RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці

Парадак арганізацыі і фінансавання мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці, зарэгістраваных у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных, вызначаны Палажэннем аб парадку арганізацыі і фінансавання мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.02.2009 № 128.

Работа з беспрацоўнымі інвалідамі будуецца на індывідуальным падыходзе да кожнага з іх. Для забеспячэння занятасці інваліда, які мае патрэбу ў працаўладкаванні, улічваюцца, перш за ўсё, псіхафізічныя асаблівасці беспрацоўнага, медыцынскія паказанні да працы, адукацыйны ўзровень, наяўнасць прафесійных навыкаў і асабістыя пажаданні.

Адаптацыя інвалідаў – гэта комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на:

– набыццё і ўдасканаленне інвалідамі прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў з улікам атрыманай або наяўнай у іх спецыяльнасці (прафесіі);

– набыццё, аднаўленне і развіццё наяўных у інвалідаў працоўных здольнасцяў і замацаванне іх у працэсе ажыццяўлення працоўнай дзейнасці;

– павышэнне канкурэнтаздольнасці інвалідаў на рынку працы;

*працаўладкаванне інвалідаў у адпаведнасці з атрыманай або наяўнай спецыяльнасцю (прафесіяй).

Адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці можа ажыццяўляцца ў арганізацыях любых арганізацыйна-прававых формаў і індывідуальных прадпрымальнікаў на тэрмін ад шасці месяцаў да аднаго года.

Для атрымання накіравання на праходжанне адаптацыі да працоўнай дзейнасці інвалід звяртаецца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы рэгістрацыі яго ў якасці беспрацоўнага.

З інвалідам, накіраваным органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на адаптацыю да працоўнай дзейнасці, наймальнік заключае тэрміновы працоўны дагавор на тэрмін, вызначаны дагаворам аб арганізацыі адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці.

Па рашэнні наймальніка інвалід пасля заканчэння праходжання адаптацыі да працоўнай дзейнасці можа быць прыняты на пастаянную працу.