RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Алея Міру з’явілася на аднайменным праспекце ў Магілёве

Алея Міру з’явілася на аднайменным праспекце ў Магілёве. Ініцыятарам добраўпарадкавання стала МТРК «Мір».

У якасці аб’екта добраўпарадкавання праспект Міру ў Магілёве быў выбраны невыпадкова. Як расказаў галоўны рэдактар «Радыё “Мір”» Аляксей Адашкін, прычын для гэтага было некалькі. «Наша акцыя прымеркавана да некалькіх важных падзей: сёлета тэлерадыёкампанія «Мір» адзначае 30-годдзе, а «Радыё “Мір”» – 25-годдзе. Гэтыя дзве яркія падзеі мы будзем святкаваць цэлы год, і сённяшняя акцыя таксама прымеркавана да гэтых юбілеяў. Акрамя гэтага, мы актыўна супрацоўнічаем з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – зараз праходзіць акцыя «Дрэва героя». Мы злучылі ўсе гэтыя падзеі і вырашылі пасадзіць дрэвы. Мы дакладна ведаем, што ў “Радыё “Мір”», тэлеканалаў «Мір» і «Мір 24» ёсць адданыя гледачы і слухачы ў гэтым абласным цэнтры. Таму вырашылі зрабіць такі карысны падарунак нашай аўдыторыі. І нашы дрэвы будуць доўга ўпрыгожваць горад на Дняпры, – адзначыў Аляксей Адашкін. – І вельмі сімвалічна, што наша акцыя праходзіць на праспекце Міра».

Супрацоўнікі ТРК і ўдзельнікі акцыі высадзілі насупраць Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я. Глебава плакучыя бярозы. Як адзначыла вядучы аграном прадпрыемства «Магілёўзелянбуд» Ніна Дземідзенка, гэтыя дрэвы выгадавалі ў дэкаратыўным гадавальніку магілёўскага прадпрыемства. Ад звычайных бяроз іх адрознівае форма кроны.

Паводле слоў намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Алы Галушкі, у Магілёве ёсць шмат сквераў і паркаў, многія з іх маюць сімвалічныя назвы. «Магілёў – дружалюбны многім гарадам Расійскай Федэрацыі, у нас шмат гарадоў, з якімі ўстаноўлены пабрацімскія сувязі. І ўсіх гэтых дружалюбных сувязяў не магло б быць ні паміж краінамі, ні паміж гарадамі, ні паміж людзьмі, калі б не было паміж намі міру, – адзначыла яна. – У Магілёве ёсць шмат сквераў і алей, якія носяць сімвалічныя назвы. Ёсць алея Славы, якая знаходзіцца на Буйніцкім полі. Ініцыятарам яе з’яўлення стала ветэранская арганізацыя. Яна створана ў памяць аб героях вайны. Ёсць алея Сям’і, якая размясцілася непадалёк ад ракі Дняпро. Ёсць алея Сяброўства, якая знаходзіцца ў парку Падміколле. Там жа ёсць алея Гарадоў-пабрацімаў. А сёння на праспекце Міру з’явілася алея Міру. Закладваць такія алеі – добрая традыцыя, якая аб’ядноўвае людзей».

Як расказаў намеснік старшыні Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Бародзька, за мінулы год у Магілёўскай вобласці было высаджана больш за 80 тыс. дрэў. «Высаджваць дрэвы ў горадзе неабходна. Гэта не толькі забяспечвае яго прывабнасць, але і дае дадатковую крыніцу кіслароду. Пад эгідай міністэрства ў краіне праходзіць акцыя «Дрэва героя»: па рэспубліцы закладваюць паркі, скверы, алеі. Усё гэта робіцца ў памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны героях, – расказаў ён. – Пасаджанае вамі дрэва будзе цешыць не толькі вас, але і вашых нашчадкаў. Магілёўцы актыўна далучаюцца да высадкі дрэў. Дзякуючы намаганню гараджан, мясцовай уладзе, Магілёў дасягнуў узроўню азелянення ў 40%. На дасягнутым спыняцца не плануем, будзем працягваць працаваць над добраўпарадкаваннем, азеляненнем і экалогіяй у рэгіёне».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая