Алег Дзьячэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:
- У час уручэння дзяржаўных узнагарод заслужаным людзям нашай краіны Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што дзень уз'яднання Беларусі 17 верасня 1939 года стаў «сімвалам нашага нацыянальнага адзінства, не падуладнага часу».
І сапраўды, гістарычныя падзеі, якія адбыліся 84 гады таму, карэнным чынам змянілі аблічча Беларусі, сацыяльную структуру грамадства, паўплывалі на ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці народа. Падчас польскага паходу Чырвонай Арміі амаль 4 мільёны беларусаў былі вызваленыя ад прыгнёту польскіх акупантаў, ад нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту.
Беларусь прырасла тэрытарыяльна. На вызваленых землях былі знішчаны старыя феадальныя адносіны, ліквідавана памешчыцкае землеўладанне, нацыяналізаваны прамысловасць і транспарт, створаны ўмовы для хуткага эканамічнага развіцця і паляпшэння матэрыяльнага становішча людзей. Пачалося раўнапраўнае і свабоднае развіццё ўсіх нацый і нацыянальных меншасцей. Адкрыліся беларускія, украінскія і яўрэйскія школы, тэатры і кінатэатры, дамы культуры, бібліятэкі, убачылі свет беларускамоўныя перыядычныя выданні.
Чырвоная Армія паўстала перад сялянамі і працоўнымі заходніх абласцей як іх роднае войска, непарыўна звязаная з простым народам, якая адстойвае яго інтарэсы, суверэнітэт і дзяржаўную незалежнасць. Справядлівы вызваленчы характар польскага паходу, яго вялікія і высакародныя мэты, бяспрыкладная самаадданасць і небывалы масавы энтузіязм, які выяўляла насельніцтва вызваленых рэгіёнаў Заходняй Беларусі, зафіксаваны ў гістарычных дакументах, кадрах кінахронікі, у мастацкай літаратуры і выяўленчым мастацтве.
Пасля 17 верасня 1939 года беларусы не толькі ўмацавалі сваю нацыянальную дзяржаўнасць у форме самастойнай савецкай сацыялістычнай рэспублікі, але і надалей заявілі аб сабе на сусветнай палітычнай арэне ў якасці сучаснай міралюбівай еўрапейскай нацыі.
Прынятае ў 2021 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам рашэнне надаць Дню народнага адзінства статус дзяржаўнага свята гістарычна абгрунтавана, «не падуладна часу» і адлюстроўвае волю беларускага народа да захавання сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, умацавання грамадзянскага міру і згоды ў грамадстве.
mogilevnews.by