Рус Бел Eng 中文

Свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»)

Свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») пройдзе ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 6-7 ліпеня.

Усе мерапрыемствы «Купалля» традыцыйна адбудуцца на беразе ракі Днепр, рэчышча якой служыла калыскай культуры многіх славянскіх народаў, а водная артэрыя некалі была неад’емнай часткай вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Спрадвеку Днепр злучаў беларусаў, расіян і ўкраінцаў. Ён і сёння застаецца найважнейшай камунікацыйнай воссю. Гэта спрыяе ўзаемавыгаднаму гандлёва-эканамічнаму і сацыяльна-культурнаму супрацоўніцтву прыдняпроўскіх рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны, пашырэнню міжрэгіянальных інтэграцыйных сувязяў.

У гэтым годзе «Купалле» пройдзе ў дзясяты раз. Тэма трохгоддзя малой радзімы стане галоўнай на свяце. Геаграфія фестывалю пастаянна пашыраецца. У сёлетнім ліпені Александрыя сустрэне гасцей з Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы і інш. Дэлегацыі краін-удзельніц прадставяць калектывы народнай творчасці і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Тэматычныя пляцоўкі свята будуць працаваць на працягу двух дзён.

На выставе-кірмашы «Александрыйскі кірмаш» усе рэгіёны краіны прадставяць экспазіцыйна-тэматычныя купальскія падворкі. Тут можна будзе пазнаёміцца з брэндавымі фестывалямі, конкурсамі, святамі, пленэрамі, якія адлюстроўваюць непаўторнае культурнае аблічча свайго горада, раёна, захоўваюць і папулярызуюць існуючыя толькі ў гэтым рэгіёне традыцыі, звычаі, легенды, паданні, гісторыка-культурныя каштоўнасці, рамёствы, стравы і г. д.

Гандлёвыя пункты размесцяцца на «Александрыйскай гасцінай». Прадпрыемствы сістэмы спажыўкааперацыі падрыхтуюць шырокі асартымент харчовых тавараў, а таксама страў краін блізкага замежжа. Прыярытэтным напрамкам будзе падрыхтоўка ежы на віду ў наведвальнікаў (барбекю, блінцы з начыннем, дранікі і інш.). Падчас свята таксама арганізуюць дэгустацыі.

Для таго каб госці і ўдзельнікі «Купалля» адчувалі сябе камфортна, будзе арганізавана не менш за 3 тыс. пасадачных месцаў на прадпрыемствах грамадскага харчавання. Каля 120 суб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання плануюць абслугоўваць гасцей, якія прыедуць на свята «Александрыя збірае сяброў». Агульная даўжыня гандлёвай экспазіцыі складзе 1,2 км.

Пляцоўка «Творчасць маладых» стане месцам дэманстрацыі розных спартыўных, творчых, навукова-тэхнічных праграм і дасягненняў моладзі. Тут адбудзецца музычна-гульнявая праграма «Казка пра чароўную кветку», канцэрты моладзевых творчых калектываў «Пакаленне NEXT» і бардаўскай песні «Любоў я да Радзімы захоўваю», квэсты, майстар-класы рэлакс-тэрапіі. Запланавана праца выставы-кірмашу вырабаў устаноў адукацыі і сацыяльнай абароны Магілёўскай вобласці, паказ найлепшых узораў дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, выкананых у розных тэхніках і матэрыялах.

Цікавай абяцае стаць пляцоўка «Свята цырка ў Александрыі» з цыркавымі выступленнямі, а таксама лазертаг. Палёты самалётаў і парашутыстаў прадэманструе Магілёўскі аэраклуб ДТССАФ імя А. М. Кулагіна. Абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў арганізуе працу спартыўных пляцовак. Для памятных фота ўсталююць фотазоны, а для маленькіх наведвальнікаў – дзіцячыя атракцыёны.

ААТ «Мінскі трактарны завод» прэзентуе сваю прадукцыю на пляцоўцы «Зроблена ў Беларусі», а «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”» – на «Каравайнай сядзібе». На апошняй правядуць не толькі дэгустацыі, але і «Свята квасу».

Падчас фестывалю будуць адкрыты павільёны «Кніжны кірмаш» і «Друкарскі двор» з зонамі вытворчасці паперы і друку. Запланавана правядзенне прэзентацый новых кніг і часопісаў, аўтограф-сесій, конкурсаў.

На малой сцэне ў першы дзень фестывалю адбудзецца адкрыццё і тры канцэрты, дзе выступяць творчыя калектывы рэгіёнаў Беларусі і краін-удзельніц свята, дзіцячыя ансамблі Магілёўскай вобласці, прафесійныя артысты Прыдняпроўскага краю. У ноч з 6 на 7 ліпеня тут пройдзе моладзевая дыскатэка з удзелам айчынных выканаўцаў.

Кульмінацыяй першага дня свята будзе гала-канцэрт «Зроблена ў Беларусі» на галоўнай пляцоўцы, якая налічвае 3,5 тыс. пасадачных месцаў партэра, і феерверк.

У другі дзень маштабнага свята пляцоўкі прадоўжаць працу. Акрамя таго, адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу вобласці, а затым – выступленне народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі і групы «Сябры».

Дарэчы, квіткі на канцэрты, якія пройдуць на галоўнай канцэртнай пляцоўцы, ужо маюцца ў продажы. Іх можна набыць у касе Магілёўскай абласной філармоніі, а таксама праз інтэрнэт-рэсурс kvitki.by.

Падчас «Купалля» для зручнасці наведвальнікаў усталююць інфармацыйныя тумбы (на цэнтральным ўваходзе і ля галоўнай сцэны), будуць працаваць валанцёры, камеры захоўвання і пункт абмену валют. Для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў да месца правядзення свята будзе традыцыйна выбудавана зручная транспартная лагістыка. Складзены графікі і расклад руху чыгуначных цягнікоў рэгіянальных ліній і аўтамабільнага транспарту. Яны ўвязаны з пачаткам і заканчэннем усіх мерапрыемстваў. Як звычайна, для гасцей свята, якія прыбываюць самастойна на ўласным транспарце, будуць уладкаваныя аўтамабільныя стаянкі з падвозам да Александрыі. Тут можна будзе і пераначаваць. Імправізаваны палатачны лагер, як і ў мінулыя гады, не забаронены. 

Арганізатарамі свята выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Шклоўскі райвыканкам.

 

ГІСТОРЫЯ

Свята «Купалле» ў Александрыі (Шклоўскі раён) стала знакавай падзеяй не толькі для Магілёўскай вобласці, але і для ўсёй Беларусі. Яно з’яўляецца своеасаблівым культурным мостам паміж народамі Беларусі, Расіі і Украіны. На ім вельмі сімвалічна гучаць словы «Днепр – рака дружбы».

Гэты свята без усялякага перабольшання можна назваць паўнаводнай ракой, паколькі яе разлівы ўсё больш і больш набіраюць сілу. Адзінства вады і сонца – той неабходны кантэкст, прыроднае асяроддзе, якое дае магчымасць ярчэй заіскрыцца рамёствам і талентам.

Упершыню фестываль «Александрыя збірае сяброў» прайшоў у 2010 годзе. Ідэю праводзіць фестываль у Александрыі тады падтрымаў кіраўнік дзяржавы.

На свяце «Александрыя збірае сяброў» з году ў год прысутнічаюць людзі самых розных нацыянальнасцяў, самага рознага ўзросту. Такія святы, несумненна, спрыяюць яднанню славянскіх народаў, і вельмі важна, каб добрыя славянскія традыцыі перадаваліся ад пакалення да пакалення і далей. Бо без мінулага няма будучага.