Рус Бел Eng 中文

Аляксандр Лукашэнка чакае ад аграрыяў новых ідэй для развіцця прадпрыемстваў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе сельскагаспадарчую галіну краіны на развіццё новых напрамкаў. Адпаведныя задачы кіраўнік дзяржавы паставіў сёння ў час наведвання сельгаспрадпрыемства «Газавік-Сіпакова» ў аграгарадку Дабрэйка Магілёўскай вобласці.

Наведваючы гаспадарку, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся спецыялізацыяй прадпрыемства, перспектывамі яго развіцця.

Дырэктар «Газавіка-Сіпакова» Вадзім Гарбіна расказаў, што прадпрыемства займаецца вытворчасцю мяса-малочнай прадукцыі і мае намер пашыраць гэты напрамак. Праз год-два тут плануюць вырабляць рапсавы алей, пакуль гэту культуру толькі вырошчваюць і затым прадаюць іншым гаспадаркам.

Прэзідэнт адзначыў, што на фоне іншых прадпрыемстваў у вобласці «Газавік-Сіпакова» працуе добра, але трэба развіваць новыя напрамкі. «Патрэбна адметнасць у кожнай гаспадарцы, як даўней працаваць нельга - гэта бяда, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Трэба не толькі генерыраваць новыя ідэі, але і ствараць новыя напрамкі развіцця».

Вырабляць, звярнуў ён увагу, трэба запатрабаваную на рынку прадукцыю: калі, напрыклад, попытам карыстаюцца брусніцы ці грыбы, трэба заняцца іх вырошчваннем. «Вам трэба падумаць аб сур'ёзных перспектывах. Так, гэта паўночныя рэгіёны, тут, напэўна, лазу вінаградную не пасееш, імпартазамяшчэннем займацца не будзеш. Але ўсё роўна па імпарце мы шмат чаго завозім», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Яго ўзровень развіцця такі, што ён павінен не проста ўзараць, пасеяць, камбікармы вырабіць, аддаць каровам, перапрацаваць быкоў на мяса, а ад кароў атрымаць малако. Гэта элементаршчына. Пры такой ужо базе трэба думаць, як апрацоўваць пойму Дняпра, якіх баранаў, авечак на гэтай пойме гадаваць, - сказаў Прэзідэнт. - У гэтым сутнасць развіцця сельскай гаспадаркі і ў гэтым сутнасць сказанага ў Баранавічах. Усё, традыцыйна працаваць забылі - гэта павінна працаваць аўтаматам. Трэба ствараць новае».

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся зарплатамі на прадпрыемстве. Яму далажылі, што ў мінулым годзе сярэдняя заработная плата ў гаспадарцы склала амаль Br900. Акрамя таго, работнікам прадастаўляюць добры сацыяльны пакет. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта добры ўзровень зарплаты для вёскі.

Прадпрыемства «Газавік-Сіпакова» з'яўляецца філіялам РУП «Магілёўаблгаз», якое часткова падтрымлівае гаспадарку. Аднак яно ў бліжэйшыя гады мае намер выйсці на самафінансаванне. Кіраўнік дзяржавы даручыў вывучыць вопыт замацавання гаспадарак за буйнымі прадпрыемствамі: «Будзе складана без прамысловасці выцягнуць сельскую гаспадарку. Трэба яшчэ раз рэвізію правесці. І мне асабіста далажыце, дзе пойдзем такім шляхам».

Прэзідэнт пацікавіўся работай і іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна, у тым ліку «Купалаўскага» і «Александрыйскага». Ён падкрэсліў, што не задаволены развіццём сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці і паабяцаў прыняць строгія меры. «У вас правал па ўсіх напрамках. І пры тым не на паўпрацэнта-працэнт», - канстатаваў ён.

У «Газавік-Сіпакова» Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з гатоўнасцю тэхнікі да палявых работ, умовамі яе захоўвання і абслугоўвання, паразмаўляў з механізатарамі і наведаў некалькі рамонтных цэхаў.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая