RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласны суботнік пройдзе на Магілёўшчыне 23 кастрычніка

Абласны суботнік пройдзе на Магілёўшчыне 23 кастрычніка. Галоўная мэта мерапрыемства – навесці парадак на тэрыторыі рэгіёна перад зімой. Асаблівую ўвагу нададуць дварам, скверам, паркам, зонам адпачынку. Тут будзе весціся пасадка дрэў, ачыстка ад смецця і восеньскай лістоты, аб чым паведаміў старшыня Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Канстанцін Цеплякоў.

Са слоў суразмоўцы, падчас суботніка працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў прывядуць у належны санітарна-тэхнічны стан уласныя, прылеглыя і замацаваныя тэрыторыі, прыбяруць сухастойную і дзікарослую расліннасць, ачысцяць ад смецця аб’екты ведамаснага жыллёвага фонду. Санітарная ўборка будзе праводзіцца на ўнутрыдамавых тэрыторыях, у аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання. Сельвыканкамы арганізуюць працы па навядзенні парадку на грамадзянскіх могілках.

Будзе працягнута азеляненне населеных пунктаў. Урад паставіў задачу выканкамам усіх абласцей і Мінска давесці яго ўзровень у беларускіх гарадах да 40%, расказаў Канстанцін Цеплякоў. Таму пытанне пасадкі новых дрэў і кустоў – у ліку прыярытэтных. Напрыклад, плануецца, што ў дзень суботніка каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў магілёўскім мікрараёне Фаціна з’явіцца новы сквер. Дадатковае азеляненне чакае пустка ў раёне дарогі-дублёра вуліцы Якубоўскай і Загараднай шашы.

«Сёння райвыканкамы пададуць звесткі аб плануемых работах. Мы іх прааналізуем, адкарэктуем з улікам спецыфікі рэгіёна, – адзначыў Канстанцін Цеплякоў. – Важна не толькі навесці парадак, але і максімальна выразна арганізаваць вываз смецця ў спецыяльна вызначаныя для гэтага месца, пракантраляваць ліквідацыю адходаў. Таму да суботніка падключаюцца службы розных сфер народна-гаспадарчага комплексу».

Старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя звярнуў увагу: работы па навядзенні парадку ў рэгіёне вядуцца пастаянна. Рэгулярна арганізуюцца выезды ў раёны, гарады, вывучаецца абстаноўка, прапрацоўваюцца і вырашаюцца праблемныя пытанні. Факты парушэнняў разглядаюцца на пасяджэннях профільнай абласной рабочай групы, дэпутацкага корпуса. І суботнік толькі частка вялікай шматграннай працы. У цэлым «генеральную ўборку» да зімы ў Магілёўскай вобласці павінны завяршыць да 31 кастрычніка, заключыў Канстанцін Цеплякоў.

Суботнік – гэта не толькі ўборка тэрыторыі, але і зносіны, добры настрой, пазітыўныя эмоцыі. Запрашаем усіх ініцыятыўных, неабыякавых жыхароў Прыдняпроўскага краю далучыцца да добрай справы. Давайце ўсе разам зробім Магілёўшчыну чысцейшай і прыгажэйшай! Жыхары рэгіёна, якія жадаюць паўдзельнічаць у суботніку, могуць звярнуцца з ініцыятывай у райвыканкам, сельвыканкам, ЖЭУ па месцы жыхарства, раённыя інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Вольга Емельянава

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая