RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гарантыі работнікам, якія працуюць у раёнах, што падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Аб аднаразовых выплатах

У сувязі са зваротам Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і Чарнобыльскай катастрофы да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па даручэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2014 г. № 38/137-3 Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь у межах кампетэнцыі па ўжыванні пункта 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 1998 г. № 1842 «Аб увядзенні кантрактнай формы найму на працу педагагічных, медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў, работнікаў культуры і мастацтва, уключаючы кіраўнікоў гэтых работнікаў, спецыялістаў і кіраўнікоў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, спецыялістаў сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, работнікаў і спецыялістаў сістэмы спажывецкай кааперацыі ў раёнах, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС» (далей – пастанова) тлумачыць наступнае.

Пунктам 2 пастановы ўстаноўлена аднаразовая выплата работнікам, названым у пунктах 1 і 1-21 пастановы, у тым ліку маладым спецыялістам, якія заключылі кантракт пасля 31 снежня 2012 г. тэрмінам на 5 гадоў на працу ў арганізацыях, размешчаных у зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення, у наступных памерах:

пры заключэнні першага кантракта тэрмінам на 5 гадоў – 200 базавых велічынь;

пры заключэнні другога кантракту тэрмінам на 5 гадоў пасля 5 гадоў працы на ўмовах першага пяцігадовага кантракта – 300 базавых велічынь.


 

У пунктах 1 і 1-2 пастановы вызначаны наступныя катэгорыі работнікаў:

медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, работнікі культуры і мастацтва (уключаючы кіраўнікоў) устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад іх ведамаснай падпарадкаванасці, размешчаных у раёнах, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС;

педагагічныя работнікі (уключаючы кіраўнікоў) і іншыя спецыялісты ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, спецыялісты сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, работнікі і спецыялісты сістэмы спажывецкай кааперацыі, якія працуюць у зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення;

спецыялісты і кіраўнікі спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, размешчаных у раёнах, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

 

З прыведзенай нормы вынікае, што пры прыёме на працу ў арганізацыі, размешчаныя ў зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення, работнікаў, пералічаных у пунктах 1 і 1-2 пастановы, на ўмовах заключанага кантракта тэрмінам на 5 гадоў альбо пры заключэнні з імі новага кантракта тэрмінам на 5 гадоў пасля 31 снежня 2012 г. робіцца аднаразовая выплата ў памеры 200 базавых велічынь.

Прадугледжаная пунктам 2 пастановы аднаразовая выплата таксама ажыццяўляецца маладым спецыялістам, якія працуюць у арганізацыях, размешчаных у зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення, і якія заключылі кантракт тэрмінам на 5 гадоў у 2011 – 2012 гадах (частка трэцяя пункта 2 пастановы). Дадзеная выплата павінна была быць праведзена наймальнікам не пазней за 31 студзеня 2013 г.

У адпаведнасці з пунктам 2 пастановы аднаразовая выплата ў памеры 300 базавых велічынь робіцца названым у пунктах 1 і 1-2 пастановы работнікам, у тым ліку маладым спецыялістам, пры выкананні наступных умоў:

кантракт заключаецца пасля 31 снежня 2012 г. на працу ў арганізацыях, размешчаных у зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення;

кантракт, які заключаецца, з’яўляецца другім;

тэрмін заключанага кантракта складае 5 гадоў;

заключэнню другога кантракта папярэднічала заключэнне першага кантракта тэрмінам на 5 гадоў пасля 31 снежня 2012 г., па якім работнік адпрацаваў поўны пяцігадовы тэрмін (за выключэннем маладых спецыялістаў, указаных у частцы трэцяй пункта 2 пастановы).

Прадугледжаныя пунктам 2 пастановы аднаразовыя выплаты робяцца работніку пры заключэнні першага, а таксама другога кантракта аднаразова і не могуць перавышаць у суме 500 базавых велічынь.

Выплата, прадугледжаная пунктам 2 пастановы, робіцца работнікам, якія заключылі кантракт незалежна ад таго, прыбылі яны на працу з іншай мясцовасці або пастаянна пражываюць на дадзенай тэрыторыі.

Пры пераводзе работніка на іншую працу, пасаду (артыкул 30 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) з заключэннем кантракта тэрмінам на 5 гадоў да заканчэння пяцігадовага тэрміну кантракта па ранейшай прафесіі (пасады) аднаразовая выплата ў памеры 300 базавых велічынь не робіцца. Гэта абумоўлена тым, што норма пункта 2 пастановы ўстанаўлівае ўмову ажыццяўлення аднаразовай выплаты ў памеры 300 базавых велічынь пры заключэнні другога кантракта тэрмінам на 5 гадоў пасля 5 гадоў працы на ўмовах першага пяцігадовага кантракта.

Вяртанне аднаразовай выплаты пры датэрміновым скасаванні кантракта робіцца работнікам у адпаведнасці з часткай чацвёртай пункта 2 пастановы па пэўных падставах, прадугледжаных Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь (пры звальненні работніка ў парадку пераводу да іншага наймальніка, у тым ліку на дзяржаўную службу, пры прызначэнні на выбарную пасаду і ў іншых выпадках датэрміновага скасавання кантракта). Указаная норма носіць імператыўны характар і не дапускае выключэнняў.

У частцы вызначэння катэгорый работнікаў, якім устанаўліваюцца выплаты, прадугледжаныя пунктам 2 пастановы, інфармуем аб наступным.

Тэрмін «работнік» уключае ў сябе рабочых і служачых. Пры гэтым служачыя – гэта кіраўнікі, спецыялісты і іншыя служачыя. Для аднясення пасад (прафесій) работнікаў да катэгорыі кіраўнікоў, спецыялістаў, іншых служачых і рабочых, неабходна кіравацца агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь 006-2009 «Прафесіі рабочых і пасады служачых», зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 22 кастрычніка 2009 г. № 125 (далей – пастанова № 125).

Па пытанні аднясення работнікаў да медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў, педагагічных работнікаў.

Азначэнні тэрмінаў «медыцынскі работнік» і «фармацэўтычны работнік» змяшчаюцца ў артыкуле 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя».

Пералік назваў пасад кіраўнікоў і спецыялістаў, якія адносяцца да медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў, зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 8 чэрвеня 2009 г. № 61 «Аб зацвярджэнні наменклатуры пасад служачых з вышэйшай і сярэдняй медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй».

Артыкулы 50 і 51 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі змяшчаюць крытэрыі і ўмовы аднясення работнікаў да педагагічных работнікаў, а таксама патрабаванні, што прад’яўляюцца да іх.

Акрамя таго, згодна з абзацам трэцім пункта 1 пастановы, аднаразовыя выплаты ў памеры 200 базавых велічынь ўстанаўліваюцца іншым спецыялістам устаноў адукацыі і аховы здароўя пры выкананні ўмоў, выкладзеных у пункце 2 пастановы (напрыклад, бухгалтару, эканамісту, адвакату і інш.).

Па пытанні аднясення работнікаў арганізацый да спецыялістаў сельскай гаспадаркі.

Па інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання (ліст ад 24 снежня 2013 г. № 05-1/8904) пад сельскай гаспадаркай разумеюцца віды эканамічнай дзейнасці ў адпаведнасці з агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь «Віды эканамічнай дзейнасці», зацверджаным пастановай Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2006 г. № 65, якія адносяцца да раздзела «Сельская гаспадарка, паляванне і прадастаўленне паслуг у гэтых галінах», за выключэннем групы «Паляванне і развядзенне дзічыны, уключаючы прадастаўленне паслуг у гэтых галінах».

Такім чынам, работнікі арганізацый, якія ажыццяўляюць названыя віды дзейнасці, з’яўляюцца работнікамі сельскай гаспадаркі.

Для вызначэння работнікаў, якія адносяцца да катэгорыі «спецыялісты», варта кіравацца пастановай № 125.

Па пытанні аднясення работнікаў арганізацый да спецыялістаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Паводле інфармацыі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (ліст ад 11 снежня 2013 г. № 06-7/263) да спецыялістаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія працуюць у зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення, адносяцца інжынеры і тэхнікі ўсіх найменняў, эканамісты, бухгалтары, юрысконсульты, спецыялісты кадравых службаў, дыспетчары, спецыялісты па камунальных разліках, адміністратары.

Па пытанні аднясення арганізацый фізічнай культуры і спорту да спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў.

Пералік арганізацый фізічнай культуры і спорту, якія адносяцца да спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, вызначаны ў артыкуле 16 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце».

Лічым таксама неабходным паведаміць, што на работнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалогіі, культуры, па справах моладзі і іншых, якія з’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі выканаўчых камітэтаў, нормы пастановы, у тым ліку пункта 2 пастановы, не распаўсюджваюцца.

Дадаткова тлумачым, што пры заключэнні новага кантракту (у т. л. тэрмінам на 5 гадоў) наймальнікі павінны кіравацца нормамі Указа Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 г. № 180 «Аб парадку прымянення Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29» (далей – Указ).

Так, нормай права, замацаванай у частцы другой пункта 11 Указа, прадугледжана заключэнне новага кантракта з работнікам толькі ў двух выпадках:

1) па заканчэнні максімальнага тэрміну дзеяння кантракта;

2) пры пераводзе работніка з яго згоды на іншую працу.

У пункце 12 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 4 «Аб практыцы разгляду судамі працоўных спрэчак, звязаных з кантрактнай формай найму работнікаў» таксама растлумачана, што працягванне кантракта ў межах максімальнага тэрміну яго дзеяння (пункт 2 артыкула 17 Працоўнага кодэкса, г. зн. у межах пяцігадовага тэрміну дзеяння кантракта) ажыццяўляецца па пагадненні бакоў на тэрмін не менш за адзін год. На меншы тэрмін кантракт працягваецца з пісьмовай згоды работніка, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Па заканчэнні максімальнага тэрміну дзеяння кантракта, а таксама ў выпадку пераводу работніка з яго згоды на іншую працу па дамоўленасці бакоў заключаецца новы кантракт на тэрмін не менш за адзін год.

Акрамя таго, лічым магчымым звярнуць увагу на тое, што згодна з пунктам 10 Пераліку дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, адказных за разгляд зваротаў па сутнасці ў асобных сферах жыццядзейнасці насельніцтва, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб», органам, адказным за абгрунтаванасць прадастаўлення грамадзянам, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, сацыяльных ільгот, правоў і гарантый, прадугледжаных заканадаўствам, з’яўляецца Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Згодна часткі чацвёртай пункта 4 пастановы, фінансаванне выдаткаў на аднаразовую выплату ажыццяўляецца за кошт сродкаў, што выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Пытанне механізму фінансавання выплат, прадугледжаных пастановай, адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь.

Афіцыйны сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь