RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка наведаў Магілёўскую абласную клінічную бальніцу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падчас рабочай паездкі ў Магілёў наведаў абласную клінічную бальніцу.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з працай медыцынскай ўстановы, у тым ліку па аказанні дапамогі хворым на каранавірусную інфекцыю. Як расказаў Аляксандру Лукашэнку галоўны ўрач бальніцы Анатоль Кулік, зараз на тэрыторыі бальніцы ідзе маштабнае будаўніцтва – узводзіцца кардыяхірургічны корпус. Яго плануецца здаць у лістападзе 2021 года.

Паводле слоў галоўнага ўрача, у бальніцы працуе каля 1,5 тыс. супрацоўнікаў. З 853 ложкаў 350 вылучаныя для хворых на каранавірус. На сённяшні дзень 108 ложкаў вольныя. «Апошні тыдзень у нас спыненне росту і нават памяншэнне па захворванні», – заявіў Анатоль Кулік.

«На сённяшні дзень асаблівасць у тым, што паўднёвыя вобласці нармальна сябе адчуваюць. А Магілёўская вобласць – у сярэдзіне. Вышэй, чым паўднёвыя вобласці, таму што яна не перахварэла ў першую хвалю», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па традыцыі Прэзідэнт наведаў некалькі аддзяленняў, дзе праходзяць лячэнне хворыя на каранавірус, пагутарыў з урачамі, якія працуюць у «чырвонай зоне», і пацыентамі. Затым кіраўнік дзяржавы сустрэўся з калектывам бальніцы. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў медыкаў, хто з іх перахварэў на каранавірус. «Тут наогул палова! У Мінску 20–25% было, не больш, – здзівіўся ён колькасці паднятых рук. – Цяпер хварэць і вам, і мне некалі. Заканчваецца год – пачынаецца новы. І наогул Новы год – сямейнае свята. Таму я вам жадаю напярэдадні Новага года і ў новым годзе наогул ніколі не хварэць. Хоць, як урачы, вы разумееце, што гэта амаль немагчыма ў нашым жыцці».

Кіраўнік дзяржавы таксама захапіўся месцам, дзе пабудавана Магілёўская абласная бальніца. Раней гэта тэрыторыя была акружаная палямі, цяпер тут выраслі новыя карпусы.

«Дзякуй Богу, лес не высеклі. Трэба пабольш высадзіць вакол дрэў. Не трэба блізка дамамі падыходзіць да бальніцы, мы знойдзем месца, дзе пабудаваць жыллё для магілёўцаў, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Добрая ў вас бальніца, адно з найлепшых месцаў у рэспубліцы, дзе знаходзіцца абласная бальніца. Бальніца прыемная, чыстая».

Наведванне Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы працягнула серыю паездак кіраўніка дзяржавы па рэгіянальных установах аховы здароўя, якія займаюцца лячэннем кавідных пацыентаў. Раней Аляксандр Лукашэнка наведаў 4-ю і 6-ю гарадскія клінічныя бальніцы Мінска, Віцебскую абласную клінічную радзільню і Стаўбцоўскую цэнтральную раённую бальніцу.

БЕЛТА

Відэа: АНТ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая