RU BY EN 中文
Twitter Instagram

25 маладых людзей з усіх куткоў Магілёўшчыны атрымала свае першыя пашпарты ва ўрачыстай абстаноўцы

У межах абласной маладзёжнай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!», прысвечанай Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з рук старшыні Магаблвыканкама Анатоля Ісачанкі ўпершыню атрымала 25 маладых людзей з усіх куткоў вобласці. Сярод іх – выдатнікі вучобы, пераможцы прадметных алімпіяд, актыўныя ўдзельнікі грамадскага, культурнага і спартыўнага жыцця. Падзялілі гэты важны і хвалюючы для моладзі момант і іх бацькі, якія прысутнічалі на цырымоніі ў Палацы культуры вобласці.

«Сёння ў краіне асаблівы, святочны і, можна сказаць, гістарычны дзень – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, – выступаючы перад прысутнымі адзначыў Анатоль Ісачанка. – 27 лютага адбыўся рэспубліканскі рэферэндум, і мы ўпісалі новую старонку ў гісторыю суверэннай Беларусі. Дзякуючы рашэнню абсалютнай большасці быў зроблены выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў у краіне. А гэта значыць, што абноўленая Канстытуцыя дасць моладзі яшчэ больш магчымасцей для сваёй самарэалізацыі. І вельмі сімвалічна, што абноўлены дакумент уступае ў сілу сёння, 15 сакавіка.

Ва ўсе часы атрыманне пашпарта маладымі людзьмі ўспрымалася як першы крок у дарослае жыццё, які дае шмат магчымасцей і гарантый. Ведаю, што вы да гэтага ўзросту ўжо дамагліся пэўных поспехаў у вучобе, спорце, грамадскіх справах. Вы проста малайцы: маючы такія задаткі ў жыцці, можна быць упэўненымі, што самыя вялікія перамогі ў вас яшчэ наперадзе. Дамагаючыся асабістага выніку, вы ўслаўляеце наш край, паказваеце, наколькі актыўная і эрудзіраваная моладзь нашай Магілёўшчыны. Вам трэба будзе вызначыць далейшы лёс Беларусі, захаваўшы наш духоўны здабытак, гістарычную праўду і мір на сваёй зямлі».

Асаблівую падзяку Анатоль Ісачанка выказаў бацькам, падкрэсліўшы, што менавіта дзякуючы іх падтрымцы, цярпенню і мудрым парадам дзеці паспяхова падышлі да чарговага жыццёвага этапу. А таксама выказаў меркаванне, што бачыць сёння такую паспяховую і таленавітую моладзь – гэта шчасце не толькі для бацькоў, але і для жыхароў усяго Прыдняпроўскага краю. Даючы наказ моладзі, ён пажадаў ім быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, несці любоў да роднай зямлі праз усё жыццё і пацвярджаць ганаровае званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь сваімі справамі і ўчынкамі, берагчы сваю радзіму, бацькоў, дом, сваю зямлю.

Сярод юных грамадзян, якія атрымалі сёння пашпарты, была Лізавета Міхніна, навучэнка СШ № 6 г. Бабруйска, лаўрэат міжнародных фестываляў і конкурсаў:

«Гэты дзень вельмі важны і сур’ёзны для мяне. Вельмі прыемна, што магчымасць атрымаць пашпарт у такой урачыстай абстаноўцы выпала менавіта мне. Я крыху хвалююся, таму што ўсведамляю значнасць гэтага дня. Атрымаўшы пашпарт, разумею, што раблюся самастойнай у прыняцці рашэнняў.

Шмат часу я прысвячаю заняткам музыкай, а яшчэ мне падабаецца англійская мова. У будучыні, магчыма, выберу прафесію перакладчыка».

Удастоены быў такой магчымасці і Уладзіслаў Дзянісаў, навучэнец Васькавіцкай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна, пераможца раённых алімпіяд, удзельнік спартыўных спаборніцтваў, актывіст БРСМ:

«Атрымаць пашпарт для мяне – вялікі гонар, тым больш у такой атмасферы. Цяпер яшчэ мацней усведамляю, што я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Зразумела, што з правамі мы знаходзім і дадатковыя абавязкі, будзем старацца іх выконваць і развіваць сваю краіну. Мне важна быць прыкладам для малодшага брата – яму пакуль 6 гадоў, яшчэ ў мяне ёсць старэйшая сястра, ёй амаль 18. Са школьных прадметаў люблю матэматыку і працоўнае навучанне, займаюся спортам».

На святочную сцэну выйшла і Мілана Асмалоўская, выдатнік вучобы, прызёр другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і англійскай мове, актывіст піянерскага руху:

«Атрыманне пашпарта – вельмі важны момант для кожнага. Адказна і прыемна паўдзельнічаць у такой прыгожай святочнай цырымоніі. Я люблю сваю краіну і рада быць яе часткай».

Пасля завяршэння ўрачыстай часткі ўдзельнікі маладзёжнай акцыі ўсклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Славы Магілёва і наведалі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая