RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Гарошкін: мы актыўна падтрымліваем і будзем падтрымліваць грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на добраўпарадкаванне

Адкрыты конкурсны адбор праектаў грамадзянскіх ініцыятыў для рэалізацыі на тэрыторыі вобласці ў бягучым годзе стартаваў у Магілёўскім аблвыканкаме. Камісія на чале са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Аляксандрам Гарошкіным сёння разгледзела частку прадстаўленых праектаў, другую частку іх ініцыятары прэзентуюць 31 студзеня. Усяго да арганізатараў - у абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў паступіла каля 50 праектаў, з іх 35 былі дапушчаны да конкурсу. Па выніках прадстаўленняў камісія выставіць удзельнікам ацэначныя балы, сума якіх у выніку вызначыць пераможцаў. Рэалізацыя ініцыятыў будзе прафінансавана за кошт дзяржаўнага бюджэту, прадугледжанага на гэтыя мэты. Умовамі конкурсу абазначана таксама, што пасільную лепту ўнясуць самі грамадзяне.

«Указам кіраўніка дзяржавы 2025 год аб'яўлены Годам добраўпарадкавання. Досвед паказвае, што жыхары нашага рэгіёна, ды і не толькі рэгіёна, рэспублікі ў цэлым, зацікаўлены ў тым, каб на вуліцах іх гарадоў, сёлаў, пасёлкаў з кожным днём станавілася ўсё прыгажэй і ўтульней. Каб яны былі добраўпарадкаваны, - адзначыў Аляксандр Гарошкін. - Як дэпутацкаму корпусу для нас вельмі важна, каб не толькі мясцовая вертыкаль улады займалася гэтымі пытаннямі. Нам таксама важна і цікава, каб самі грамадзяне актыўна ўдзельнічалі ў працэсе.

Адным са спосабаў далучэння нашага грамадства ў працэс добраўпарадкавання з'яўляецца рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў. Вопыт мінулага года паказаў, што кожны раён прапануе па дзве-тры ініцыятывы, абыякавых няма. За 2024 год сярод такіх праектаў у нас на Магілёўшчыне было адабрана і рэалізавана дзесяць. У гэтым годзе мы таксама бачым цікавасць. Ініцыятывы, якія паступілі на конкурс, абсалютна розныя, пачынаючы ад добраўпарадкавання месцаў пахавання людзей, якія праславілі той ці іншы раён, да такіх ініцыятыў, як добраўпарадкаванне крыніц, узвядзенне дзіцячых і спартыўных пляцовак. Мы з вялікім задавальненнем падтрымаем іх, з улікам таго, што ў бюджэце на гэтыя мэты закладзены больш як Br400 тысяч. Акрамя таго, адной з умоў ініцыятывы з'яўляецца суфінансаванне праекта грамадзянскім насельніцтвам, гэта значыць - ініцыятарам. І я ўпэўнены, што рэалізацыя гэтых праектаў надае значнасць працэсу добраўпарадкавання. Людзі пачынаюць больш трапятліва ставіцца да тых мясцін, дзе праявілі ўдзел, у тым ліку, за кошт уласных сродкаў і сіл, вядома, з дапамогай дзяржавы. Пры гэтым каштоўнасць такіх ідэй заключаецца ў тым, што людзі прапануюць тое, што ім сапраўды трэба: нейкаму аграгарадку патрэбна дзіцячая пляцоўка, а камусьці – куток, дзе могуць сабрацца маладыя сем'і і г.д.»

Кіраўнік дэпутскага корпуса рэгіёна падкрэсліў: «Менавіта таму мы актыўна гэтыя ініцыятывы падтрымліваем і будзем падтрымліваць».

Так, на абарону праекта сёння прыехала з Быхава загадчыца мясцовага дзіцячага сада №1 Маргарыта Баркова. Яна прадставіла праект па рамонце і добраўпарадкаванні памятнага аб'екта «Плошча Герояў», размешчанага на месцы былога ваеннага гарнізона. «Сёння мы павінны захоўваць сваю гістарычную памяць. Менавіта дзякуючы гэтаму будзе працягвацца далейшая гісторыя нашай краіны. На ёй вучыцца і выхоўваецца наша маладое пакаленьне. І яна павінна бачыць, як клапоціцца наша дзяржава аб гістарычных аб'ектах, наколькі гэта дорага нам. І вучыцца ставіцца гэтак жа трапятліва, - падзялілася меркаваннем яна. – А нашая «Плошча Герояў» унікальная, аналагаў якой у краіне няма. Там адлюстравана гісторыя Грамадзянскай вайны, устаноўлены бюсты Фрунзэ, Чапаеву, Калініну, Кіраву, помнік Леніну і бюсты 30 Героям Савецкага Саюза. Жадалася бы, каб у кожнага бюста з'явіліся таблічкі з імёнамі герояў. Каб жыхары і госці горада ведалі іх, каб члены сем'яў герояў, каб нашы падрастаючыя пакаленні, дзеці, унукі і праўнукі бачылі, што гісторыя захоўваецца, беражэцца і цэніцца.

Таксама ў планах – усталяваць інфармацыйны стэнд, які б расказваў моладзі і гасцям пра слаўную гісторыю, пра дзейныя экспазіцыя і мерапрыемствы, звязаныя з захаваннем нашага гераічнага мінулага. Хацелася б уладкаваць у гэтым месцы ліхтары і лаўкі. Таму што гэта ўпадабанае месца самага маленькага пакалення, якое там катаецца на веласіпедах, на роліках, дзе любяць прагуляцца, абмеркаваць навіны, пачытаць кнігі на лаўках пенсіянеры. Гэтая плошча вартая быць эстэтычна аформленай і людзі гатовыя ўнесці свой уклад».

З грамадзянскай ініцыятывай выступіла сёння і першы сакратар Клімавіцкага раённага камітэта ГА «БРСМ» Наталля Судзілоўская: «Праект, які я прадстаўляю, мае вялікае грамадскае значэнне – гэта месца для адпачынку ў аграгарадку Цімонава. У ім пражываюць каля паўтары тысячы насельніцтва, 40% з якога складае дзеці, падлеткі і моладзь. Аднак абсталяванага месца для адпачынку на свежым паветры няма. І мы прапануем стварыць сквер сямейнага тыпу. Дзе змогуць адпачываць, цікава размаўляць, займацца спортам, фізічнай культурай дзеці і дарослыя. Таму для нашага раёна праект вельмі актуальны, мае сваю значнасць. Безумоўна, жыхары аграгарадка, а гэта шматдзетныя сем'і, педагагічны калектыў, члены сельскай Рады дэпутатаў, прадпрымальнікі і ўсе грамадзяне, зацікаўлены і гатовы падключыцца да такой значнай агульнай справы».

Пасля прадстаўлення праектаў па суме набраных балаў будзе складзены рэйтынг, пераможцы якога ў парадку чарговасці атрымаюць магчымасць фінансавання заяўленага праекта ў межах агульнай сумы Br400 тысяч. Потым адбудзецца выніковае пасяджэнне, вынікі конкурснага адбору да 14 лютага будуць апублікаваны на сайце Магілёўскага аблвыканкама і ў газеце «Магілёўскія ведамасці».

Юлія Таранава, фота аўтара

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая