RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аграрыі Магілёўскай вобласці паралельна з уборкай закладваюць аснову пад будучы ўраджай

Паспець не спазніцца

З азімым рапсам гэта не атрымалася – 10 тысяч гектараў яго будзе пасеяна за рамкамі аптымальных тэрмінаў

На раніцу ўчарашняга дня ў вобласці было прыбрана 86 працэнтаў плошчаў, намалочана каля 890 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 31,3 цэнтнера з гектара. Сярэдняя ўраджайнасць азімага рапсу сёлета склала 12,9 цэнтнера з гектара, сабралі каля 45 тысяч тон масласямян, на старце ўборка яравога.

У РУП «Вучгас БДСГА» Горацкага раёна вось-вось фінішуюць з уборачнай: валавы збор чакаюць вышэйшы за ўзровень мінулага года пры ўраджайнасці 41 цэнтнер з гектара. Галоўны аграном Сяргей Дубровін тлумачыць, што, хоць уборачная пачалася сёлета на дзесяць дзён пазней, ва ўсе тэрміны ўпісваюцца і ўжо актыўна працуюць на новы ўраджай:

– З сяўбой азімага рапсу на 500 гектарах ужо ўправіліся. З сённяшняга дня будзем пачынаць сеяць азімую пшаніцу. Усяго азімых зерневых трэба пасеяць больш за 3 тысяч гектараў. Плошчы пад азімы ячмень з пробных 15 плануем павялічыць да 150 гектараў.

У Горацкай сортавыпрабавальнай станцыі сёлета ўраджайнасць азімага рапсу 38 цэнтнераў з гектара. Акрамя сортавыпрабаванняў, тут займаюцца і сельскагаспадарчай вытворчасцю. Дырэктар Аляксей Двайнішнікаў гарантам ураджайнасці гэтай азімай культуры лічыць тэхналагічную дысцыпліну:

– Мы разлічвалі на 50 цэнтнераў з гектара, падвяла перазімоўка, тэмпературныя арэлі вясной. На сённяшні дзень рапс – адна з самых папулярных культур. Таму калі нейкіх раслін у нас на выпрабаванні адзінкавыя гатункі, то гібрыдаў рапсу – каля 100. Кожны год з’яўляюцца новыя: у адных менш абсыпанне, устойлівасць да хвароб, менш трэба азоту. Але першасная тэхналогія: калі яе вытрымліваць, то і надвор’е не перашкодзіць атрымаць высокую ўраджайнасць. Патэнцыял нават самага старога беларускага гатунку – не ніжэй за 30 цэнтнераў з гектара.

Пасеў гатункаў і гібрыдаў азімага рапсу ў вобласці павінны былі завяршыць сёння. На раніцу ўчарашняга дня пасеялі 72 працэнты. Гэта менш за сярэдні паказчык па краіне – 79 працэнтаў. Без сумневу, планавае заданне будзе выканана, але давайце лічыць. Агульны план сяўбы рапсу ў вобласці – 64 тысячы гектараў. 10 тысяч гектараў з некаторымі адхіленнямі ў абодва бакі будзе пасеяна пасля аптымальных тэрмінаў. І гэта значыць, што будучы недабор ураджаю закладзены ўжо сёння. Гэта не перабольшванне, бо кожны дзень пратэрміноўкі – гэта ўжо гарантаваны недабор будучага ўраджаю. З Аляксеем Двайнішнікавым, які падкрэсліў, што рапс – культура вельмі тэхналагічная, якая не церпіць парушэнняў, не паспрачаешся. Як і з тым, што тэрміны сяўбы – найважнейшы элемент тэхналогіі.

На наступным тыдні ў вобласці пачнецца сяўба азімага ячменю: плошчы пад гэтую культуру плануецца павялічыць з 5 тысяч да 28 тысяч гектараў. У цэлым аграрыі робяць стаўку на пашырэнне азімага кліну. Галоўнае – укласціся ў агратэхнічныя тэрміны з улікам наяўных рэсурсаў: тэхнікі і насення.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая