RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Захаванне памяці, выхаванне моладзі: Анатоль Ісачанка правёў сустрэчу з актывам Шклоўскага раёна

У Магілёўскай вобласці працягваецца серыя сустрэч з актывам раёнаў, на якіх абмяркоўваюцца пытанні змяненняў і дапаўненняў Асноўнага Закона. Сёння дыялог прайшоў у Шклове. Такая сустрэча, адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, прадыктавана важнасцю задач па актуальных пытаннях падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму, які павінен прайсці на высокім арганізацыйным узроўні. Размова з кіраўніцтвам Шклоўскага раёна, прадстаўнікамі арганізацый, дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў атрымалася жывой і цікавай.

Звяртаючыся да актыву, Анатоль Ісачанка адзначыў, што людзі праяўляюць высокую цікавасць да канстытуцыйнага рэфармавання:

– Праведзенае ў пачатку студзеня гэтага года сацдаследаванне (па вывучэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай сітуацый у Магілёўскай вобласці) паказвае, што большасць удзельнікаў апытання, а гэта 81,6 працэнта, лічыць неабходным унясенне змяненняў у Асноўны Закон дзяржавы. 84,5 працэнта рэспандэнтаў ужо прынялі рашэнне прыняць удзел у рэферэндуме.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама адзначыў, што ў краіне дастаткова эфектыўны Асноўны Закон, які ўжо амаль чвэрць стагоддзя вызначае ўвесь спектр грамадскіх адносін, што складваецца ў грамадстве і дзяржаве. Аднак ён быў прыняты ў той перыяд, калі ішло станаўленне беларускай дзяржаўнасці, выстройваліся палітычная, эканамічная, сацыяльная, прававая і іншыя сістэмы дзяржавы.

– Дзеючая Канстытуцыя выканала сваё прызначэнне. Дзякуючы моцнай дзяржаўнай уладзе былі створаны ўмовы для развіцця эканомікі. Гэта сістэма сябе апраўдала і выстаяла перад знешнімі і ўнутранымі выклікамі. Але з павышэннем ўзроўню жыцця чалавеку заўсёды хочацца большага. Таму каб выконвалася сацыяльная палітыка, нам патрэбна моцная эканоміка, якая не зможа працаваць без стабільнай дзяржавы. А ў аснове гэтай стабільнасці знаходзіцца Канстытуцыя, якая захоўвае суверэнітэт і дае права кожнаму чалавеку на самавызначэнне, – упэўнены губернатар.

На думку кіраўніка вобласці, змяняецца якасць нашага грамадства. У прыклад ён прывёў цікавы зрэз меркаванняў сярод маладых спецыялістаў, якія прыйшлі працаваць у сельскую гаспадарку. Дык вось на першы план у іх выйшаў нармаваны працоўны дзень. Другое месца заняў сацкультбыт, і толькі трэцяе – заработная плата. Усе гэта гаворыць пра тое, што запыты грамадства змяняюцца.

– Наша краіна стаіць на парозе новага этапу развіцця. Каб ісці наперад і развіваць моцную дзяржаву, неабходны актыўны ўдзел у абмеркаванні змяненняў у Асноўны Закон і прамое волевыяўленне беларусаў, а не дыктат звонку, – звярнуўся да актыву Анатоль Ісачанка.

Дырэктар Забродскай сярэдняй школы і член Маладзёжнага парламента Аляксандр Саксонаў пацікавіўся, якім чынам дзяржава будзе ажыццяўляць развіццё моладзі, раскрываючы яе патэнцыял. Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк адзначыў, што ў абноўленай Канстытуцыі ёсць асобны артыкул, у якім якраз прадугледжана падтрымка маладзёжнай ініцыятывы.

Дырэктар СШ № 1 Вольга Дрозд закранула тэму, адлюстраваную ў артыкуле 15, пра гістарычную праўду аб гераічным подзвігу беларускага народа. Педагог пацікавілася, ці будуць унесены канцэптуальныя змены ў вывучэнне прадмета ў школах. Ігар Марзалюк растлумачыў, што аўтарскі калектыў ужо працуе над карэкціроўкай падручнікаў у частцы адлюстравання тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікі будуць атрымліваць больш глыбокую інфармацыю. Акрамя гэтага, з верасня ў вышэйшай школе будзе ўведзены новы курс па гісторыі беларускай дзяржаўнасці, з’явіцца дапаможнік па сімволіцы для сярэдняй і вышэйшай школ.

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Новы быт» Аляксандр Канавалаў спыніўся на развіцці аграбізнесу:

– Заснавальнікам фермерскай гаспадаркі быў мой бацька. У 1992 годзе яна вырасла з 50 да больш за 1,6 тысячы гектараў. У нас актыўна развіваецца раслінаводства, жывёлагадоўчая галіна. Так, пабудавалі МТФ на 120 галоў з сучаснай даільнай залай. Мы стварылі 35 рабочых месцаў. Як кіраўнік, разумею, што людзі павінны адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні. Таму вялікую ўвагу надаём будаўніцтву і куплі жылля, падтрыманню інфраструктуры. Для кагосьці фермерства – гэта бізнес, а для нас, акрамя гэтага, павелічэнне ўрадлівасці зямель, сацыяльная нагрузка.

Анатоль Ісачанка адзначыў, што ў Магілёўскай вобласці каля 600 фермераў. Наспела неабходнасць дэталёва абмеркаваць пытанні, якія хвалююць прадстаўнікоў аграбізнесу. Таму ў найбліжэйшы час адбудзецца сустрэча, дзе будуць узняты праблемныя пытанні развіцця аграрыяў:

– Падтрымліваю пачынанне, каб даваць фермерам зямлю. Разам з тымі сацыяльнымі ўкладаннямі, якія вы робіце, Вы таксама павінны зарабляць.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама падзякаваў прысутным за сустрэчу. У ёй таксама ўдзельнічалі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая