Архіў навін

На Буйніцкім полі сёння адбыўся абласны этап акцыі «На славу агульнай перамогі!». Тут сабраліся прадстаўнікі выканаўчай улады, грамадскіх арганізацый, дэпутаты, вайскоўцы, духавенства, моладзь з усіх раёнаў, Магілёва і Бабруйска.
Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскай вобласці Андрэй Заблоцкі, у найбліжэйшую суботу ва ўстановах адукацыі будзе звычайны навучальны дзень. «У гэты дзень рэкамендавана арганізаваць навучальны працэс у выглядзе стымулюючых заняткаў па асноўных вучэбных прадметах (матэматыка, мовы, хімія, фізіка і г. д.), – адзначыў Андрэй Заблоцкі. – Таксама, улічваючы, што 25 красавіка абвешчаны рэспубліканскі суботнік, будзе наводзіцца парадак у саміх навучальных установах і на прылеглых тэрыторыях».
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі 25 красавіка дае старт дабрачыннаму праекту «Беларусь памятае. Ніхто не забыты, нішто не забыта» па добраўпарадкаванні помнікаў і абеліскаў, як паведаміла сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Ганчарова.
Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі 23 красавіка з 10.00 да 12.00 правядзе электронны кірмаш вакансій. Згодна з інфармацыяй на сайце камітэта, электронны кірмаш вакансій будзе даступны на сайце e-vacancy.by. Такая паслуга прапануецца ўсім жыхарам краіны і значна скарачае перыяд пошуку працы. У мерапрыемстве прымуць удзел прадпрыемствы Магілёўскай вобласці.
У мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці ажыццяўляе кантроль за правядзеннем вясновай пасяўной кампаніі ў сельгасарганізацыях рэгіёна. Яго вынікі паказалі, што ў цэлым палявыя работы праводзяцца арганізавана і своечасова. На 21 красавіка ў рэгіёне было пасеяна 48% яравых культур.