RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Жыхары Бялыніч змогуць паўдзельнічаць у акцыі па ацэнцы фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў

У Бялынічах 11 чэрвеня плануецца правесці акцыю па ацэнцы фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў, жыхароў таксама праінфармуюць аб прафілактыцы, паведаміла прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб’яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапелькевіч.

Акцыя стане чарговым этапам рэспубліканскага медыка-сацыяльнага праекта «Усё ў вашых руках», мэта якога ў інфармаванні насельніцтва аб фактарах рызыкі неінфекцыйных захворванняў, якія былі выяўлены падчас нацыянальнага даследавання STEPS у Беларусі. Акцыю правядуць у паліклініцы Бялыніцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

Усе ўдзельнікі змогуць прайсці ацэнку фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў. Пасля скрынінгу і анкетавання плануецца адукацыйны семінар, перад удзельнікамі выступяць Ала Шапелькевіч, старшыня праўлення Беларускай лігі па барацьбе з высокім артэрыяльным ціскам загадчык кардыялагічнага аддзялення №2 РНПЦ «Кардыялогія» кандыдат медыцынскіх навук Ірына Лазарава.

Спецыялісты прааналізуюць атрыманыя вынікі, раскажуць аб значнасці ўліку фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў і спосабах іх прафілактыкі. Пракансультуюць пацыентаў з выяўленымі кардыяваскулярнымі і эндакрыннымі захворваннямі.

У Бялынічах вельмі актыўная «Школа дыябету». Навучанне ў такіх школах з’яўляецца важным складнікам сучаснага лячэння пацыентаў з цукровым дыябетам. Школа на базе паліклінікі Бялыніцкай цэнтральнай раённай бальніцы функцыянуе з 1998 года. Дзякуючы спонсарскай дапамозе СВК «Радзіма» нядаўна яе абнавілі. Тут ёсць неабходнае абсталяванне: растамер, шалі, дошка, глюкометры, інсулінавыя шпрыцы, шпрыц-ручкі, праектар і экран для прэзентацый, буклеты, дзённікі самакантролю. Заняткі праходзяць адзін раз на тыдзень, па серадах. Цыкл складаецца з 4 заняткаў, прысвечаных этыялогіі, патагенезу, метадам лячэння цукровага дыябету, прынцыпам харчавання, ускладненням і іх прафілактыцы. Пацыенты вучацца самакантролю, выкананню элементарных медыцынскіх маніпуляцый, гігіенічным навыкам, правілам паводзін у неадкладных сітуацыях.

У Бялыніцкім раёне знаходзіцца на дыспансерным уліку 776 чалавек з цукровым дыябетам, з іх 33 з цукровым дыябетам 1-га тыпу. З пачатку года прайшлі навучанне ў школе 43 чалавекі. Гэта як пацыенты з упершыню выяўленым цукровым дыябетам, так і тыя, што жывуць з гэтым дыягназам ужо даўно.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая