RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Спецыялісты і ўдзельнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Кіраўскага раённага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі «Сульскі замак»

19-20 мая 2018 года спецыялісты і ўдзельнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў установы «Кіраўскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» прынялі ўдзел у I міжнародным фестывалі сярэднявечнай культуры «Сульскі замак», а таксама наведалі Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула».

Вакол Сульскага замка разгарнулі актыўную дзейнасць гандляры, вулічныя музыканты, рамеснікі, майстры сярэднявечнага горада, а таксама спецыялісты цэнтра.

Каля маляўнічай ракі Сула разбілі свае лагеры рэканструктары розных эпох. Былі прадэманстраваны гістарычныя бітвы, тэатральныя пастаноўкі, фаер-шоу, дзякуючы якім ажылі старажытныя традыцыі, народныя рамёствы, музыка і танцы.

Госці фестывалю ўдзельнічалі ў майстар-класах па сярэднявечных танцах, падрыхтоўцы ежы, баявых мастацтвах, расколе каменя, кіданні нажоў, а таксама наведалі лучныя і арбалетныя ціры, фехтавальны дворык.

Інструктары па працоўнай тэрапіі цэнтра Вольга Бутарава і Вераніка Пятруша правялі майстар-клас «Абярэжная лялька», спецыялісты цэнтра Валянціна Русецкая і Анастасія Акуліч арыгінальна прадставілі працы людзей з інваліднасцю, якія наведваюць аддзяленне, расказалі аб сваёй малой радзіме – горадзе Кіраўску і яго жыхарах, – а таксама гулялі ў славянскія гульні з гасцямі фестывалю.

Кіраўчане сталі ўдзельнікамі годнага працягу руху па адраджэнні гісторыі Беларусі і ўнеслі ў яго свой уклад.