RU BY EN 中文
Instagram

«На суботнік выйшлі ўсёй сям'ёй». Шклоўчане расказалі пра традыцыі і пераемнасць пакаленняў.

Вялікі рэспубліканскі суботнік аб'яднаў сёння больш за 13 тыс. жыхароў Шклоўскага раёна. Усе разам яны наводзілі парадак на вуліцах, у парках, на мемарыялах і помніках.

Выхавацелька групы падоўжанага дня гімназіі горада Шклова Ірына Кавалёва распавяла, што на суботнік выйшлі калектывам у поўным складзе ў гарадскі парк - прыбіраць лістоту. «Важна прымаць удзел у такіх мерапрыемствах па добраўпарадкаванні, падтрымліваць горад, каб ён быў у чысціні і парадку. Мы Шклоў вельмі любім. Таму мы тут. Мы заўсёды адгукаемся на такія просьбы», - падзялілася яна.

Жанчына таксама адзначыла, што ў нашай дзяржаве камфорту жыхароў удзяляецца самая пільная ўвага. І не важна, гаворка ідзе пра вялікі горад, райцэнтр або невялікі населены пункт. «Дзяржава клапоціцца пра нас, нашыя гарады. А сёння кожны з нас робіць свой унёсак у агульную справу. На любым суботніку я - заўсёды актыўны ўдзельнік, мая дачка таксама дзесьці тут працуе. Усёй сям'ёй выйшлі, - распавяла яна. - Сама я родам са Шклова, жыву тут ужо больш за 60 гадоў. І з бацькамі ў дзяцінстве я хадзіла на суботнікі таксама, і ў парку прыбіраліся. Парк у нас старажытны, яго заўсёды даглядаюць. І мы стараемся».

Традыцыя ўсім разам хадзіць на суботнікі, разважае шклаўчанка, гэта не толькі пра добраўпарадкаванне і чысціню на вуліцах. «Я як выхавальнік прывіваю дзецям адказныя адносіны да месца, дзе яны жывуць, прывучаю іх да працы. Каля нашай гімназіі ёсць Магіла Невядомага Салдата. І мы раз у месяц наведваем яе, даглядаем, ускладаем кветкі. Я стараюся прывіваць ім разуменне важнасці і патрэбнасці такіх месцаў, - распавяла Ірына Кавалёва. - Суботнікі і патрыятызм таксама звязаныя. Гэта традыцыя закладзена ў нас яшчэ старэйшым пакаленнем, мы ў сябе гэта ўвабралі, зараз перадаем далей, наступным пакаленням. Праз суботнік, свой уклад у клопат аб горадзе і праяўляецца любоў да малой радзімы. Я ганаруся, што жыву ў гэтым горадзе, рада, што ў нас парадак, прыгожыя вуліцы, шмат азелянення. І таксама хачу ўносіць свой уклад у навакольнае хараство», - падсумавала яна.

Вучань 10-га класа сярэдняй школы №1 Шклова Георгій Булдаў разам з іншымі дзяцьмі працаваў сёння ля стэлы на левым беразе Дняпра. Абеліск збудаваны ў памяць абаронцаў і вызваліцеляў Шклоўскага раёна, землякоў-воінаў, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў азнаменаванне 35-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падлетак расказаў, што памятныя мясціны яны наведваюць часта, заўсёды прыходзяць ускладаць кветкі ў святочныя дні. А сёння тут сабраўся ўвесь клас, каб зрабіць тэрыторыю вакол стэлы чысцейшай і прыгажэйшай. «Мы заўсёды ходзім на суботнікі, калі гораду патрэбна дапамога. Мы ж тут жывем, таму трэба падтрымліваць чысціню і парадак у роднай хаце, - распавёў ён. - І сёння на помніку мы не проста прыбіраем лістоту і наводзім парадак. Мы жывем у мірнай і прыгожай краіне, у нас ёсць усё, каб расці і развівацца, дабівацца высокіх вынікаў. І ў гэтым заслуга шматлікіх пакаленняў, што жылі тут да нас, нашых ветэранаў і ўсіх тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Усё, што мы можам зараз, - гэта памятаць іх. І вось такімі маленькімі справамі, даглядаючы помнікі і магілы, мы выказваем сваю падзяку ім за гэта. Мы павінны самі рабіць гэта зараз, а потым перадаваць гэтыя традыцыі наступным пакаленням».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая