RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Субоцін: Беларусь ідзе сваёй дарогай, ставячы ў аснову інтарэсы народа

Беларусь ідзе сваёй дарогай, ставячы ў аснову інтарэсы народа. Пра гэта сказаў намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін падчас сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «Бабушкина крынка» – кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкина крынка».

«У першую чаргу хачу падзякаваць вашаму калектыву за працу. Мінулы год быў цяжкім, аднак вы не толькі выстаялі, не спынілі вытворчасць, захавалі калектыў, але і дадалі – мы бачым гэта на прыкладзе вырабленай прадукцыі і высокага попыту як у Беларусі, так і за мяжой, – адзначыў Аляксандр Субоцін. – Падчас свайго выступлення я агучу асноўныя аспекты, якія абмяркоўваліся на VI Усебеларускім народным сходзе. Наша краіна выбрала свой шлях развіцця, у аснове якога – інтарэсы нашай дзяржавы і яго жыхароў. І важна працягваць гэту працу».

Віцэ-прэм’ер расказаў, што падчас маштабнага форума былі прапрацаваны: знешняя і ўнутраная палітыка, узаемаадносіны з важнымі стратэгічнымі партнёрамі, эканамічнае развіццё, захаванне сацыяльнай накіраванасці, развіццё сельскай гаспадаркі, медыцыны і сферы адукацыі, рэфармаванне пенсійнай сістэмы, праца з моладдзю. «Пільная ўвага ў будучую пяцігодку будзе надавацца развіццю рэгіёнаў, неабходна павысіць прывабнасць малых гарадоў», – падкрэсліў Аляксандр Субоцін.

На сустрэчы з калектывам таксама прысутнічаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы. «Важна разумець і памятаць, што наша незалежная краіна створана намаганнямі старэйшага і малодшага пакаленняў – нас з вамі. Сёння ў людзей ёсць магчымасць вучыцца, працаваць, будаваць жыллё, атрымліваць якасныя медыцынскія паслугі, падарожнічаць. І гэта тое, што дасягалася гадамі. Усё зламаць можна і за адзін дзень, але аднавіць усе гэтыя дасягненні будзе няпроста, – адзначыў Міхаіл Русы. – Краіна як вялікі калектыў, дзе многае залежыць ад кіраўніка. І на прыкладзе вашага прадпрыемства мы бачым, як нават у складаны час пры граматнай сумеснай працы кіраўніцтва і калектыву, вы змаглі дасягнуць высокіх паказчыкаў. А гэта значыць, што эканоміка наша ідзе наперад, Ёсць адлічэнні ў бюджэт, а разам з гэтым з’яўляюцца новыя школы, паліклінікі і бальніцы».

Аляксандр Субоцін дадаў, што поспехі «Бабушкиной крынки» – гэта праца не аднаго года. «Атрымаць перамогу – гэта вынік доўгай і ўпартай працы. І ў ёй занята вялікая колькасць людзей: трэба засеяць палі, накарміць кароў, атрымаць малако, перапрацаваць яго. А яшчэ важна яго прадаць. І менавіта таму мы сёння тут, каб падзякаваць людзям за іх працу, што ў складаны перыяд калектыў не толькі захаваў усё тое, што было напрацавана гадамі, але яшчэ і павысіў свае поспехі, – падкрэсліў віцэ-прэм’ер. – Сельская гаспадарка робіць высокія стаўкі на малочную галіну – гэта своеасаблівы лакаматыў, які рухае наперад усю галіну. І гэта той пункт, дзе фарміруецца дабаўленая вартасць прадукцыі. Таму ўвага да гэтай сферы і ў найбліжэйшую пяцігодку будзе заставацца пільнай, будзем развівацца далей. Важна дайсці да кожнага спажыўца, апраўдаць чаканні людзей. І тады мы зможам зарабіць больш для свайго рэгіёна і ўсёй краіны ў цэлым».

Як адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Бабушкина крынка» – кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка”» – Генадзь Скітаў, прадпрыемства будуе вялікія планы на бягучы год. «Па вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі ў мінулым годзе холдынг выйшаў на другое месца па рэспубліцы, на сённяшні дзень мы прадаём каля 16 тыс. т такой прадукцыі. Павялічылі аб’ёмы вытворчасці сыроў практычна ў два разы – з 800 т да 1550 т, з якіх 1,1 тыс. т ідзе на экспарт. Асвоілі далёкае замежжа, у прыватнасці, рынкі ў Інданезіі, Бангладэшы, Кітаі, на Кубе. Зараз вядзём перамовы з Галандыяй: хочам сертыфікавацца на еўрапейскі рынак, – расказаў генеральны дырэктар. – Мы працуем над пашырэннем асартыменту нашай прадукцыі. Напрыклад, распрацавалі дзевяць відаў каляровых сыроў – вырабілі іх прыблізна па 800–900 кг., у найбліжэйшы час прадставім на дэгустацыі ў буйныя гандлёвыя сеткі, адправім трэйдарам у Маскву. І калі пакупнікі ацэняць, павялічым аб’ёмы вытворчасці».

Філіялы ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка”» размешчаны практычна ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. Тут вырабляюць больш за 250 назваў малочнай прадукцыі. На прадпрыемстве працуе каля 3,5 тыс. чалавек.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая