RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Італьянцы дапамогуць пабудаваць корпус для інвалідаў у Каменскім доме-інтэрнаце

У Каменскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце (Бабруйскі раён, в. Слабодка) з прыцягненнем гуманітарнай дапамогі італьянскага дабрачыннага фонду «Форум па правах дзяцей Чарнобыля» плануецца пабудаваць жылы корпус для самастойнага пражывання інвалідаў. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Тарасенка.

Папярэдняя дамоўленасць дасягнута ў Магілёве на сустрэчы з прэзідэнтам камітэта фонду ў горадзе Дэзіа Рэната Малберці і прадстаўнікамі фонду ў Бергама Сігезі Эрмэтэ і Тамасоні Мануэлем. «Мы абмеркавалі перспектывы нашага супрацоўніцтва з Каменскім псіханеўралагічным домам-інтэрнатам і магчымасць будаўніцтва на яго базе жылога корпуса на 10 чалавек для вольнага пражывання інвалідаў. Гэта будзе яшчэ адзін важны крок па сацыялізацыі жыхароў дома-інтэрната», – сказала Святлана Тарасенка.

Пры стварэнні корпуса будзе ўлічвацца вопыт Вясноўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (Глускі раён). Тут у якасці эксперыменту пры фінансавай падтрымцы Міжнароднага дабрачыннага фонду «Праект дапамогі дзецям Чарнобыля» былі створаны аддзяленні для вольнага пражывання юнакоў і дзяўчат з абмежаванымі магчымасцямі. «Яны паказалі высокую эфектыўнасць у плане адаптацыі дзяцей-інвалідаў да рэальнага жыцця, выхаванцы сацустановы дастаткова хутка змаглі навучыцца самастойна сябе абслугоўваць, а некаторым гэта дапамагло затым і забяспечыць занятасць», – адзначыла суразмоўца.

Па яе словах, да рэалізацыі новага праекта плануецца прыступіць ужо ў наступным годзе пры ўмове падтрымкі італьянскіх партнёраў, якія ўжо ў гэтым годзе плануюць пачаць збор сродкаў на гэтыя мэты. «Мы ўпэўнены ў іх сур’ёзных намерах, паколькі за дзесяць гадоў супрацоўніцтва за кошт сродкаў Фонду на тэрыторыі Каменскага дома-інтэрната пабудаваны стадыён, набыта абсталяванне для свячной майстэрні, кухні, устаноўлены душавыя кабіны ў жылыя карпусы дома-інтэрната. Пабудаваны таксамадзве цяпліцы для арганізацыі працатэрапіі, абсталявана сістэма відэаназірання для арганізацыі бяспекі, набыты аргтэхніка і камп’ютары, званы для мясцовай капліцы і інш.», – распавяла Святлана Тарасенка.

БЕЛТА