RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Масяйкоў: II Гульні краін СНД - вельмі значная падзея для спартсменаў

II Гульні краін СНД - значныя спаборніцтвы для беларускіх спартсменаў, паколькі даюць магчымасць прааналізаваць свой узровень падрыхтоўкі на фоне атлетаў з розных дзяржаў. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Масяйкоў.

«Такія спаборніцтвы дазваляюць расці прафесійна, набываць досвед і пасля дасягаць больш высокіх вынікаў. Каб спартовец развіваў свае ўменні, яму патрэбныя не толькі трэніроўкі, але і выступы на міжнародных форумах, дзе ён зможа ўбачыць свае памылкі і перавагі, прааналізаваць іх і пайсці далей», - сказаў дэпутат.

Ён зазначыў, што ва ўмовах санкцый Расія і Беларусь пашыраюць супрацоўніцтва ў спартыўнай сферы. Робіцца акцэнт на развіцці ўласных спаборніцкіх фарматаў і вучэбна-трэніровачнага працэсу, ідзе актыўная работа на ўзроўні адукацыйных арганізацый. «Наколькі я ведаю, усе беларускія спартоўцы дапушчаныя да нацыянальных спаборніцтваў у Расейскай Федэрацыі. Па ўсіх відах спорту мы там прымаем удзел. Што да II Гульняў краін СНД, то гэты фармат спаборніцтваў нагадвае мне Гульні садружнасці сацыялістычных краін «Дружба», якія былі створаны ў 1984 годзе пасля таго, як нашы спартоўцы не паехалі на Алімпіяду ў Лос-Анджэлес. На Гульнях «Дружба» тады прайшлі ўсё тыя ж спаборніцтвы, што і на Алімпійскіх», - нагадаў Аляксандр Масяйкоў.

Асаблівую важнасць для атлетаў II Гульні краін СНД набываюць зараз, калі шэраг краін Захаду з дапамогай рознага роду санкцый спрабуе ізаляваць Беларусь і Расію ад сусветнага спорту, хаця лозунг «Спорт па-за палітыкай» - фундаментальны прынцып міжнароднага спорту, у тым ліку Алімпійскай хартыі. «Заходнія палітыкі, ужыўшы эканамічныя санкцыі да Беларусі і Расіі, убачылі, што выніку, на які яны разлічвалі, няма. Эканамічна мы з іх санкцыямі справіліся. Таму яны пераключыліся на спорт. Тым не менш жадаю адзначыць, што гэтая з'ява носіць не павальны характар: ёсць федэрацыі, якія дапушчаюць нашых спартоўцаў да спаборніцтваў. На мой погляд, гэта разважныя федэрацыі. Яны застаюцца вернымі прынцыпам і ідэалам спорту. Цяпер, наколькі я ведаю, МАК рэкамендаваў міжнародным федэрацыям разгледзець пытанне аб допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да ўдзелу ў спаборніцтвах. Літаральна на днях прачытаў, што Міжнародная федэрацыя веславання на байдарках і каноэ прыняла дадатнае рашэнне ў гэтым пытанні. Думаю, разважныя кіраўнікі федэрацый зразумелі, што спорт без прадстаўнікоў Беларусі і Расеі будзе непаўнавартасны», - рэзюмаваў дэпутат.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая