RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Звон смутку» ў чарговы раз прагучаў на Магілёўшчыне

Штогадовая патрыятычная акцыя «Звон смутку», прысвечаная Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, прайшла на Буйніцкім полі сёння а чацвёртай гадзіне раніцы. Нягледзячы на ранні час і непагадзь, на мемарыяльным комплексе сабралася звыш 1,5 тыс. чалавек.

Прадстаўнікі выканаўчай улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, Беларускай Праваслаўнай Царквы, навучэнцы і студэнты, жыхары абласнога цэнтра і Магілёўскага раёна ўсклалі кветкі да капліцы, а таксама ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых воінаў, якія не вярнуліся з палёў бітваў, памерлі ад ран і хвароб, былі расстраляны ў лагерах і гестапа, салдат і камандзіраў, партызан і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, закатаваных у няволі вязняў фашысцкіх канцлагераў, старых, жанчын і дзяцей.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіема, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка адзначыў, што сённяшняя памятная дата – гэта дзень агульнанацыянальнага смутку, адлюстраванне гістарычнай праўды і рэалій.

«Роўна 81 год таму ў той жа самы час на досвітку, фашысцкая Германія пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Вайну небывалую па сваёй жорсткасці і маштабах. Гэта бясспрэчны факт, што тое, што адбылося 22 чэрвеня 1941 года, фактычна паклала пачатак рэалізацыі палітыкі генацыду ў дачыненні да беларускага народа і людзей усіх нацыянальнасцяў, якія пражывалі на тэрыторыі Рэспублікі, – пазначыў ён. – Мы ўспамінаем аб найвялікшай трагедыі і адначасова аб подзвігу, мужнасці і стойкасці нашага народа.

Захаваць факты аб трагедыі генацыду на нашай зямлі і трансляваць іх новым пакаленням і свету – галоўная мэта падпісанага кіраўніком дзяржавы ў Год гістарычнай памяці Указа № 117 аб карэкціроўцы назвы гэтай памятнай даты. Што з’яўляецца лагічным працягам дзяржаўнай палітыкі Беларусі па абароне і захаванні гістарычнай памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Мы гаворым сёння аб тым, што і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адлюстравана тэма гістарычнай праўды і памяці. У свядомасці кожнага беларуса, і юнага, і сталага, памяць аб генацыдзе павінна быць святой і на ўсё жыццё.

Суверэнная, моцная, квітнеючая і незалежная Беларусь будзе найлепшым увасабленнем памяці аб усіх ахвярах генацыду і нацызму ў цэлым. Вельмі важна, каб у сучасным свеце насенне нацызму не дало свой атрутны плён, які мы назіраем на прыкладзе Украіны і іншых краін, у тым ліку калектыўнага Захаду.

Беларусь заўсёды шанавала і свята шануе подзвіг герояў, перамогу савецкага народа, які зламаў хрыбет фашызму. І гэту трагедыю – генацыд беларускага народа – мы ніколі не забудзем. Мы будзем заўсёды даваць годны адпор любому, хто паспрабуе паквапіцца на нашу краіну. Вялікая Перамога была здабыта дзякуючы стойкасці і адзінству савецкіх людзей. Але яна дасталася цаной велізарных ахвяр. Гэта страшная вайна закранула кожную беларускую сям’ю. І сёння мы ўспамінаем усіх, хто цаной свайго жыцця выканаў абавязак па абароне радзімы, усіх загінулых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод. Ніхто не забыты і нішто не забыта.

Я ўдзячны ўсім, хто прыйшоў сюды, на гэта святое месца, дзякую нашай моладзі, якая стала ініцыятарам правядзення патрыятычнай акцыі «Звон смутку». Мы ўсе павінны памятаць пра тое, як важна берагчы мір і спакой у нашай краіне, як важна памятаць і быць годным подзвігу салдат Вялікай Перамогі. Мы ганарымся тым, што Беларусь адбылася як незалежная дзяржава, якая праводзіць міралюбную, шматвектарную знешнюю палітыку. Упэўнены, што маладое пакаленне захавае мір і дабрыню на беларускай зямлі».

Павітаў прысутных архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, ён акцэнтаваў увагу на тым, што на полі бітвы ў гады вайны змагаліся людзі розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў, узросту, але ўсіх аб’ядноўвала адно – любоў да свайго народу і Айчыны:

«Паўстала велізарная краіна на абарону сваіх межаў. Людзі выканалі адну з евангельскіх запаведзяў – «Няма больш той любові, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх». Воіны паміралі за свой народ і Радзіму. І памяць аб іх будзе жыць у вяках».

Ад імя маладога пакалення Магілёўшчыны сказаў сваё слова першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Аляксандр Саксонаў. Ён падкрэсліў асаблівую каштоўнасць мірнага неба над галавой і запэўніў, што моладзь ніколі не дазволіць перапісаць гісторыю і не дапусціць нацызму на роднай зямлі.

«Мы жывём з вамі ў незалежнай краіне, у якой створаны ўсе ўмовы для станаўлення і развіцця маладога пакалення. І я разумею, што ўсяго гэтага магло і не быць, калі б не подзвіг нашага народа. Сёння мы схіляем галовы і гаворым словы падзякі ўсім тым, хто аддаў сваё жыццё на карысць нашай будучыні.

Мы з гонарам захаваем і прымножым усё, што ў нас ёсць», – рэзюмаваў маладзёжны лідар.

Аналагічныя памятныя мерапрыемствы праходзяць сёння па ўсёй краіне.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая