RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аб парадку індэксацыі даходаў насельніцтва за ліпень 2021 г.

Лістом Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 10 жніўня 2021 г. № 8-17/99П/16 «Аб парадку індэксацыі мінімальнай заработнай платы і грашовых даходаў насельніцтва за ліпень 2021 г.» паведамляецца наступнае.

Парадак індэксацыі даходаў у сувязі з інфляцыяй, выкліканай ростам коштаў на спажывецкія тавары і паслугі, рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1990 г. «Аб індэксацыі даходаў насельніцтва з улікам інфляцыі».

Індэксацыя грашовых даходаў, якія выплачваюцца з бюджэтных крыніц

Згодна з часткай першай артыкула 2 Закона індэксацыя праводзіцца, калі індэкс спажывецкіх цэн, вылічаны нарастальным падрахункам з моманту папярэдняй індэксацыі, перавысіць пяціпрацэнтны парог.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь індэкс спажывецкіх цэн за ліпень 2021 г. да чэрвеня 2021 г. склаў 100,1 працэнта.

Індэкс спажывецкіх цэн за ліпень 2021 г. не перавысіў пяціпрацэнтнага парога:

да студзеня 2021 г. – месяца перагляду базавай велічыні і базавай стаўкі,

да мая 2021 г. – месяца перагляду бюджэту пражытачнага мінімуму.

Такім чынам, грашовыя даходы, устаноўленыя ад базавай велічыні і базавай стаўкі, а таксама бюджэту пражытачнага мінімуму, за ліпень 2021 г. індэксацыі не падлягаюць.

Індэксацыя грашовых даходаў, якія выплачваюцца з іншых крыніц

Работнікам, якія атрымліваюць даход у арганізацыях з іншых крыніц, пакрыццё страт ад інфляцыі ажыццяўляецца згодна з часткай другой артыкула 1 Закона па падставах, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі (пагадненнямі).

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспубліка Беларусь ад 28 студзеня 2006 г. № 55 нарматыў індэксацыі грашовых даходаў за ліпень 2021 г. складае 283 рублі 46 капеек.

Памер мінімальнай заработнай платы

Паколькі індэкс спажывецкіх цэн за ліпень 2021 г. не перавысіў пяціпрацэнтнага парога да студзеня 2021 г., мінімальная заработная плата, устаноўленая з 1 студзеня 2021 г., індэксацыі за ліпень 2021 г. не падлягае.

Памер мінімальнай заработнай платы складае 400 рублёў.