RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Жыццё на вёсцы, армія па кантракце і грантавая падтрымка – маладзёжную палітыку абмеркавалі ў Магілёве

Жыццё на вёсцы, армія па кантракце, грантавая падтрымка ініцыятыў і стартапаў моладзі – гэта толькі невялікая частка пытанняў, якія абмеркавалі сёння падчас працы дыялогавай пляцоўкі «Маладзёжная дзяржаўная палітыка – погляд у будучыню» ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання.

Удзельнікамі абмеркавання стала каля 50 чалавек – студэнты і працоўная моладзь, перспектыўныя маладыя людзі – кадравы рэзерв вобласці, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ВНУ, выканаўчай улады і дэпутацкага корпуса.

«Моладзь – рухавік прагрэсу. Сёння важна, каб менавіта яна выказвала свае ініцыятывы і меркаванні па развіцці нашай краіны. Бо менавіта ёй далей жыць тут і развіваць краіну», – адзначыў член Савета Рэспублікі, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк.

Паводле слоў Дзмітрыя Варанюка, сучасную моладзь хвалюе шмат пытанняў. «На першым месцы ў многіх, як ні дзіўна, вольны час. Маладых людзей, асабліва не ў сталіцы ці абласных цэнтрах, цікавіць, дзе сустракацца і збірацца, і не абавязкова гэта будуць забаўляльныя ўстановы. Яны хочуць гуляць у настольныя, інтэлектуальныя гульні, вучыцца, збірацца, размаўляць. Шукаюць сродкі для камунікацыі, і дзяржава павінна падставіць плячо, мясцовыя выканаўчыя органы павінны даць гэтыя пляцоўкі. Прычым часта маладыя людзі прыходзяць ужо з гатовымі ідэямі, просяць толькі прастору, а далей гатовыя рэалізоўваць усе самі», – адзначыў ён.

Яшчэ адзін важны аспект развіцця моладзевай палітыкі–падтрымка спартсменаў-нефармалаў і тых, хто катаецца на скейтах, роліках, веласіпедах. І для гэтага неабходныя спецыяльныя пляцоўкі. Дзмітрый Варанюк упэўнены, што стварыць такія месцы для трэніровак не праблема. «Аднак важна, каб за станам такіх паркаў сачылі. І не толькі камунальныя службы, але і самі спартсмены», – падкрэсліў ён.

Абмяркоўвае моладзь замацаванне на сяле. «Мне імпануе, што больш дарослая моладзь, якая працуе ў малых рэгіёнах, зацікаўлена, каб у сяло прыязджалі іншыя маладыя людзі і працавалі там. Зараз актыўна развіваецца прадпрымальніцкая дзейнасць, не праблема адкрыць сваю справу. Але важна не прагарэць, а гэтаму ўжо трэба вучыцца. Гучала ідэя стварыць нейкі нацыянальны фонд падтрымкі моладзевых ініцыятыў, куды б асобныя прадпрыемствы або ментары адпраўлялі фінансы. А прэміі прысуджала сама моладзь на конкурснай аснове. Нефармальны аналаг грантавай падтрымкі», – падкрэсліў першы сакратар ЦК БРСМ.

Актыўная моладзь Магілёўскай вобласці прыйшла на сустрэчу з разнастайнымі ідэямі. Уладзіслаў Ласіца вучыцца ў беларуска-расійскім універсітэце на 5 курсе. Ён выступіў з прапановай па кантракцеў арміі. «Сёлета заканчваю ўніверсітэт. Як у маладога спецыяліста, ёсць сваё працоўнае месца. У лістападзе сутыкаюся з прызывам у войска, павінен буду аддаць радзіме год, а мне хочацца развівацца ў сваім кірунку, ісці да сваіх мэтаў і выконваць свае задачы на працоўным месцы. У гэтым плане хочацца, каб у нас была магчымасць выбару», – падзяліўся малады чалавек.

Ганна Папейка–малады спецыяліст, выкладае беларускую мову ў аграгарадку Радамля Чавускага раёна. Дзяўчына выступіла з прапановай, каб дэкрэтны адпачынак цалкам залічваўся ў стаж. «Мяне вельмі хвалюе гэта тэма, бо ў будучым я таксама планую стаць мамай. І мне здаецца, было б сумленным залічваць дэкрэтны адпачынак у стаж. Паколькі выхаванне дзяцей–гэта вялікая адказнасць і няпростая праца», – адзначыла дзяўчына.

Падчас працы дыялогавай пляцоўкі агучвалі розныя ідэі і прапановы. Сярод іх–падтрымка моладзевых форумаў і грантавая падтрымка некамерцыйных арганізацый, стварэнне адзінай базы даных для запатрабаваных прафесій, цэнтраў занятасці для моладзі і падтрымкі прадпрымальніцкай дзейнасці, павелічэнне фінансавання для развіцця маладзёжнай палітыкі, распрацоўка новых і сучасных формаў і метадаў работы з падрастаючым пакаленнем у школах і дзіцячых садках, патрыятычнае выхаванне моладзі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая