RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Беларусі

Абноўлена ў 14.10

Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Беларусі. Цырымонія інаўгурацыі ў гэтыя хвіліны праходзіць у Палацы Незалежнасці.

На цырымонію інаўгурацыі запрошана некалькі соцень чалавек. У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт уступае на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: «Уступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».

Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка вымавіў прысягу на беларускай мове. Затым ён падпісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Як паведамлялася, выбары кіраўніка дзяржавы адбыліся 9 жніўня. Паводле даных ЦВК, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў. Яўка ў цэлым па краіне склала 84,28%.

 

Выступленне Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўступлення на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

– Дарагія суайчыннікі!

У гэты ўрачысты дзень Прэзідэнт дае клятву на вернасць Айчыне і народу з асаблівым пачуццём. У ім вельмі шмат гонару за беларусаў, якія з гонарам прайшлі выпрабаванні на трываласць, перш за ўсё сваіх перакананняў. Дзень уступлення на пасаду Прэзідэнта, дзень інаўгурацыі – гэта дзень нашай з вамі перамогі, пераканаўчай і лёсавызначальнай. Мы не проста выбіралі Прэзідэнта краіны – мы абаранялі нашы каштоўнасці, наша мірнае жыццё, наш суверэнітэт і нашу незалежнасць. І ў гэтым плане нам трэба будзе яшчэ нямала зрабіць.

Так, бягучы год увойдзе ў гісторыю Беларусі як вельмі эмацыйны перыяд. Нашай дзяржаўнасці быў кінуты беспрэцэдэнтны выклік – выклік неаднаразова адпрацаваных безадмоўных тэхналогій знішчэння незалежных дзяржаў. Але мы апынуліся ў ліку вельмі нямногіх, нават, можа быць, адзіныя, дзе каляровая рэвалюцыя не адбылася. І гэта выбар беларусаў, якія ні ў якім разе не хочуць страціць краіну.

Мы пераканаліся, што нашы грамадзяне ў абсалютнай большасці любяць сваю зямлю, жадаюць ёй міру, спакою і працвітання. Нягледзячы на па-д’ябальску ўдасканаленыя падштурхоўванні звонку, захавалі павагу адзін да аднаго.

Калісьці Божай воляй народ Беларусі лёгка і, скажам прама, нечакана здабыў сваю незалежнасць. І мы доўга ўспрымалі яе як дадзенасць. Часам не шанавалі. Сёння ж, выпакутаваўшы гэтую перамогу, мы падняліся на новую прыступку самасвядомасці. Астыўшы ад гарачкі электаральных баталій, убачылі, як сталее ўся наша нацыя. І хай Беларусь па сусветных мерках зусім маладая незалежная дзяржава, але беларусы як нацыя ўжо не дзеці, мы – народ.

І, знаходзячыся на краі сусветнага крызісу, мы павінны вярнуць краіну да бяспечнага жыцця, якое было ў нас заўсёды, прыйсці да згоды дзеля нашай будучыні. І мы гэта зробім. Я не магу, не маю права кінуць беларусаў, якія звязалі з дзяржаўным курсам не толькі палітычныя перавагі, але і свой лёс, будучыню сваіх дзяцей, усіх, хто ў такі складаны для Беларусі перыяд застаўся верны краіне і народу. Гэта тыя, хто гераічна супрацьстаяў пагрозе пандэміі, выяўляючы свае найлепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці, тыя, хто збярог здаровы сэнс ва ўмовах дэзарыентацыі грамадства.

Дзяржаўныя служачыя і людзі ў пагонах праявілі стойкасць, мужнасць і маналітнасць. Гэта не столькі службовы абавязак, але і іх свядомы выбар. Калі шчыра, я ўбачыў людзей у справе, зразумеў, што не толькі мяне, але і наш народ акружаюць патрыёты.

Ва ўмовах поствыбарнай абстаноўкі калектывы прадпрыемстваў паказалі ўсю сваю мудрасць, выбраўшы цэх, а не плошчу. Не падвялі працаўнікі вёскі. Дзякуючы ім усе гэтыя месяцы рэгіёны жылі звычайным жыццём – людзі апрацоўвалі і прыбіралі ўраджай з палёў.

Дзяржаўная палітыка ў галіне навукі, творчасці і спорту непазбежна спародзіць новых герояў. Хацелася б такіх, якія адэкватна ацэняць уклад у іх дзяржавы і будуць гэтай дзяржаве заўсёды ўдзячныя.

Сіла беларускай улады, заклад даверу да яе заключаюцца ў тым, што нават у самыя цяжкія часы мы не адмаўляліся ад сваёй сацыяльнай палітыкі, ад сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Падтрымка пенсіянераў, шматдзетных сем’яў, сацыяльна ўразлівых слаёў грамадства застанецца візітнай карткай беларускага шляху пры любых абставінах і ў любых умовах.

Важна, каб і моладзь захоўвала павагу да сваіх бацькоў. У нашых дзяцей перад вачыма годны прыклад рацыянальнай мудрасці. Мы паказалі, што стварэнне новага магчыма толькі на базе дасягнутага.

У цэлым мы не адступім ад сістэмнага руху наперад, пры гэтым не адмовімся ад стаўкі на навацыі і эфектыўную эканоміку. Мудрыя інвестары, думаючыя катэгорыямі трансгранічнай камерцыі, ацэняць нашы дзеянні па стварэнні прывабных умоў для бізнесу. Але ў аснове дзяржаўнай палітыкі – чалавек і наша гатоўнасць на новым якасным узроўні адказаць яго чаканням.

Таксама ў ліку прыярытэтаў – новае грамадства. Яно наладжана на больш актыўнае прасоўванне грамадска-палітычных ініцыятыў. Як я ўжо гаварыў, мы вядзём працу над новай Канстытуцыяй. Трэба стварыць умовы для развіцця сапраўднай, падкрэсліваю, партыйнай сістэмы, удасканаліць выбарчае заканадаўства, адпрацаваць пытанні рэфармавання мясцовага самакіравання, што ўжо робіцца. Пры гэтым я абсалютна перакананы, што адзінай формулай выжывання Беларусі з’яўляецца моцная ўлада, вернасць курсу, падтрымка людзей. Аснова нашага развіцця – воля народа, якая выяўляецца тут, у сваёй краіне. І мы самі без усялякага вонкавага ўдзелу разбяромся ў нашых праблемах, прыйдзем да згоды, забяспечым супрацоўніцтва ўсіх слаёў грамадства пры выкананні законнасці і ўзаемнай павагі.

Як любая моцная дзяржава, мы застанёмся адкрытымі і прыязнымі. На скрыжаванні геапалітычных платформаў мы маем намер захаваць сваю міратворчую місію. Гэта ўспрынята нашым народам, адпавядае яго ўкладу, ладу жыцця і каштоўнасным арыенцірам. І сёння, выстаяўшы перад масіраваным уздзеяннем тэхналогій, гэтак жа станем донарам стабільнасці, як і былі да гэтага часу.

Цяпер мы выходзім з шэрагу выпрабаванняў цяжкага высакоснага 2020 года. З абноўленай медыцынай і тэхналогіямі, сучаснымі формамі самаарганізацыі і ўзаемападтрымкі грамадства. Мы праверылі на стрэсаўстойлівасць сельскую гаспадарку, значна ўмацавалі нашу энергетычную бяспеку. Беспрэцэдэнтны знешні ціск толькі загартаваў нас, зрабіў больш рашучымі і бескампраміснымі ў барацьбе за сваё – чужога нам не трэба.

Калі нас нават і чакаюць новыя іспыты, мы гатовыя да іх. Услед за сусветнымі крызісамі абавязкова прыходзіць развіццё. Мяркую, што аднаўленне сусветнага грамадскага жыцця будзе імклівым, таму можам разлічваць на хуткі росквіт новых эканамічных, лагістычных, тэхналагічных і іншых рашэнняў. Неабходна ўвайсці ў гэты «рэнесанс», у поўнай меры скарыстацца яго магчымасцямі, развіваючы тое, што нам пад сілу.

Дарагія беларусы!

Я перакананы, што ўсіх нас аб’ядноўваюць энергія, настойлівасць і адданасць нашай любімай Радзіме – незалежнай і свабоднай, мірнай і бяспечнай, добрай і адкрытай свету. За ўсімі выпрабаваннямі мы не страцілі сябе, а значыць, здольныя самі будаваць тую краіну, якую любім і пра якую марым.

І апошняе. Паважаныя сябры! Перш за ўсё вы, якія прыйшлі сёння ў гэты палац, сімвал нашай незалежнасці, – я зраблю ўсё для таго, каб вы ніколі не пашкадавалі, што першым Прэзідэнтам нашай Беларусі быў я.

Дзякую вам!

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая