RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абноўлены дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрылі ў Чавусах

Абноўлены дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрылі сёння ў Чавусах. Сюды з Магілёва пераехала сям’я Наталлі і Паўла Панцялеевых, якія выхоўваюць дзевяць дзяцей ва ўзросце ад 4 месяцаў да 17 гадоў.

Як расказаў начальнік аддзела адукацыі Чавускага райвыканкама Дзяніс Нікіфараў, тры гады назад у райцэнтры быў зачынены дзіцячы дом сямейнага тыпу. «Мама, якая жыла тут з сям’ёй, па стане здароўя не магла выконваць свае абавязкі. Іх прыёмную сям’ю расфарміравалі, а дом застаўся стаяць, – растлумачыў Дзяніс Нікіфараў. – У канцы мінулага года ў нас з’явілася магчымасць пры дапамозе спонсараў, дабрачынных арганізацый і пры падтрымцы райвыканкама адрамантаваць дом. Рамонт доўжыўся чатыры месяцы, усяго было затрачана звыш Br100 тыс. А таксама праводзілі конкурс сярод прыёмных сем’яў, вырашалі, хто тут будзе жыць. Так вызначылі сям’ю Панцялеевых».

Наталля і Павел Панцялеевы маюць сваіх траіх дзяцей, двое з якіх ужо паўналетнія. Прыёмнымі бацькамі муж і жонка працуюць ужо больш за 10 гадоў. «Аб пераездзе з абласнога цэнтра ў меншы горад мы доўга не думалі. У Магілёве жылі ў трохпакаёвай кватэры, а тут з’явілася магчымасць пераехаць у свой дом. Для кожнага будзе куток, а свая тэрыторыя дазволіць дзецям больш часу праводзіць на свежым паветры. Тут ёсць уся неабходная інфраструктура для паўнавартаснага і ўсебаковага развіцця дзяцей, – расказала шматдзетная мама Наталля Панцялеева. – Прыемна быць навасельцамі. Прыгожы, вялікі і светлы дом. Гэта велізарны падарунак для нашай сям’і. У гэты дом укладзена шмат працы вялікай колькасці людзей – ад прадстаўнікоў райвыканкама да звычайных рабочых. Дом цалкам гатовы для жыцця. Дзеці ўжо будуюць планы, што і дзе будзе стаяць, якія фатаграфіі будуць вісець на сценах. А ў найбліжэйшы час да нас пераедуць нашы кошка і сабака. Яны, дарэчы, таксама прыёмныя».

Як расказаў глава сямейства Павел Панцялееў, у сям’і вялікія планы на гэты год. «Як пацяплее, установім гульнявую пляцоўку і басейн на вуліцы. Каб дзеці маглі праводзіць больш часу на свежым паветры. Хочам завесці невялікую гаспадарку», – патлумачыў мужчына.

Такі вялікі дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Чавусах першы. Усяго па Магілёўскай вобласці працуюць 53 такія дзіцячыя дамы. «У Чавускім раёне ёсць сем прыёмных сем’яў, якія выхоўваюць 16 дзетак, – расказаў старшыня Чавускага райвыканкама Аляксандр Яфімчыкаў. – Такі дом патрэбен быў нашаму раёну. Бываюць розныя абставіны, праз якія дзяцей забіраюць ад біялагічных бацькоў. І заўсёды лепш, калі дзеці працягваюць выхоўвацца не ў інтэрнатах, а ў паўнавартасных сем’ях. Гэта правільная мадэль, якую развівае наша дзяржава. Тут кожнаму будзе дастаткова ўвагі, клопату і любові. А гэта значыць, што ў будучым гэтыя хлопцы стануць годнымі грамадзянамі нашай краіны».

У планах – пры фінансавай падтрымцы спонсараў стварыць такі дом сямейнага тыпу на вёсцы. «Цяпер у нас ёсць сям’я, якая выхоўвае на сяле чатырох дзяцей. І мы плануем пашырыць іх жыллё і дадаць туды яшчэ некалькі дзяцей, якія маюць патрэбу ў клопаце і любові. Са свайго боку мы стараемся аказваць усю магчымую дапамогу такім сем’ям. Сур’ёзная дзяржаўная падтрымка ў выглядзе дапамог і льгот, падарункі да святаў – да 1 верасня, Новага года і іншых, – да віншаванняў заўсёды далучаюцца нашы прадпрыемствы і арганізацыі», - расказвае Аляксандр Яфімчыкаў.

«Магілёўская вобласць 25 гадоў таму стала першай, дзе па ініцыятыве Беларускага дзіцячага фонду з’явіліся дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Тады сіламі нашай грамадскай арганізацыі ў рэгіёне былі адкрыты 23 такія дамы, – расказвае дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Ірына Фісюк. – І цяпер стварэнне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу – гэта дзяржаўная праграма, якая за час існавання даказала сваю эфектыўнасць. Значна лепш, калі дзеці выхоўваюцца ў сем’ях, тут яны вучацца працаваць, дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго. А самае галоўнае – яны працягваюць расці ў любові і клопаце, што, безумоўна, адаб’ецца на іх будучым дарослым жыцці. Наша арганізацыя таксама імкнецца дапамагаць такім прыёмным сем’ям: арганізуем экскурсіі, цікавыя сустрэчы, па меры сваіх магчымасцей стараемся разнастаіць іх жыццё. Мы, як грамадская арганізацыя, не валодаем вялікімі грашовымі сродкамі, але па меры сваіх магчымасцяў стараемся падтрымліваць».

Падчас урачыстага адкрыцця дома сям’і навасёлаў падарылі бытавую тэхніку і цацкі ад райвыканкама, Беларускага дзіцячага фонду, дабрачынных і спонсарскіх арганізацый.

 БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая