах

У Магілёўскай вобласці за мінулыя суткі з-за моцнага ветру пацярпелі 4 населеныя пункты. Пра гэта паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

З прычыны парываў ветру, якія дасягалі 21 м / с, пацярпелі населеныя пункты ў Дрыбінскім і Слаўгарадскім раёнах. Пашкоджаны дахі 9 сельскагаспадарчых аб'ектаў, 12 жылых дамоў. Матэрыяльны ўрон устанаўліваецца.

Падраздзяленні МНС здзейснілі 43 выезды на прыбіранне зламаных дрэў. Пашкоджана 5 легкавых аўтамабіляў. Усяго ў рэгіёне за мінулыя суткі адбылося 2 пажары, 61 раз ратавальнікі выязджалі на аказанне тэхнічнай дапамогі.

Вольга Нехарошых нагадала пра тое, як засцерагчы сябе і сваю маёмасць у выпадку шквалістага ветру дома і на вуліцы.

Так, усе вокны ў доме ці кватэры павінны быць шчыльна зачыненыя. Пры асабліва моцных вятрах (ураганах) можна заклеіць вокны палоскамі скотчу па дыяганалі (літарай Х), гэта зберажэ ад аскепкаў, калі вецер выб’е шкло. Неабходна адключыць электраэнергію, не карыстацца ліфтам. Пры зрыве даху аднапавярховага дома трэба хавацца пад сталом, у шафе, ванным пакоі. З незашклёных балконаў і лоджый варта прыбраць усе прадметы, якія могуць выпасці вонкі – гаршчкі, слоікі, скрыні, бутэлькі і інш.

Апынуўшыся на вуліцы, варта трымацца як мага далей ад рэкламных шчытоў і іншых навясных канструкцый, ліній электраперадач, дрэў. Нельга падыходзіць да абарваных правадоў. Лепш схавацца ў найбліжэйшым будынку. Не варта паркаваць транспарт пад навяснымі канструкцыямі і дрэвамі.

«Не будзьце абыякавыя. У выпадку выяўлення траўмаваных людзей, падзення дрэў або галін, іншых наступстваў разгулу стыхіі тэлефануйце ў экстраныя службы. Тэлефон службы выратавання 101 і 112», – падкрэсліла Вольга Нехарошых.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая