RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Жыхары Магілёўскай вобласці 17 красавіка выйдуць на рэспубліканскі суботнік

Жыхары Магілёўскай вобласці 17 красавіка выйдуць на рэспубліканскі суботнік. Яны будуць працаваць на сваіх працоўных месцах, удзельнічаць у работах па добраўпарадкаванні гісторыка-культурных каштоўнасцяў, наводзіць парадак на тэрыторыях населеных пунктаў. Пастаўлена таксама задача падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезона.

У Магілёве асноўны працоўны дэсант з раніцы пачне працу на фізкультурна-спартыўным комплексе,які будуеццаў мікрараёне Фаціна. Тут будзе задзейнічана кіраўніцтва аблвыканкама, частка прадстаўнікоў яго структурных падраздзяленняў, абласнога Савета дэпутатаў. Запланавана пасадка дрэў, кустоў, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Таксама маштабныя работы пройдуць на мемарыяльным комплексе «Зямлянка», у Зялёным гаі, на правабярэжжы ракі Днепр у раёне Палыкавіцкай крыніцы і інш. Акрамя гэтага, прадпрыемствы і арганізацыі зоймуцца прывядзеннем у парадак прылеглых тэрыторый, камунальнікі зробяць акцэнт на ўборцы дваровых тэрыторый, абразанні дрэў і кустоў, высадцы кветнікаў, афарбоўцы канструкцый.

Кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама, дэпутаты гарсавета высадзяць дрэвы па вул. Крупскай у раёне прыпынку грамадскага транспарту вул. Кірава, а прадстаўнікі ўпраўленняў і аддзелаў – прыбяруць тэрыторыю ў Пячэрскім лесапарку.

Падчас суботніка актыўна папрацуе моладзь рэгіёна. Так, у Магілёве на праспекце Пушкінскім непадалёк ад гарадскога парку атракцыёнаў моладзь высадзіць алею сямейных дрэў. У аграгарадку Сідаравічы Магілёўскага раёна актыў БРСМ і неабыякавыя грамадзяне зоймуцца добраўпарадкаваннем памятнага знака, устаноўленнага ў гонар байцоў, камандзіраў і палітработнікаў зводнага 747 стралковага 493 артылерыйскага палка 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем Г. І. Златавустаўскага. У Мсціславе актывісты грамадскага аб’яднання добраўпарадкуюць знак БРСМ па вуліцы Магілёўскай. У Круглым моладзь зоймецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля помніка воінам 222-й стралковай Смаленска-Брандэнбургскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі. У вёсцы Новыя Стайкі Шклоўскага раёна моладзь прывядзе ў парадак памятны знак «Дняпроўскі рубеж». А ў Чэрыкаве актывісты добраўпарадкуюць дзіцячую футбольную пляцоўку. Моладзь Глуска ў гэты дзень зоймецца дзіцячай пляцоўкай– адрэстаўруе пясочніцы і арэлі. На працягу двух дзён –16 і 17 красавіка – у Клічаўскім раёне актыўная моладзь прыме ўдзел у добраўпарадкаванні мемарыяльных комплексаў «Усакіна»і «Вязень і Сялец». Тут жа пройдзе раённая акцыя «Сад памяці»–будуць высаджаны ля мемарыялаў памятныя алеі.

На ўсёй тэрыторыі вобласці будуць працаваць і прадстаўнікі прафсаюзнага руху. Падчас рэспубліканскага суботніка яны ўладкуюць воінскія пахаванні, мемарыяльныя комплексы і брацкія магілы, прывядуць у належны стан аб’екты і тэрыторыі населеных пунктаў. Да прыкладу, спецыялісты абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК акультураць памятны знак «Воін і партызанка» ў вёсцы Мікалаеўка-2 Магілёўскага раёна. Прафсаюзныя работнікі таксама плануюць высадзіць больш за 3 тыс. саджанцаў дрэў на тэрыторыі Заходскага лясніцтва Магілёўскага раёна, размешчанага прыкладна за 30 км ад абласнога цэнтра. Матэрыялы да пасадкі, маладыя елкі і ліпы, прадаставіць Магілёўскі лясгас. 

Грашовыя сродкі, заробленыя на суботніку, у тым ліку добраахвотныя ўзносы працоўных, у тым ліку работнікаў, дзейнасць якіх не звязана з вытворчасцю прадукцыі або работ, аказаннем платных паслуг, пералічваюцца на рахункі гарвыканкамаў і райвыканкамаў з наступным пералічэннем на рахунак Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. З агульнай сумы 50% грашовых сродкаў будуць накіраваныя Міністэрству аховы здароўя на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў, у тым ліку на закупку абсталявання для аказання планавай і экстранай медыцынскай дапамогі насельніцтву, частковае фінансаванне закупак вакцыны ад COVID-19 для вакцынацыі жыхароў вобласці. Астатнія 50% будуць накіраваны на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая