RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аб зацвярджэнні Палажэння аб сацыяльным абслугоўванні ў замяшчальнай сям’і

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2017 г. № 864 зацверджана Палажэнне аб сацыяльным абслугоўванні ў замяшчальнай сям’і (далей – Пастанова).

Гэтая Пастанова прынята ў развіццё Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 чэрвеня 2017 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні» (далей – Закон), які ўступае ў сілу 25 снежня 2017 г.

Артыкулам 1 (пункт 24) Закона ўведзена новая форма сацыяльнага абслугоўвання – сацыяльнае абслугоўванне ў замяшчальнай сям’і. Дадзеная форма прадугледжвае аказанне сацыяльных паслуг паўналетняму непрацаздольнаму грамадзяніну ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі гэтага грамадзяніна і фізічнай асобы, якая аказвае сацыяльныя паслугі і не з’яўляецца асобай, абавязанай па законе даглядаць гэтага грамадзяніна.

Палажэннем аб сацыяльным абслугоўванні ў замяшчальнай сям’і вызначаюцца:

катэгорыі грамадзян, якія маюць права на аказанне сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям’і, і грамадзян, якія могуць аказваць такія паслугі;

парадак заключэння дагавора аб аказанні сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям’і і форма дагавора;

пералік сацыяльных паслуг, што аказваюцца ў замяшчальнай сям’і;

парадак фарміравання і расходавання бюджэту замяшчальнай сям’і.

Права на аказанне сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям’і прадастаўляецца адзінокім, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь непрацоўным інвалідам I або II групы і адзінокім непрацоўным грамадзянам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту.

Фізічнай асобай, якая аказвае сацыяльныя паслугі ў замяшчальнай сям’і, можа быць дзеяздольны грамадзянін ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, які не з’яўляецца інвалідам I або II групы, і асобай, абавязанай па законе даглядаць непрацаздольнага грамадзяніна (далей – Памочнік).

Аказанне сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям’і ажыццяўляецца на падставе трохбаковага дагавора, бакамі якога з’яўляюцца мясцовы выканаўчы і распарадчы орган у асобе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (далей – цэнтр), паўналетні непрацаздольны грамадзянін і Памочнік.

Разгляд пытання аб мэтазгоднасці заключэння дагавора аказання сацыяльных паслуг у форме замяшчальнай сям’і ўскладаецца на сфарміраваную мясцовым выканаўчым і распарадчым органам камісію.

Для заключэння дагавора аказання сацыяльных паслуг Памочнік, а таксама паўналетні непрацаздольны грамадзянін звяртаюцца ў тэрытарыяльны цэнтр па месцы рэгістрацыі (месцы жыхарства).

Пры заключэнні дагавора аказання сацыяльных паслуг з некалькімі непрацаздольнымі паўналетнімі грамадзянамі (у тым ліку сямейнай парай) дагавор заключаецца з кожным грамадзянінам асобна.

Варта адзначыць, што заключэнне дагавора аказання сацыяльных паслуг Памочнікам з трыма і больш непрацаздольнымі паўналетнімі грамадзянамі адначасова не дапускаецца.

Для фінансавага забеспячэння патрэб замяшчальнай сям’і прапануецца фарміраваць бюджэт замяшчальнай сям’і. Парадак яго фарміравання і выкарыстання адлюстроўваецца ў адпаведным пагадненні да дагавора. Пры гэтым устанаўліваецца, што сума грашовых сродкаў, якія перадаюцца паўналетнім непрацаздольным грамадзянінам у бюджэт замяшчальнай сям’і, не можа перавышаць 75 працэнтаў яго пенсіі, з улікам надбавак, даплат і павышэнняў.

У выпадку аказання сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям’і інваліду I групы з рэзка выяўленым парушэннем здольнасці да самаабслугоўвання Пастановай прадугледжана выплата Памочніку штомесячнага грашовага ўзнагароджання. Пры гэтым памер такога ўзнагароджання складае 100 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, за два апошнія кварталы, а пры адначасовым аказанні сацыяльных паслуг двум непрацаздольным грамадзянам – у памеры 150 працэнтаў.

Асновай пераліку сацыяльных паслуг, якія аказваюцца ў замяшчальнай сям’і, з’яўляюцца сацыяльныя паслугі, якія ўваходзяць у пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання з нормамі і нарматывамі забяспечанасці грамадзян гэтымі паслугамі, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2012 № 1218, якія прадастаўляюцца тэрытарыяльнымі цэнтрамі ў формах стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнага абслугоўвання на даму.

Сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь