Рус Бел Eng 中文

ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» рыхтуецца да адкрыцця

ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» рыхтуецца да адкрыцця. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар прадпрыемства Марат Ігізбаеў.

«На днях завод атрымаў станоўчае заключэнне санітарна-гігіенічнай экспертызы аб тым, што нават з улікам павелічэння магутнасці ў перспектыве вытворчасць адпавядае нормам санітарна-экалагічнага заканадаўства», – адзначыў ён.

Згодна з бізнес-планам інвестыцыйнага праекта ў СЭЗ «Магілёў» прадугледжана стварэнне сучаснай і канкурэнтаздольнай вытворчасці тэхвуглярода магутнасцю 200 тыс. т, а таксама адкрыццё больш за 600 працоўных месцаў (зараз на прадпрыемстве працуе каля 300 чалавек). Запланаваны аб’ём інвестыцый – больш за 100 млн. еўра.

Праект ужо рэалізаваны на 76 % і ўключае ў сябе 5 пускавых комплексаў, у тым ліку 4 тэхналагічныя патокі, уласную ЦЭЦ і цэнтральны склад. Увод у эксплуатацыю пускавога комплексу, у які ўваходзіць першы тэхналагічны паток, запланаваны на IV квартал гэтага года. Цяпер ён гатовы на 98%.

Марат Ігізбаеў запэўніў, што на прадпрыемстве асаблівая ўвага надаецца захаванню ўсіх экалагічных і санітарна-эпідэміялагічных нормаў. «У праектнай дакументацыі па будаўніцтве прадпрыемства прадугледжаны рашэнні, якія прадухіляюць звышнарматыўнае яго ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. З боку якдзяржаўных органаў, так і самога завода ідуць пастаянныя экалагічныя даследванні і праводзяцца лабараторныя аналізы, у тым ліку на мяжы аб’яднанай санітарнай зоны. На «Омск Карбон Магілёў» дзейнічае аўтаматызаваная сістэма кантролю, якую ўстанавілі на ўсіх пунктах выкідаў. Тут будзе весціся пастаянны маніторынг канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў перад выхадам у атмасфернае паветра. Даныя падлягаюць архіваванню, а значыць існуе магчымасць перадачы іх адпаведным наглядным органам. Агульныя выдаткі завода на сістэму маніторынгу склалі амаль 800 тыс. еўра.

 

Дарэчы, у наступным годзе на мяжы санітарнай зоны ўздоўж ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» можа з’явіцца загараджальная лесапаласа. З ініцыятывай вывесці з сельскагаспадарчага абароту поле і высадзіць на ім ахоўную лесапаласу выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Магілёўскай сельскай акрузе № 88 Анатоль Хішчанка. На яго думку, такая мера дапаможа забяспечыць экалагічную бяспеку найбліжэйшых раёнаў.

Таксама падчас прэс-канферэнцыі начальнік юрыдычнага аддзела «Омск Карбон Магілёў» Андрэй Буракоў заявіў аб арганізаванай кампаніі, накіраванай на дыскрэдытацыю завода і раскрыў падрабязнасці. Ён паведаміў, што 10 красавіка бягучага года ў «Омск Карбон Магілёў» на электронную пошту паступіў ліст наступнага зместу (пунктуацыя і арфаграфія захаваныя): «Добрый день. Я создатель инициативы (далее указан адрес группы в ВКонтакте). Вы наверное в курсе сложной ситуации в Могилеве. Так сложилось что я потерял смысл борьбы с предприятием, поэтому или я отдам группу(имя администратора группы), или могу продать ее вам. Не знаю имеет ли покупка этой группы смысл для вас, но учитывая что пост увидел каждый 10-ый житель Могилева и каждый 4-ый зарегистрированный вконтакте взрослый житель Могилева возможно это вас заинтересует».

Андрэй Буракоў адзначыў, што ніякіх перамоваў з аўтарам дасланага ліста прадпрыемства не вяло і адразу ж звярнулася ў праваахоўныя органы. «Аддзел унутраных спраў Магілёўскага райвыканкама ўстанавіў асобу адміністратара, пра што і гаворыцца ў адказе на нашу заяву за подпісам начальніка Магілёўскага РАУС. Нам таксамапаведамілі наступнае: калі мы звернемся ў суд з заявай, міліцыя прадаставіць звесткі пра аўтара ліста па запыце суда, – расказаў начальнік юраддзела. – Мы таксама лічым, што такая прапанова аб куплі групы з’яўлялася правакацыяй, спробай вымагальніцтва і шантажу. Мабыць, аўтар ліста разлічваў прадаць паблік, а затым шантажаваць нас, пагражаючы апублікаваць факт здзелкі, выдатна разумеючы, што завод панясе сур’ёзныя рэпутацыйнага страты».

На сённяшні дзень група, якую заводу «Омск Карбон Магілёў» прапаноўвалі купіць, з’яўляецца па сутнасці клонам яшчэ аднаго вядомага пабліка ў сацыяльнай сетцы УКантакце, расказаў Андрэй Буракоў. «У групах выходзяць абсалютна аднолькавыя пасты амаль у адзін і той жа час, што наводзіць на думкі аб тым, што дзвюма групамі кіруюць адны і тыя ж людзі», – падзяліўся ён. Пры гэтым паведаміў, што пакуль заяву ў суд па факце прапановы куплі групы ў сацыяльных сетках завод не накіроўваў.

Андрэй Буракоў падкрэсліў: прадпрыемства не хацела публікаваць гэтыя даныя да нядаўняга часу, але актыўнасць праціўнікаў завода, іх непрыстойныя метады і дзеянні вымусілі на меры ў адказ. «Прадпрыемства не можа пакінуць без увагі такія факты, паколькі сацсеткі сёння таксама фарміруюць грамадскую думку. Таму мы запрашалі на экскурсію па заводзе так званых экалагічных актывістаў, – распавёў ён. – Нам паабяцалі прыйсці, але толькі пасля таго, як дамо ўсю тэхнічную дакументацыю па прадпрыемстве. Мы пайшлі на беспрэцэдэнтны крок: пагадзіліся даць усю інфармацыю, але з умовай, што будзе падпісана пагадненне аб прыватнасці, невыдаванні інфармацыі, паколькі частка дакументацыі ўяўляе камерцыйную тайну. На гэта нам адказалі, што прыходзіць у такім выпадку не мае сэнсу».

Падводзячы вынік, Андрэй Буракоў адзначыў, што завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду гатовы да дыялогу з грамадскасцю. «Але мы гатовы да канструктыўнай гутаркі, а не да сварак, – канстатаваў спецыяліст. – Ніхто не мае права замяняць сабой кантралюючы орган. Людзі, якія не валодаюць інжынернымі, тэхнічнымі ведамі, спрабуюць замяніць сабой шэраг міністэрстваў, ведамстваў, кантралюючых органаў, што, на наш погляд, непрымальна. «Омск Карбон Магілёў» – гэта не проста завод, кавалак металу, яго душа – гэта калектыў, а ён вельмі вялікі. Людзі, якія працуюць тут, ведаюць, як будуецца прадпрыемства, якія тэхналагічныя рашэнні прымаюцца. Таму мы будзем рэагаваць на беспадстаўныя выпады. Безумоўна, практычна любое прамысловае прадпрыемства аказвае пэўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, але самае галоўнае, што такое ўздзеянне строга нармуецца і рэгламентуецца».

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая