RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Агракомплекс Магілёўскай вобласці на трэць павялічыў вытворчасць прадукцыі, а чатыры раёны амаль падвоілі збор збожжа

Магілёўскі прарыў

Калі ў лічбах, то яго ўклад у наш агульны каравай выглядае так. Валавы намалот збожжавых з кукурузай – больш за 1,2 мільёна тон у бункернай вазе, або 133,1 працэнтаў да ўзроўню 2019 года. Істотна вырасла і сярэдняя ўраджайнасць – 36,1 цэнтнера з гектара, на 6,5 больш за леташні, перавыканана заданне па пастаўцы збожжа ў лік дзяржзаказу.

Самыя значныя дасягненні паказалі Горацкі, Магілёўскі і Шклоўскі раёны, якія перасягнулі 100-тысячную мяжу па намалоце збожжавых. А вось чатыры раёны, якія раней адносілі да ліку аўтсайдараў, – Быхаўскі, Дрыбінскі, Клічаўскі і Слаўгарадскі – амаль падвоілі вытворчасць збожжа. Спецыяльна для «СГ» іх кіраўнікі расказваюць, што гэтаму спрыяла.

Старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта:

– Мы атрымалі збожжавых і зернебабовых больш за 30 тысяч тон супраць 15 тысяч у мінулым годзе. Ураджайнасць з 18,7 вырасла да 27,3 цэнтнера з гектара. Кармоў нарыхтавалі на трэць больш, чым у мінулым годзе, зернефуражу – у два разы. Урадзіў рапс – 146 працэнтаў росту.

Ураджай пачалі фарміраваць яшчэ мінулай восенню. Памянялі структуру пасяўных плошчаў: на 20 працэнтаў павялічылі клін азімых. На 8000 гектарах унеслі гліфасаты, каб прыбраць усю пустазельную расліннасць. Гэта, паверце, вельмі эфектыўны аграпрыём, таму што той жа пырнік да 50 працэнтаў вільгаці і пажыўных рэчываў адбірае ў культурных раслін. Каб атрымаць добры ўраджай яравых, паднялі больш за 6000 гектараў зябліва. Што тычыцца вясновай кампаніі, то адсеяліся ў аптымальныя тэрміны, зрабілі ўпор на больш рэнтабельны ячмень. Правялі доглядавыя работы. І яшчэ адна кропка росту – азотныя ўгнаенні.

Усё гэта склалася і спрацавала дзякуючы ўзаемадзеянню аблвыканкама, камітэта па сельскай гаспадарцы і прадпрыемстваў: Магілёўскі мясакамбінат, «Бабушкина крынка», «Аграмашсэрвіс» выратоўвалі крэдытамі. Па праграме развіцця паўднёвага ўсходу атрымалі тэхніку. У прыватнасці, апырсквальнікі, якія дапамагалі выконваць апрацоўкі ў аптымальныя тэрміны. Зараз робім зачын на ўраджай наступнага года па той жа схеме: на практыцы пераканаліся, якія тэхналогіі прыносяць эканамічны эфект.

Намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Аляксандр Атрошанка:

– Вал збожжа ў нас 54 тысячы тон без кукурузы, у 2019-м было 30 тысяч. Ведаеце, у пачатку года было шмат страху, але ў выніку ўсё склалася: надвор’е не засмуціла, вобласць забяспечвала сродкамі абароны, мінеральнымі ўгнаеннямі ў поўным аб’ёме, усё змаглі зрабіць своечасова. Атрымалі ў лізінг дзевяць новых камбайнаў, да пасяўной – сем раскідвальнікаў мінеральных угнаенняў, дзевяць энерганасычаных трактароў. Вылучаліся з бюджэту грошы на рамонт тэхнікі, былі забяспечаныя палівам – не стаялі ні дня. Найлепшых вынікаў дамогся філіял «Макранскі» ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод»: там намалацілі больш за 9300 тон пры ўраджайнасці 34,6 цэнтнера – гэта больш за 220 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Стрэлілі азімыя, якіх у 2019-м дадалі 3500 гектараў, а таму іх клін павялічваем сёлета яшчэ на 1,5 тысячы гектараў. Гэта адбіваецца на эканоміцы: выхад азімага збожжа вышэйшы за яравое. Каля 20 працэнтаў прыросту ўраджаю бачым у тым, што павялічылі плошчы ўнясення гліфасатаў– гэта было патрабаванне старшыні аблвыканкама. І ў цэлым захаванне яе вялікасці тэхналогіі дало такі вынік. Дзякуючы наяўнасці паліва і тэхнікі змаглі падняць па восені 9000 гектараў зябліва, а гэта значна больш эфектыўна, чым вясновае ўзворванне.

Першы намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама Віталь Сіта:

– Прырост ўраджаю збожжавых –165,8 працэнта. 34,4 тоны – гэта збожжавыя і зернебабовыя, яшчэ 10 тысяч тон кукурузы на збожжа плюс ураджай фермераў – разам каля 56 тысяч тон. Ураджайнасць 29,5 цэнтнера з гектара ў межах краіны не ўражвае, але атрымалі мы яе на пясках.

Як і ў іншых раёнах, адчулі дапамогу вобласці ў забяспечанасці ўгнаеннямі. Слабым звяном застаецца тэхніка. Пытанне стаіць востра: трактары выпрацавалі рэсурс, часта ламаюцца, а час на палявых працах –грошы. Трэба ў лізінг у кожную гаспадарку хоць бы па адным энерганасычаным трактары з усім шлейфам: плуг, барана, сеялка. Гэта дапамагло б выконваць тэхналогію. Бо калі прапусціў тэрміны –выдаткі тыя ж, а вынік не той. Трэба набываць шыроказахопныя бароны.

Калі гаварыць пра перадавікоў, то гэта УКСП «Саўгас “Добраахвотнік”»: амаль трэць раённага каравая –вал па збожжы большы за 11 тысяч тон, ураджайнасць – звыш 40 цэнтнераў. Пасеялі ўжо больш за 10 тысяч гектараў азімых, з іх 8000 –на збожжа, астатняе –на зялёны корм. У шэрагу гаспадарак у нас вялікая шчыльнасць жывёлы, утрымліваецца без выпасу. Таму дапамагае тэхналогія «два ўраджаі з аднаго поля». Сеем азімыя, прыбіраем у маі на зялёны корм, а на гэтым жа полі саджаем кукурузу на сілас. На нашых пясчаных глебах добры вынік даюць азімыя, сёлета павялічылі клін на 10 працэнтаў. І ўсё ж па тэхнічных прычынах не змаглі зрабіць усё, што хацелі. У абнаўленні парку сельгастэхнікі бачым кропку росту.

Першы намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Андрэй Балашэнка:

– Вал збожжа без кукурузы – 42 тысячы, а летась – 25 тысяч тон. З кукурузай будзе каля 50 тысяч. Ураджайнасць вырасла з 22 да 32 цэнтнераў з гектара. Амаль падвоіўся ўраджай у «Дрыбін-Агра» і «Дрыбінрайаграпрамтэхснабе». Гэтыя сельгаспрадпрыемствы перадалі Горацкаму элеватару у давернае кіраванне на тры гады. Інвестыцыі склалі каля 4 мільёнаў рублёў: элеватар уклаў грошы ў закупку тэхнікі, рамонт, сродкі абароны, угнаенні, насенне, паліва. І эфект відавочны. Робім стаўку на рапс, павялічваем і сёлета плошчы, таму што культура рэнтабельная. Закупілі ў лізінг шыроказахопныя бароны, знасіліся энерганасычаныя трактары –патрабуюцца ўклады. Ураджай падлічылі, а цяпер трэба лічыць грошы: вяртаць крэдыты і прадумваць чарговы інвестыцыйны план.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая