RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Александрыя: ад вёскі да аграгарадка

«А гады ляцяць, нашы гады як птушкі…» – спяваецца ў вядомай песні. З часам мяняюцца і населеныя пункты. Але ў кожным ёсць нешта непаўторнае і асаблівае: самабытнасць, традыцыі і звычаі. У нашым сённяшнім аглядзе – аграгарадок Александрыя.

З гісторыі

Цяпер ужо ніхто не скажа дакладна, у якім годзе з’явілася вёска, (а цяпер аграгарадок) Александрыя. Адно вядома, што першая згадка ў рукапісных крыніцах адносіцца да сярэдзіны 17 стагоддзя як мястэчка з гандлёвымі крамамі, млыном, карчмой, заснаванае графам Аляксандрам Хадкевічам. Ад яго ж імя і назва – Александрыя. Не абышла яе бокам і Паўночная вайна (1700–1721 гг.). Пад кіраўніцтвам Пятра Першага праходзіў шэраг фартыфікацыйных работ. А там, дзе цяпер Пятроўскі вал, быў дом цара, які знішчылі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1772 годзе пры першым падзеле Рэчы Паспалітай тэрыторыя сучаснай Александрыі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1812 годзе з берага фельдмаршал Кутузаў фарсіраваў Днепр. У 1886 годзе ў мястэчку Александрыя было 312 жыхароў, 2 млыны, кузня, малельны дом, 2 школы граматы. Да Вялікай Айчыннай вайны ў вёску правялі электрычнасць.

Загадкавая знаходка

Загадкавая знаходка цяпер захоўваецца ў школьным музеі. Некалькі дзясяткаў гадоў таму мясцовы жыхар Анатоль Карпечанка капаў бульбу і знайшоў дзіўны металічны прадмет. Ачысціўшы яго ад зямлі, ён вырашыў, што гэта шахматная фігура. Аднак, вывучаючы на працягу многіх гадоў гісторыю аграгарадка, Анатоль Рыгоравіч прыйшоў да высновы, што гэта можа быць пячатка, якая да таго ж належыць заснавальніку Александрыі – Аляксандру Хадкевічу. І гэтая версія мае месца быць. І малюнак кароны на знаходцы паказвае, што належаў прадмет саноўнай асобе.

Гады, апаленыя вайной

У 1918 годзе тэрыторыя цяперашняга аграгарадка была акупаваная войскамі кайзераўскай Германіі. Не абышла Александрыю і Вялікая Айчынная вайна. З ліпеня 1941 па чэрвень 1944 года доўжылася акупацыя нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Яны спалілі 36 дамоў, разрабавалі калгасную маёмасць. 23 чэрвеня 1944 года савецкія войскі перайшлі ў наступленне. Пачалася Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». Вызваленне аграгарадка праходзіла войскамі 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-палкоўніка Захарава. З фронту не вярнулася 62 жыхары Александрыі і яе ваколіц. Помнік балеснай маці да гэтага часу нагадвае аб гадах, апаленых вайной.

І толькі памяць вяртае…

Александрыя стала для Васіля Пракаповіча Ісакава роднай у 1974 годзе, калі ён прыехаў працаваць у мясцовую гаспадарку галоўным аграномам. «Калі супаставіць 70-я і сучаснасць, то змены істотныя. У той час вясной і восенню ехалі верхам на конях. Была і паромная пераправа праз Днепр, якая перавозіла да дзвюх грузавых машын, хадзілі катары. Крама тады была ў канцы вёскі – каля станцыі Копысь, драўляная школа размяшчалася ў трох будынках, – успамінае Васіль Пракаповіч. – У пачатку 80-х з’явіўся ў асфальтавы завод. Дзякуючы гэтаму на працягу двух-трох гадоў вуліцы населенага пункта, пад’езды на малочнатаварныя фермы і іншыя аб’екты калгаса былі заасфальтаваныя. Пачалося будаўніцтва дарогі на Шклоў, з’явілася транспартная сувязь. А з 90-х гадоў у Александрыі пачалося будаўніцтва жылля, сталі з’яўляцца двухпавярховыя дамы. Пабудавалі цагляную школу, правялі газ. Безумоўна, цяпер знешні выгляд зусім іншы, ды і ўмовы пражывання не адрозніваюцца ад гарадскіх».

Новы дзень старажытнага мястэчка

Сёння ў аграгарадку Александрыя пражывае 647 чалавек з якіх 394 – працаздольнага ўзросту, 158 – дзяцей, 95 – пенсіянераў. Трэба адзначыць, што нараджальнасць тут перавышае смяротнасць. Александрыя складаецца з 9 вуліц і забяспечана сацыяльнымі стандартамі. Тут ёсць аддзяленне сувязі і Беларусбанка, 2 магазіны, Цэнтр культуры і вольнага часу з бібліятэкай, сярэдняя школа, яслі-сад, дом бытавых паслуг, АУАП, універсальны спартыўны комплекс, рэстаранна-гасцінічны комплекс, сталовая. Забяспечвае камфортныя ўмовы пражывання цэнтральнае вода- і газазабеспячэнне. Ахвотна ў аграгарадку застаецца моладзь. «У Александрыі жыву два гады. Выйшла замуж і прыехала на радзіму мужа. Хоць я і нарадзілася ў Магілёве, але прывыкла хутка. Нягледзячы на тое, што сельская мясцовасць, тут ёсць усё неабходнае для жыцця і адпачынку. А яшчэ ў аграгарадку вельмі ўтульна і спакойна. Мне падабаецца», – зазначыла бібліятэкар Александрыйскай сельскай бібліятэкі Ганна Аткідыч.

Наталля КАЗЯБРОДСКАЯ, shklovinfo.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая