RU BY EN 中文
Twitter Instagram

За суткі ў вобласці адбылося 5 пажараў: большасць – па віне саміх пацярпелых

За суткі ў вобласці адбылося 5 пажараў: у Бабруйску, Краснаполлі, Клічаве, Глускім і Асіповіцкім раёнах. Абышлося без гібелі, але не без траўмавання. Пра гэта паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Неспакойнай выдалася мінулая ноч для жыхароў дзевяціпавярховага жылога дома па вул. Ракасоўскага ў Бабруйску. Каля 10 гадзін вечара лесвічная клетка другога паверха стала напаўняцца дымам. Жыхары патэлефанавалі па нумары 101. Праз 5 хвілін ратавальнікі прыбылі да месца выкліку: гарэла аднапакаёвая кватэра, якая належыць пенсіянерцы 1962 г. н. Яе ратавальнікі знайшлі ў пярэднім пакоі і, эвакуяваўшы, перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Выратаваная не пацярпела, чаго не скажаш пра кватэру: у выніку пажару знішчана шафа, закураны сцены і столь у кватэры. Эвакуацыя жыхароў дома не праводзілася. Паводле папярэдніх звестак, ва ўзнікненні пажару вінаватая сама гаспадыня, дакладней, дапушчаная ёй неасцярожнасць пры курэнні.

Як мяркуецца, па аналагічнай прычыне 1 сакавіка каля гадзіны ночы загарэўся нежылы дом, размешчаны ў в. Верайцы Асіповіцкага р-на. Убачыўшы пажар, мясцовыя жыхары выклікалі ратавальнікаў і да прыбыцця падраздзяленняў МНС вывелі з вогненнага капкана самавольна пражываючага ў доме мужчыну 1985 г. нараджэння. Выратаваны з дыягназам «атручэнне прадуктамі гарэння, тэрмічны апёк I-II ступені кісці правай рукі, левага і правага каленнага сустава» шпіталізаваны. Полымя практычна дашчэнту спапяліла дом: знішчаны дах, веранда, пашкоджаныя перакрыцці, сцены.

28 лютага каля 9 гадзін вечара пад вогненную хвалю трапіла аднапакаёвая кватэра двухпавярховага жылога дома па вул. Зарэчнай у Клічаве. У гэты вечар маладая сям’я – наймальнікі жылога памяшкання –вярталася з гасцей, аднак варта было ім толькі адкрыць ўваходныя дзверы, як з кватэры паваліў густы дым. Жыхары выклікалі ратавальнікаў. У выніку пажару на кухні пашкоджана мікрахвалевая печ, закураны сцены, столь і маёмасць. Па папярэдніх даных, узнікненне пажару справакавалі пакінутыя ўключанымі ў разетку электрапрыборы.

Знішчаны дах, перакрыцце і маёмасць у доме – такія наступствы пажару прыватнага жылога дома ў в. Макавічы Глускага раёна, які адбыўся 1 сакавіка каля 2 гадзін ночы. Прычына пажару ўстанаўліваецца.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая