RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Заключны этап рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Яўгена Глебава пройдзе ў Магілёве 22-27 красавіка

Заключны этап V Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Яўгена Глебава пройдзе ў Магілёве 22-27 красавіка, паведаміў кансультант аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Анатоль Мукалаў.

Конкурс імя Яўгена Глебава праводзіцца ў два этапы. Першы (адборачны) праходзіць ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі і гімназіях-каледжах мастацтваў. «Традыцыйна ў гэтым конкурсе сябе паказваюць навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка і Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў, а таксама музычных каледжаў Беларусі, у якіх каля дзесяці спецыяльнасцяў духавых інструментаў і чатырох спецыяльнасцяў струнных і смычковых інструментаў. Папярэдні конкурс праводзіўся на базе Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Мікалая Рымскага-Корсакава. І мы спадзяёмся, што яны і ў гэтым годзе паўдзельнічаюць у тэндары на правядзенне конкурсу», – адзначыў кансультант.

Па выніках першага этапу ў кожнай намінацыі вызначаецца не больш за тры пераможцы, якія затым дапускаюцца да ўдзелу ў другім. Ён у сваю чаргу з’яўляецца заключным і праводзіцца Міністэрствам культуры сумесна з Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам. Па яго выніках вызначаюцца ўладальнікі Гран-пры і лаўрэаты. Заключны этап складаецца з двух тураў. Заяўкі для ўдзелу прымаюцца не пазней за шэсць тыдняў да пачатку яго правядзення.

Творчае спаборніцтва праводзіцца па 14 намінацыях: «Скрыпка», «Альт», «Віяланчэль», «Кантрабас», «Флейта», «Габой», «Кларнет», «Фагот», «Саксафон», «Валторна», «Труба», «Трамбон (Тэнар, Барытон)», «Туба» і «Ударныя інструменты».

«На сайце Міністэрства культуры і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўжо размешчаны праграмныя патрабаванні конкурсу. Таму ўсе, хто рыхтуецца да яго, змогуць лёгка знайсці і выбраць твор для выканання», –заўважыў Анатоль Мукалаў.

Аргкамітэт сфарміруе журы, кожнае будзе складацца не больш чым з шасці педагогаў устаноў адукацыі ў сферы культуры, творчых работнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва. Ацэньваць выкананне ўдзельнікаў будуць па дзесяцібальнай сістэме.

«Гэта наш традыцыйны конкурс, які мы праводзім адзін раз на тры гады. Ён стане адным з цэнтральных конкурсных мерапрыемстваў 2019 года. Гэта творчае спаборніцтва не толькі дае дзецям магчымасць прадэманстраваць прафесійнае майстэрства, але і адлюстроўвае вынік працы іх выкладчыкаў, паказвае, на якім узроўні знаходзіцца падрыхтоўка па тым ці іншым інструменце. Немалаважна, што конкурс дае магчымасць пераможцам – уладальнікам Гран-пры і лаўрэатам – залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі на спецыяльнасці, якія адпавядаюць намінацыям конкурсу, у прыватнасці, у Акадэмію музыкі, без здачы ўступных экзаменаў», – падкрэсліў кансультант.

Паводле яго слоў, пераможцы конкурсу будуць адзначаны грашовымі прэміямі. Уладальнік Гран-Пры (па адным у кожнай з груп намінацый) атрымае 30 БВ (з 1 студзеня 2019 года базавая велічыня складае Br25,5), лаўрэат першай ступені – 20, другой – 15, трэцяй – 10. Але па ўмовах конкурсу журы мае права не прысуджаць Гран-пры і першае месца, а ўзнагароду другога і трэцяга падзяліць паміж удзельнікамі.
Мэта конкурсу – падтрымка таленавітай моладзі, развіццё яе творчых здольнасцяў і павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства, папулярызацыя выкананняў на аркестравых інструментах у Беларусі, узбагачэнне нацыянальнай культуры перадавым міжнародным вопытам.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая