RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Акцыя «Нашы дзеці»: намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч сустрэўся з адоранымі школьнікамі Бялыніцкага раёна

У краіне працягваецца традыцыйная акцыя «Нашы дзеці». Сёння раніцай Бялынічы наведаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч. Першы адрас свята –раённы цэнтр культуры, дзе на «Фабрыку зорак» сабралася адораная моладзь з усяго раёна. У ролі зорак –школьнікі ва ўзросце ад 9 да 17 гадоў: выдатнікі вучобы, пераможцы розных конкурсаў, алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў. Для найлепшых з найлепшых і былоарганізавана яркае свята: з клоўнамі, казачнымі героямі, Дзедам Марозам, Снягуркай і, канечне, салодкімі падарункамі. Са сцэны гучалі музыка, навагоднія віншаванні і пажаданні.

– Нельга застацца абыякавым да асаблівай атмасферы, якая сёння напаўняе гэтую залу. Гэтую асаблівую аўру ствараеце вы –сваімі цёплымі ўсмешкамі, шчырымі эмоцыямі, сваёй энергетыкай, якая дазваляе і нам, дарослым, нягледзячы на ўсе складанасці ўжо мінулага высакоснага года, таксама адчуць набліжэнне навагодніх урачыстасцяў, – звяртаючыся да дзяцей, адзначыў намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч. – Свой удзел у гэтым свяце вы заслужылі сваімі поспехамі ў вучобе, творчасці, спорце, грамадскім жыцці, стараннем і працавітасцю. І заўсёды павінны памятаць, што дасягненне жаданай мэты магчыма толькі праз намаганне, цярпенне і стараннасць. А яшчэ неабходна заўсёды верыць у сябе, у сваю краіну, памятаць аб сваёй малой радзіме – бялыніцкім краі. Паверце, тут вас заўсёды будуць чакаць, тут вам будуць заўсёды рады. Як сказаў паэт, «трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці».

Памятаць пра тое, што менавіта яны –будучыня роднай краіны, што іх перамогі –гэта перамогі роднай Беларусі, папрасіла юных землякоў і начальнік аддзела па адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Жанна Звягіна.

17-гадовая Яна Джафарава – з тых, хто ставіць перад сабой мэты і дамагаецца іх. На «Фабрыцы зорак – 2020» у Бялынічах яна невыпадкова: у гэтым годзе адзінаццацікласніца заняла другое месца на раённай алімпіядзе па фінансавай граматнасці, прадстаўляла раён на абласной алімпіядзе.

– Напэўна, самае галоўнае жаданне, якое ў навагоднюю ноч будуць загадваць усе, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу, – моцнага здароўя, – усміхаецца будучы доктар Яна, якая пасля школы плануе паступаць у медыцынскую ВНУ. – І я не выключэнне. Пандэмія ўнесла прыкметныя карэктывы ў жыццё кожнага, але мы настроены аптымістычна. І сёння сабраліся тут на цудоўнае свята.

Ягору Рыбакову –13 гадоў. Але, нягледзячы на тое што ён вучыцца толькі ў 8-м класе, з будучыняй даўно вызначыўся. Ягор з 6 гадоў займаецца музыкай, іграе на фартэпіяна, сёлета стаў адным з пераможцаў міжнароднага конкурсу піяністаў, які праходзіў у Польшчы:

– Сваёй мары я не змяню: цвёрда вырашыў, што буду музыкантам. Сваім аднагодкам хачу пажадаць веры ў свае сілы, мэтанакіраванасці,бо, калі чагосьці вельмі хочаш, яно абавязкова збудзецца. А цяпер самы час загадваць жаданні. А яшчэ загадаю, каб у нашай цудоўнай краіне людзі жылі мірна і шчасліва.

– Вельмі хвалююча і прыемна знаходзіцца сёння сярод такой колькасці таленавітых дзяцей. Вы сапраўды зоркі, наш гонар. Вы –прыклад для іншых вучняў, – падзякаваў юным землякам старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка. – Напярэдадні Новага года хацелася б пажадаць вам далейшых поспехаў, а педагогам – адкрываць новыя таленты.

Дарэчы, у Бялынічы Андрэй Кунцэвіч прыехаў з падарункамі. Сертыфікат на суму 10 тысяч рублёў ён уручыў дырэктару Бялыніцкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, адзначыўшы пры гэтым:

–Ужо не першы год па ініцыятыве Прэзідэнта праходзіць выдатная акцыя «Нашы дзеці». У гэтым годзе яна ахопіць больш за 700 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта своеасаблівы марафон дабра, які дазваляе ўсім нам адчуць, убачыць і ацаніць па-сапраўднаму чалавечыя каштоўнасці,такія, як любоў, спачуванне, добрасардэчнасць, клопат. І сёння, прытрымліваючыся прынцыпу, што Новы год трэба пачынаць з новых добрых спраў, я і перадаю гэтыя грошы ўстанове, якая займаецца асаблівымі дзецьмі, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Дарэчы, сёння намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч пабывае і ў Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнаце.

 СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая