Архіў навін

Білеты на паязды Беларускай чыгункі з нумараванымі месцамі з 15 па 29 красавіка будуць афармляцца з выкарыстаннем новай схемы рассаджвання ў вагонах, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ. «Рассаджванне па новай схеме - часовая мера. Яна дасць магчымасць пасажырам захоўваць неабходную сацыяльную дыстанцыю ў купэйных, плацкартных вагонах і ў вагонах з месцамі для сядзення, рэкамендаваную Міністэрствам аховы здароўя ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй», - растлумачылі ў прэс-цэнтры.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка падпісаў указ нумар 127 «Аб пакрыцці расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Дакумент прыняты ў мэтах стымулявання насельніцтва да выкарыстання электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы. Гэта датычыцца аднакватэрных жылых дамоў.
У Беларусі на 15 красавіка праведзена 76198 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя. Для тэсціравання задзейнічаны 24 лабараторыі. Яны адкрыты як у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах і цэнтрах гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, так і ў прыватных медыцынскіх цэнтрах. Зарэгістраваны 3728 чалавек з наяўнасцю каранавіруснай інфекцыі. У прэс-службе ўдакладнілі, што 68 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Тэлеканал «Беларусь 4 “Магілёў”» 16 красавіка наладзіць дамашні канцэрт. У чацвер у праграме «IV студыя» прымуць удзел музыканты з розных гарадоў Беларусі, але знаходзячыся не ў тэлестудыі, а ў сябе дома. Прамы эфір – на «Беларусь 4 “Магілёў”» і ў групе УКантакце–у 19.05. P.S. Калі вы музыкант і ў вас ёсць жаданне прыняць удзел у «Дамашнім канцэрце», які адбудзецца 23 красавіка, звяжыцеся з ТРК.
18 красавіка стартуе чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе. Турнір пройдзе ў кругі. Плануецца згуляць 22 матчы. Апошняя гульня запланавана на 3 кастрычніка. Паколькі ў групе «Б», дзе выступае «Днепр-Магілёў», няцотная колькасць каманд – 11, то кожны тур нейкая каманда будзе прапускаць. «Днепр» прапусціць першы тур і правядзе сваю першую сустрэчу дома ў другім туры 25 красавіка з камандай «Асіповічы».
Першы ў Магілёве электрычны дом здадуць у маі. Эксперыментальны трохпавярховік на 24 кватэры будуюць на вуліцы Вароўскага, як паведамілі ў аддзеле будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама. Зараз работнікі ААТ «Будтрэст № 12»уцяпляюць фасад і завяршаюць цагляны мур трэцяга паверха. Затым зоймуцца добраўпарадкаваннем. Дом будзе арэндным. Галоўная «фішка» новабудоўлі ў тым, што для ацяплення, падагрэву вады і прыгатавання ежы жыхары будуць выкарыстоўваць электраэнергію. У перспектыве з’явяцца і іншыя, праўда, гэта будуць ужо высоткі.
Моладзь Круглянскага раёна зрабіла шматразовыя медыцынскія маскі для работнікаў мясцовай бальніцы. Сёння валанцёры ГА «БРСМ» перададуць іх у медыцынскую ўстанову. «Такім чынам навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Круглае» вырашылі паказаць, як правесці канікулы з карысцю для сябе і грамадства. Валанцёры спадзяюцца, што акцыю #Разам супраць віруса падтрымаюць усе неабыякавыя людзі», – адзначыў першы сакратар Круглянскага ГА «БРСМ» Ільдар Сцяпанаў.
Абласное ўпраўленне МНС і найбуйнейшая малочная кампанія Беларусі ААТ «Бабушкина крынка»з сённяшняга дня запускаюць конкурс«Страва бяспекі». Пра гэта паведаміла старшы інспектар ведамства Вольга Нехарошых. Прыняць удзел у творчым спаборніцтве можа любы жыхар рэгіёна. Для гэтага неабходна прыгатаваць страву на тэму бяспекі, зняць відэа ці зрабіць сэлфі, прымацаваць рэцэпт і даслаць да 24 красавіка на электронны адрас 275723@mail.ru.
Першую партыю касцюмаў біялагічнай абароны для сістэмы аховы здароўя Магілёўскай вобласці сёння выпусціла ААТ «Славянка». Пра гэта паведаміў дырэктар Бабруйскага тэкстыльнага прадпрыемства Тэймураз Бачарышвілі.
У пятніцу, 17 красавіка, прамую тэлефонную лінію правядзе намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Леанідавіч Марыненка. З 10.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 22-17-22 ён адкажа на актуальныя пытанні развіцця і падтрымкі прадпрымальніцтва.