У Шклове 21 жніўня пройдзе вялікае свята збору летняга ўраджаю пад назвай Дзень агурка. Пра гэта расказала дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Шклоўскага раёна Аксана Кудзянкова.
«Мерапрыемства адбудзецца 15-ым разам і прымеркавана да Года народнага адзінства, – адзначыла Аксана Кудзянкова. – Юбілейнае свята будзе арганізавана на тэрыторыі гарадской гімназіі. І гэта таксама сімвалічна: установа адукацыі размешчана на месцы пабудаванай у XVIII стагоддзі Шклоўскай ратушы, якая лічылася гандлёвым цэнтрам горада».
Дзень агурка паднясе шмат прыемных сюрпрызаў. Агурочная атрыбутыка будзе прысутнічаць усюды: у святочным афармленні тэматычных пляцовак, касцюмах людзей, назвах конкурсаў і майстар-класаў, гульнявых праграмах і гастранамічных стравах. Арганізатары зробяць для ўдзельнікаў агурочныя какошнікі і бутаньеркі, пачастуюць агурочным махіта, накормяць блінамі і печывам, зробленымі з гэтай жа гародніны.
«Атмасфера нашага свята будзе незабыўнай, – падкрэсліла Аксана Кудзянкова. – У праграму Дня агурка ўвойдуць агароднінавы касцюмаваны парад і парад калясак у агурочным стылі, праца тэматычнай фотазоны, спартыўна-гульнявая пляцоўка і зона агурочнага гастрафэсту. Сёлета адметнасцю свята стане прэзентацыя агуркоў, якія сімвалізуюць сяброўства народаў. Прэзентацыя мае на ўвазе шэсце агурочных персанажаў у стылізаваных касцюмах розных краін – ад японскага да мексіканскага».
На тэрыторыі правядзення мерапрыемства размесціцца і горад майстроў. Тут будзе арганізавана выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пройдуць майстар-класы, у тым ліку па вырабе лялек і ўпрыгожванняў. Народныя ўмельцы пакажуць гасцям свята, як са звычайных матэрыялаў можна зрабіць эксклюзіўныя рэчы.
Падчас фэсту адбудуцца конкурсы на самы арыгінальны агурковы падворак, самую лепшую агурковую страву, самы яркі касцюм і самае лепшае музычнае выступленне. Завершыцца мерапрыемства агурочнай дыскатэкай у раённым Доме культуры. Тым, хто хоча прайсці на яе бясплатна, неабходна надзець тэматычны агурочны касцюм.
«Шклаўчане ганарацца сваім захапленнем у вырошчванні агуркоў, для нашых жыхароў агурочная тэма ўжо даўно стала брэндавай, – падкрэсліла Аксана Кудзянкова. – Гісторыю зялёнай гародніны тут ведаюць і беражліва захоўваюць. Так, першая згадка пра шклоўскія агуркі была зроблена ў 1526 годзе нямецкім паслом Жыгімонтам Герберштэйнам. Праязджаючы праз Шклоў, іншаземец быў здзіўлены масавым захапленнем жыхароў гэтых месцаў вырошчваннем агуркоў. Згадка пра шклоўскія агуркі ёсць і ў дакументальных крыніцах, у тым ліку ў Баркалабаўскім летапісе. А яшчэ Шклоў – радзіма самага смачнага смарагдава-зялёнага і пупырчатага хрумсткага агурка».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
24.02.2025 - 09:33
Магілёўскі драмтэатр: на многія пастаноўкі форуму «М.@rt кантакт — 2025» білеты амаль распрададзены
20.02.2025 - 10:34
Новыя падрабязнасці пра тэатральны форум «M.@rt кантакт»-2025
19.02.2025 - 12:16
Спектакль «Сабачае сэрца» пермскага тэатра паказалі ў Магілёве