RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як не стаць ахвярай махляра

Імклівае развіццё лічбавых тэхналогій, рэзкае павелічэнне прадстаўляемых насельніцтву колькасці электронных паслуг, а таксама адсутнасць у некаторых грамадзян базавых навыкаў абароны асабістай інфармацыі ў інтэрнэце прыводзяць да ўстойлівага росту колькасці кіберзлачынстваў.

11 жніўня ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, грамадзян пажылога ўзросту і ўстановы суправаджальнага пражывання «Асіповіцкі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» прайшоў дзень інфармавання для людзей з інваліднасцю і грамадзян сталага ўзросту, дзе прадстаўнік Асіповіцкага РАУС маёр міліцыі Гоман Эла Аляксандраўна правяла прафілактычную гутарку з наведвальнікамі цэнтра аб сучасных метадах і спосабах падману, якія выкарыстоўваюцца кіберзлачынцамі.

У ходзе гутаркі былі агучаны найпрасцейшыя правілы бяспекі па абароне сваёй банкаўскай карткі, правілы бяспечных паводзін у сацыяльных сетках і месенджарах. У ходзе гутаркі было прыведзена мноства прыкладаў супрацьзаконных дзеянняў, такіх, як інтэрнэт-махлярства, крадзеж грашовых сродкаў з банкаўскіх карт, крадзеж персанальных даных, несанкцыянаваны доступ да інфармацыйных рэсурсаў і сістэм, распаўсюджванне загадзя недакладнай інфармацыі.

Па-ранейшаму застаюцца выпадкі, калі ашуканцы пранікаюць у дамы пад выглядам паштальёна, сантэхніка, знаёмага суседзяў ці сваякоў. Таму варта быць асцярожнымі, калі незнаёмыя людзі тэлефануюць у дзверы, не спяшацца іх адчыняць, выкарыстоўваць дзвярное вочка, патрабаваць прад’явіць дакументы і тэлефанаваць у арганізацыю для ўдакладнення звестак аб прадстаўніку, які да іх прыйшоў.

Эла Аляксандраўна агучыла базавыя веды і дзеянні, якія могуць засцерагчы не толькі людзей з інваліднасцю і грамадзян сталага ўзросту, але і іх блізкіх.