RU BY EN 中文
Twitter Instagram

80-гадовы ўнікальны ручнік, саленні і музыка «Песняроў»: чым характэрна сяло ў Горацкім раёне, якое атрымала назву ў гонар лясных волатаў

Дзе можна ўбачыць зуброў? На гэтае пытанне без запінкі адкажа любы суайчыннік – у Белавежскай пушчы. Невялікія папуляцыі ёсць і ў іншых рэгіёнах, а яшчэ – у Магілёўскім заасадзе. Але мала хто ў курсе, што самыя першыя ў нашай краіне зубры з’явіліся ў Горацкім раёне. З той пары тут і жывуць. Толькі не ў лесе або асобна ўзятай прасторнай вальеры, а на звычайных сельскіх падворках. Зубры – так клічуць сябе людзі з аднайменнай вёскі, заснаванай у далёкім 1622 годзе.

Сёння наша краіна – першая па колькасці вольнажывучых зуброў, доля пагалоўя гэтага віду складае 35 працэнтаў ад сусветнага статка. Гэтых жывёл у нас больш 4400 асобін. Лясны волат стаў нават сімвалам Беларусі. Але з’явіўся ён на нашай тэрыторыі – у Белавежскай пушчы – параўнальна нядаўна, у пасляваенныя гады. Чаму ж тады сяло ў Горацкім раёне ў даўніну назвалі ў яго гонар? Пра гэта, як высветлілася, жыхары могуць толькі гадаць.

А вось 57-гадовы Канстанцін Хмуровіч, памочнік ляснічага Зуброўскага лясніцтва, абапіраецца на факты:

– У нас тут лясны край, багаты на грыбы, ягады, дзічыну. Водзяцца ласі, казулі, кабаны, яшчэ ваўкі, лісы, янотападобныя сабакі, барсукі, выдры, норкі, ласкі, куніцы, цецерукі... Адсюль нямала «жывёльных» назваў паселішчаў. Як на нашым «беразе», так і на суседнім мы мяжуем з Дубровенскім раёнам Віцебскай вобласці: Казлы, Лосеўка, Барсукі, Снегіры, Лебедзева, Зайцава, Мядзведзева, Арлы... А вось Зуброў на маёй памяці зроду не было. Але ж сяло старое, можа, у XVII стагоддзі гэтых прыгажуноў тут хтосьці і сустракаў. Зрэшты, Сава – аграгарадок, дзе дыслакуецца Зуброўскае лясніцтва, – так названа зусім не з-за птушкі, як многія думаюць. А па імені памешчыка Савы Салагуба, які некалі жыў тут.

Жывых зуброў у вочы не бачыў і ніхто з зуброўскіх старажылаў. Толькі па тэлевізары. Але тое, што іх саміх зубрамі завуць, мясцовым падабаецца. Маўляў, гэта табе не якія-небудзь бараны або кабаны. Зубр – жывёліна прыгожая, магутная, паважлівая. І дарэчы, моцных здароўем людзей, доўгажыхароў у Зубрах заўсёды было нямала.

Адной з найстарэйшых тутэйшых жыхарак вёскі Паліне Камедзька 80 гадоў. Яе мама пражыла 94 гады. Сярод землякоў Паліны Рыгораўны – пенсіянеры, якім ад 70 гадоў да 82. Іх бацькі 90-гадовыя юбілеі ў свой час спраўлялі.

Паліна Рыгораўна хоць даўно на пенсіі, без справы сядзець не прывыкла. Яна ж з 14 гадоў падзарабляла на ферме даяркай, потым працавала цялятніцай. Сёння ў яе свой агарод, двое парасят, куры, козы – Кукла ды Белка, казёл Барыска. Беласнежная Кукла за гаспадыняй, як сабачка, па пятах ходзіць. Тая за брамку – каза следам, Паліна Рыгораўна да суседзяў – Белка побач круціцца. Нават нас, чужынцаў, не спалохалася. Наадварот, пазіравала на камеру, як запраўская мадэль.

– Я люблю жыўнасць, шкадую, і яна гэта адчувае. І я, і мае бацькі заўсёды вялікую гаспадарку трымалі. Але кароўкі-карміцелькі у мяне даўно няма. Цяжка адной упраўляцца без гаспадара, а муж мой 8 гадоў таму памёр. Працаваў усё жыццё на ферме скотнікам, ды той фермы таксама ўжо няма, – Паліна Рыгораўна з настальгіяй узгадвае часы, калі людзей у вёсцы было куды больш, – таму што працоўных месцаў хапала. Ферма знаходзілася тут, у Зубрах, асфальтабетонны завод, лясніцтва, агароднінная база. Да вайны – яшчэ свае лесапільня і млын.

Мясцовыя людзі былі майстравыя. Мой бацька, напрыклад, карыты драўляныя рабіў, ступы, жорны, кадкі, бо ўсё гэта было запатрабавана. У кадках, напрыклад, салілі на зіму капусту, грыбы, агуркі. А яшчэ амаль у кожнай хаце стаялі ткацкія станкі. Мая мама ткала і ручнікі, і адзежу са свойскіх нітак. Сабраны лён жанчыны самі прыбіралі, мялі, трапалі, вычэсвалі, валакно скочвалі ў кудзелі, чаплялі на прасла, рабілі ніткі. У нашай сям’і захаваліся рэчы з ільнянога даматканага палатна, у тым ліку і спадніцы, андаракі, якія я ў дар раённаму музею перадала. Дома толькі адзін ручнік і застаўся. Берагу яго: ён жа мой аднагодак – амаль 80 гадкоў, бо яго мама «сачыніла» у той год, калі я нарадзілася.

Паводле слоў Паліны Камедзькі і яе суседзяў, яшчэ гадоў 30 таму ў Зубрах у кожным двары па 1–2 каровы было. А сёння 3 карміцелькі на ўсё сяло:

– Затое лясная дзічына ўсё часцей раніцай прыходзіць пад вокны: казулі, лісы... Людзей мала, вось і не баяцца, шныраць па гародах. Дарэчы, раней у мясцовага насельніцтва, акрамя асноўнага даходу, яшчэ і нядрэнны прыпрацовак быў. Прадавалі мяшкамі дары лесу: апенькі, баравікі, арэхі. Сёння ў лес хадзіць няма каму: лічы, адны старыя ў вёсцы засталіся. Аўталаўка да нас прыязджае, а школьнага аўтобуса ўжо даўно не бачылі: няма за кім яму сюды катацца.

А калісьці шмат «зубранят» тут жыло. У сям’і Камедзька, напрыклад, 9 дзяцей. У іншых не менш пяці-шасці. Іх звонкімі галасамі, пералівамі гармонікі, моладзевымі песнямі сяло было напоўнена з раніцы да позняга вечара. Сягоння, як сцямнее, на вуліцах нікога не відаць. Старыя сядзяць па хатах – бліжэй да печкі і тэлевізара. Паліна Рыгораўна, каб не засумаваць, уключае падораны калісьці сынамі музычны цэнтр. Меламан, яна любіць народную музыку, «Песняроў».

Сёння ў Зубрах адно-адзінае дзіця. Дачцэ Святланы Угначовай і Аляксандра Каробкіна Маечцы усяго 4 годзікі. У школу ёй яшчэ рана. Але бацькі ўжо падумваюць пра тое, каб аддаць дзіця ў дзіцячы сад. А значыць, з Зуброў ім давядзецца перабрацца ў цэнтр сельсавета.

– Былі «зубранятамі», станем «савятамі», – жартуе Святлана. – Я да «дэкрэту» ў Саве на вытворчым участку працавала, муж мой працуе на ААТ «Малочныя горкі», нам у аграгарадку ўжо і дом выдзелілі – з паравым ацяпленнем. А тут печ даводзіцца тапіць, па ваду хадзіць ... зноў жа ў Саве ёсць крамы, клуб, пошта, ФАП, зручныя транспартныя зносіны – кожную гадзіну аўтобусы ў горад бегаюць…

Пераехаць у Саву, як падтрымлівае жонку Аляксандр, ім прыйдзецца з-за дзіцяці:

– Гэта вымушаная мера. А ў Зубрах нам падабаецца. Тут свае перавагі: раздолле, велізарны ўчастак. У нас жа гаспадарка немалая – дзве каровы, цялушачка, кабыла Чайка, свінні, птушка... На зіму толькі сена нарыхтоўваем каля чатырох тон. У Саве прысядзібны ўчастак невялікі, так што прадаваць дом у Зубрах мы не плануем. Пакінем пад дачу: жывёла, ва ўсякім выпадку нейкі час, будзе жыць тут, а мы штодня прыязджаць, тут жа недалёка – нейкіх 5 кіламетраў.

– Клуб, дзве крамы, школа калісьці былі і ў Зубрах, – удакладняе старшыня Саўскага сельсавета Валерый Маслоўскі. – І нават свая таварная станцыя са складамі. У 1909 годзе тут пражывала 356 чалавек, у 1999-м налічвалася ўжо 149 насельнікаў, у 2010-м – 70. Але сёння сяло, на жаль, з тых, якія называюць паміраючымі. Вось і лясніцтва Зуброўскае ў Саву перабралася, і клуб знеслі... Але засталіся людзі. Пастаянных жыхароў – 29. Большасць, вядома, сталага ўзросту. Але ёсць і працаздольныя. Напрыклад, сыны той жа Паліны Рыгораўны. Хочацца верыць, што Зубры не знікнуць з карты раёна. Як не зніклі магутныя жывёлы, якіх таксама лічылі выміраючым відам...

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая