RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прызначэнне працоўных пенсій па ўзросце ў 2022 годзе

З 1 студзеня 2022 года агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост павялічваецца на 6 месяцаў і складзе для мужчын 63 гады, жанчын – 58 гадоў.

Адпаведна на 6 месяцаў павялічваецца ўзрост для прызначэння датэрміновых пенсій па ўзросце (за працу з асаблівымі ўмовамі працы, у адпаведнасці з Законамі Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый», «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь») і за выслугу гадоў.

Звяртаем увагу, што ўзрост выхаду на пенсію вызначаецца на дату звароту па прызначэнне пенсіі. Калі грамадзяне, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ў 2021 годзе (жанчыны – 57 гадоў 6 месяцаў, мужчыны – 62 гады 6 месяцаў), не звярнуліся ва ўстаноўленым парадку ў органы працы, занятасці і сацыяльнай абароны па прызначэнне пенсіі ў 2021 годзе, то ў 2022 годзе пенсія ім можа быць прызначана па дасягненні ўзросту адпаведна 58 гадоў і 63 гады.

Пры гэтым пенсіі па ўзросце прызначаюцца не раней за дату звароту па пенсію ў орган па працы, занятасці сацыяльнай абароне.

Для прызначэння ў 2022 годзе працоўнай пенсіі па ўзросце, у тым ліку пры няпоўным стажы працы, датэрміновай пенсіі, а таксама пенсіі за выслугу гадоў, патрабуецца не менш за 18 гадоў 6 месяцаў стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (далей – бюджэт фонду) згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні (далей – страхавы стаж).

Страхавы стаж меншай працягласці патрабуецца для прызначэння пенсіі па ўзросце асобным катэгорыям грамадзян:

бацькам дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства); шматдзетным маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей; інвалідам з дзяцінства; інвалідам вайны; маці вайскоўцаў, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы; ліліпутам і карлікам – не менш за 5 гадоў;

грамадзянам, якія маюць працяглы стаж працы (не менш за 40 гадоў у мужчын і не менш за 35 гадоў у жанчын); грамадзянам, у якіх маецца не менш за 10 каляндарных гадоў ваеннай службы (службы ў ваенізаваных арганізацыях) пры наяўнасці агульнага стажу працы не менш за 25 гадоў у мужчын і не менш за 20 гадоў у жанчын і адсутнасці права на пенсію ў адпаведнасці з заканадаўствам аб пенсійным забеспячэнні ваеннаслужачых; жанчынам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту (пры наяўнасці не менш за 20 гадоў агульнага стажу працы) - не менш за 10 гадоў;

грамадзянам, якія да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту з’яўляліся інвалідамі I і (або) II групы больш за 10 гадоў – зніжаецца на 6 месяцаў за кожны поўны год знаходжання на інваліднасці, пры знаходжанні на інваліднасці больш за 21 год5 гадоў.

Даведка: згодна з часткай першай артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні», у стаж працы залічваюцца перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў ажыццяўлялася выплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.

Іншыя перыяды, прадугледжаныя часткай другой артыкула 51 названага Закона, у тым ліку ваеннай службы, атрымання прафесійна-тэхнічнага, сярэдняга спецыяльнага, вышэйшай адукацыі ў дзённай форме, догляду дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, інвалідаў 1 групы і асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, атрымання дапамогі па беспрацоўі і інш., у страхавы стаж для вызначэння права на працоўную пенсію не залічваюцца. Дадзеныя перыяды пры наяўнасці права на працоўную пенсію ўключаюцца ў стаж працы для вылічэння памеру працоўнай пенсіі.

Асобам, якія рэалізуюць права на пенсію ў 2022 годзе, заробак для вылічэння пенсіі вызначаецца за апошнія 28 гадоў запар стажу працы, але не больш чым за фактычна існуючы стаж.

Даведачна: звесткі аб заработнай плаце да 1 студзеня 2003 года пацвярджаюцца даведкай аб памеры заробку, якая выдаецца працадаўцам (яго правапераемнікам), архівам на падставе змешчаных на захоўванні дакументаў бухгалтарскага ўліку. За перыяды працы пасля 1 студзеня 2003 года памер заробку пацвярджаецца выпіскай з індывідуальнага асабовага рахунку застрахаванай асобы, якая выдаецца раённымі аддзеламі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь па запытах органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Асобам, якія дасягнулі ўзросту мужчыны – 65 гадоў, жанчыны – 60 гадоў і якія маюць страхавы стаж, не меншы за 10 гадоў, прадастаўляецца права на працоўную пенсію па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы.

Грамадзянам, якія не маюць права на працоўную пенсію па ўзросце, можа быць прызначана сацыяльная пенсія па дасягненні ўзросту мужчынамі – 65 гадоў, жанчынамі – 60 гадоў.