RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Змены пры выдачы бальнічных ўступаюць у сілу ў Беларусі

У Беларусі з 31 студзеня ўступаюць у сілу змены, якія тычацца парадку афармлення і выдачы лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці.

Змены закранулі як парадак выдачы дакументаў, якія сведчаць часовую непрацаздольнасць грамадзян (лістка непрацаздольнасці і даведкі аб часовай непрацаздольнасці), так і парадак афармлення гэтых дакументаў з улікам практыкі прымянення.

Новыя формы бланкаў

Новая форма лістка непрацаздольнасці і даведкі аб часовай непрацаздольнасці зацверджаная пастановай Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 4 студзеня 2018 года №1/1. Як патлумачыла начальнік упраўлення медыцынскай экспертызы Міністэрства аховы здароўя Ірына Кірэева, глабальных змен у змесце гэтых дакументаў няма. Аптымізавана, уніфікавана інфармацыя, якую неабходна ўказваць. Як і раней, запаўняць дакумент можна на любой з дзяржаўных моў – беларускай або рускай.

Што тычыцца старых бланкаў, яны сапраўдныя да поўнага іх выкарыстання на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі. Магчыма, у некаторы перыяд часу паралельна будуць хадзіць два віды бланкаў, але яны будуць мець аднолькавую юрыдычную сілу.

У наступным новую форму бланкаў перавядуць у фармат электроннага дакумента. У поўным аб’ёме электронная ахова здароўя запрацуе ў Беларусі да 2022 года.

Даведка аб часовай непрацаздольнасці і для беспрацоўных

Асноўныя змены закранулі выдачы даведак аб часовай непрацаздольнасці. Гэта дакумент, які вызваляе ад працы, але не аплачваецца. Кола тых, каму дадуць такую даведку, пашырана. У прыватнасці, раней чалавек працаздольнага ўзросту, які не працуе і не знаходзіцца на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўнага, у выпадку хваробы звяртаўся ў паліклініку, але ніякага пацвярджальнага дакумента яму не выдавалі. Цяпер такая магчымасць з’явілася: у некаторых сітуацыях чалавеку неабходна афіцыйна пацвердзіць перыяд хваробы.

Даведку аб часовай непрацаздольнасці выдадуць тым, хто даглядае інваліда I групы ў перыяд, калі чалавек, які фактычна ажыццяўляе догляд, знаходзіцца на стацыянарным лячэнні. Інакш кажучы, гэта тычыцца тых выпадкаў, калі чалавек, які пастаянна даглядае інваліда, захварэў і ляжыць у шпіталі. Раней у гэтым выпадку даводзілася каму-небудзь са сваякоў на гэты перыяд браць адпачынак за свой рахунак або наймаць сядзелку.

«Цяпер у выпадку хваробы чалавека, які фактычна ажыццяўляе догляд інваліда I групы, на перыяд яго знаходжання ў стацыянары будзе выдавацца даведка аб часовай непрацаздольнасці любой іншай асобе. Прычым, гэта неабавязкова павінен быць сваяк. Даведка не аплачваецца, але пацвярджае факт ажыццяўлення догляду інваліда», – адзначыла Ірына Кірэева.

Калі бацьку афіцыйна вызваляць ад працы

Змены закранулі і парадак выдачы лістка непрацаздольнасці па доглядзе хворгага дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку, калі маці або асоба, якая фактычна ажыццяўляе догляд, адначасова працуе на ўмовах няпоўнага працоўнага часу, або дома, або навучаецца.

Раней, калі захварэла дзіця, вызваліць ад працы маглі толькі маму, бо яна атрымлівала дапамогу па доглядзе. Цяпер, калі мама, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, не можа даглядаць хворага малога на дадзены момант (сур’ёзная праца, якую нельга прапусціць, або пачалася сесія), даведку могуць выдаць іншаму сваяку.

Ёсць новаўвядзенне, якое пашырае магчымасці для атрымання лісткоў непрацаздольнасці. «Напрыклад, мама, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку з дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў, сама захварэла і ляжыць у шпіталі. Раней бацьку маглі даць бальнічны ліст толькі ў тым выпадку, калі дзіця не наведвае дзіцячы сад. Зараз гэта патрабаванне знялі: лісток выдадуць у любым выпадку. Пры гэтым не патрабуецца пацвярджэнне дакумента аб наведванні дзіцём дзіцячага садка», – патлумачыла начальнік упраўлення.

Дзень на праезд

Ёсць магчымасць падоўжыць лісток непрацаздольнасці або даведку аб часовай непрацаздольнасці чалавеку, які даглядае хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў (дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў), пры аказанні ім меддапамогі ў стацыянарных умовах, на адзін дзень для праезду да месца жыхарства (знаходжання) у сувязі з аддаленасцю арганізацыі аховы здароўя і немагчымасцю ў дзень выпіскі даехаць дадому.

Удакладнены парадак вызначэння неабходнасці догляду дзіцяці-інваліда пры яго санаторна-курортным лячэнні або медыцынскай рэабілітацыі ў адпаведных установах. Зараз будзе вызначацца неабходнасць у доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 10 гадоў, а таксама дзіцяці-інваліда, старэйшага за 10 гадоў з трэцяй або чацвёртай ступенню страты здароўя.

Як адзначыла Ірына Кірэева, гэтыя новаўвядзенні пашырылі падставы для вызвалення чалавека ад працы ў сувязі з хваробай, у першую чаргу родных хворага. Да таго ж, увядзенне новага фармату бланка дазволіць больш арганічна ўліцца ў электронную ахову здароўя ў цэлым і абменьвацца аператыўнай інфармацыяй з Фондам сацабароны насельніцтва.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая