RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Захворванне на туберкулёз у Магілёўскай вобласці знізілася больш чым на 28%

У мінулым годзе захворванне на туберкулёз у нашым рэгіёне знізілася на 28,6% у параўнанні з 2017-м. Пра гэта паведамілі ў час тэматычнай прэс-канферэнцыі спецыялісты Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера.

Паводле звестак за 2018 год, паказчык захворвання быў роўны 24 на 100 тысяч насельніцтва. У цэлым было выяўлена 259 хворых, з якіх трое – дзеці. Найбольш праблемнымі аказаліся Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Касцюковіцкі раёны. Пры гэтым смяротнасць ад туберкулёзу за апошнія 10 гадоў знізілася на 73% і па выніках мінулага года склала 2,9 на 100 тыс. жыхароў.

Нягледзячы на значнае паляпшэнне, эпідэмічная сітуацыя з туберкулёзам, які з’яўляецца інфекцыйным захворваннем і перадаецца паветрана-кропельным шляхам, у рэгіёне застаецца напружанай, падкрэсліў галоўны ўрач абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Віктар Вараб’ёў. Гэта звязана з асаблівасцямі сучаснага патамарфоза туберкулёзу, які характарызуецца вострым прагрэсавальным працэсам, перавагай лекава-ўстойлівых формаў. З’явіліся новыя групы рызыкі, у прыватнасці, мігранты з краін з высокім узроўнем распаўсюджанасці туберкулёзу, ВІЧ-інфікаваныя, а таксама асобы, якія прыбылі з пенітэнцыярных устаноў. Акрамя таго, так званыя асобы сацыяльнай рызыкі з цяжкасцю прывабліваюцца да абследавання і лячэння, сярод іх часта дыягнастуюцца хранічныя формы туберкулёзу з бактэрыявыдзяленнем, што ўяўляе небяспеку заражэння для навакольных.

Захварэць можа любы чалавек, незалежна ад сацыяльнага статусу і ўзросту, ніхто не застрахаваны. І ўсё ж, паводле дадзеных апошняга анкетавання, якое праводзілася сярод упершыню хворых на туберкулёз пацыентаў дыспансера, большасць з іх – людзі працаздольнага ўзросту з невысокім узроўнем аплаты, на 75% – мужчыны, часта маюць шкодныя звычкі, жывуць без сям’і. «90% насельніцтва інфікавана на туберкулёз, але захворвае да 5%, – адзначыў Віктар Вараб’ёў. – Успрымальнасць напрамую звязана з імунітэтам. Таму важнымі мерамі прафілактыкі для кожнага з’яўляюцца здаровы лад жыцця, адмаўленне ад курэння і спіртных напояў у вялікіх колькасцях».

Прышчэпка супраць туберкулёзу дазваляе стварыць абарону ад цяжкіх формаў захворвання, але яна паказаная толькі нованароджаным на 3-5 дзень жыцця, заўважыла загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены і грамадскага здароўя Крысціна Ракава. Праводзяць вакцынацыю, як правіла, у радзільнях, калі няма клінічных супрацьпаказанняў. Імунітэт на хваробу фарміруецца праз два месяцы з даты вакцынацыі і захоўваецца 7-10 гадоў. У 2018 годзе ў Магілёўскай вобласці ўзровень ахопу дзіцячага насельніцтва ў першыя дні жыцця склаў 97,4%. Гэта больш чым 9,8 тыс. нованароджаных. Паўторная імунізацыя не дае значнага эфекту, таму ў Беларусі рэвакцынацыя не праводзіцца.

У далейшым на першы план выходзіць абследаванне. Яго дзеляць на некалькі груп, паведаміў загадчык арганізацыйна-метадычнага кабінета абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Аляксандр Янушкевіч. Пры аглядзе дзяцей выкарыстоўваюць імуналагічныя пробы. Дарослыя праходзяць флюараграфічнае і бактэрыялагічнае даследаванні. Частата першага залежыць ад здароўя чалавека, месца працы, абавязкаў, распаўсюджанасці захворвання ў той мясцовасці, дзе ён пражывае і інш. Для прафілактычных аглядаў насельніцтва вобласць добра абсталявана рэнтгенаўскімі апаратамі новага тыпу з нізкай прамянёвай нагрузкай. Бактэрыялагічныя лабараторыі ўкамплектаваны сучасным абсталяваннем і расходнымі матэрыяламі. Існуюць таксама экспрэс-метады дыягностыкі: у Магілёве, Бабруйску і Клімавічах некалькі апошніх гадоў выкарыстоўваюць апараты «GeneXpert», якія дазваляюць на працягу некалькіх гадзін вылучыць ДНК мікабактэрый туберкулёзу. Інакш кажучы, западозрыць захворванне.

Само ж лячэнне туберкулёзу – складаны і працяглы працэс, які патрабуе канцэнтрацыі намаганняў медыцынскіх работнікаў, самога пацыента і членаў яго сям’і, падкрэсліла загадчык дыспансерным аддзяленнем абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Жанна Палехіна. Звычайна яго пачынаюць стацыянарна. Калі пацыент перастае быць заразным, пераводзяць на амбулаторны этап, які працягваецца ад 6 месяцаў да 2 гадоў. У гэты час хворы штодня павінен прымаць вялікую колькасць прэпаратаў у прысутнасці медыцынскіх работнікаў.

Існуе некалькі мадэляў амбулаторнага лячэння. Першая, якая выкарыстоўваецца даволі шырока, – лячэнне на базе дыспансера (у рэгіёнах – спецыяльных кабінетаў раённых медустаноў). Пацыенты кожны дзень прыходзяць сюды за прэпаратамі. Другая (калі маецца група інваліднасці, цяжкія сацыяльныя ўмовы, няма сродкаў, каб прыехаць за прэпаратамі) – дастаўка таблетак на дом. Трэцяя (для жыхароў Магілёва) – лячэнне пры паліклініках №9 і №10 для тых, хто пражывае ў аддаленых ад дыспансера раёнах горада.

Акрамя таго, з кастрычніка 2016 года ў Магілёўскай вобласці ўкаранёна відэакантрольнае лячэнне туберкулёзу: прыём лекавых сродкаў з відэазапісам на мабільны тэлефон. Пры дапамозе смартфонаў і інтэрнэту, якія прадаставіў і аплачвае Чырвоны Крыж, пацыенты(а іх на сёння 20) бясплатна, выкарыстоўваючы спецыяльна створанае праграмнае забеспячэнне, маюць магчымасць весці звыклы лад жыцця, з’язджаць у камандзіроўкі. Пры гэтым непасрэдны кантакт медыцынскіх работнікаў з хворымі не губляецца: некалькі разоў на месяц яны прыходзяць у дыспансер, каб здаць аналізы і пры неабходнасці атрымаць карэкціроўку лячэння. Аднак такім метадам могуць скарыстацца не ўсе. Пацыент павінен быць паўналетнім, прымаць неін’екцыйныясупрацьтуберкулёзныя прэпараты, добра іх пераносіць, валодаць навыкамі выкарыстання мабільных прылад і інш.

Гаворачы аб лячэнні, Віктар Вараб’ёў заўважыў, што ў пацыентаў сустракаецца шырокая лекавая ўстойлівасць. Яшчэ тры гады таму такіх хворых лячыць проста не былочым. Прызначалася сімптаматычная тэрапія, каб палегчыць чалавеку пакуты. Цяпер з’явіліся новыя антыбіётыкі, якія з поспехам прымяняюцца: іх эфектыўнасць дасягае 80%. Такія лекі прызначаюцца рэспубліканскім кансіліумам, які знаходзіцца ў Мінску. Прэпараты прывозяць пад кожнага пацыента па заяўцы.

Сёння спецыялісты супрацьтуберкулёзнай службы усе большую ўвагу надаюць рабоце з кантактамі пацыента, у якога выяўлены туберкулёз. Акрамя тых, з кім пражывае чалавек, абследуюць людзей другога і трэцяга кола зносін.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая