RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Амаль 170 прадпрыемстваў і 620 экспанатаў: выстава «Беларусь інтэлектуальная» пройдзе ў Магілёве

У Магілёве сваю прадукцыю і распрацоўкі на выставе дасягненняў беларускай навукі «Беларусь інтэлектуальная» прадставяць 34 прадпрыемствы рэгіёну. Агулам экспазіцыйная пляцоўка збярэ 167 удзельнікаў з усёй краіны, якія прэзентуюць 620 экспанатаў, паведамілі ў камітэце эканомікі Магілёўскага аблвыканкама.

Буйнамаштабнае мерапрыемства пройдзе на базе спартыўнага комплексу «Алімпіец» абласнога цэнтра. Тут будуць прадстаўлены найноўшыя тэхналогіі і навуковыя распрацоўкі беларускіх вучоных, студэнтаў і прамыслоўцаў у розных сферах жыццядзейнасці. Наведвальнікам экспазіцыі прапануюць пазнаёміцца з натурнымі ўзорамі і макетамі, паглядзець відэаматэрыялы, мультымедыйныя і інтэрактыўныя прэзентацыі. Арганізатары даступнай мовай раскажуць аб айчыннай навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі, перадавых тэхналагічных рашэннях, прынцыпах работы розных механізмаў і ўстройстваў.

«Беларуская навуковая і тэхнічная думка мае вялікі патэнцыял, і на сёння галоўная задача - забяспечыць прасоўванне айчынных распрацовак на ўнутраным і замежных рынках, вызначыць перспектыўныя нішы для іх рэалізацыі ва ўмовах санкцыйнага ціску, - адзначылі ў камітэце эканомікі. - Выстава не толькі ў чарговы раз прадэманструе поспехі нашай навукі і тэхнікі, але і пакажа, што беларускія прадпрыемствы адкрыты для інавацый і з упэўненасцю глядзяць у будучыню».

Асноўная экспазіцыйная пляцоўка размесціцца ўнутры спартыўнага комплексу. Яна будзе складацца з некалькіх буйных тэматычных блокаў. Сярод самых маштабных можна вылучыць штучны інтэлект, IT-тэхналогіі і робататэхніку, мікраэлектроніку і прыборабудаванне, абараназдольнасць і ваенную навуку, беспілотныя лятальныя апараты і тэхналогіі для асваення касмічнай прасторы, біятэхналогіі і біяматэрыялы, ахову здароўя і медыцыну, аграпрамысловы комплекс і харчаванне.

Асобным блокам на выставе будуць прэзентаваны поспехі і дасягненні Магілёўскай вобласці. Вядучая роля на гэтай пляцоўцы адведзена рэгіянальным прадпрыемствам і ўстановам вышэйшай адукацыі. Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. А.А.Куляшова прэзентуе мабільнае прыкладанне для групавых пакупак Shop Basket, якое палягчае складанне пакупальніцкага кошыка. Яго задачамі выступаюць разлік кошту разважных тавараў, дапамога ў складанні спісу прадуктаў і падзел агульнага рахунку на групу асоб. Навізна праекта заключаецца ў спалучэнні функцый, якія рэалізаваны ў падобных дадатках толькі па асобнасці.

Свае распрацоўкі прадэманструюць як дзяржаўныя, так і прыватныя вытворчасці. У лік наватараў увайшоў завод «Белмаш» з кінетычным драваколам, хуткасць якога ў тры разы вышэй, чым у гідраўлічнага аналага. Агрэгат выпускаецца як з электрычным рухавіком, так і з бензінавым, г.зн. можа выкарыстоўвацца нават пры адсутнасці электрасеткі. ААТ «Зеніт» прадставіць сістэму дэзінфекцыі кабіны ліфта ультрафіялетавым святлом. ААТ «Чырвоны харчавік» здзівіць наведвальнікаў выставы лінейкай салодкай прадукцыі (зефір, мармелад, халва, арахісавая паста з бялком) для дыябетычнага харчавання і рацыёну людзей, якія адчуваюць працяглыя фізічныя нагрузкі.

«Выстава дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» дэманструе бесперапыннае развіццё беларускай навукі, а таксама яе інтэнсіўнае ўзаемадзеянне з адукацыяй і вытворчасцю, - адзначылі ў камітэце. - Бо з кожным годам усё больш навуковых дасягненняў укараняецца ў рэальны сектар эканомікі, сацыякультурную сферу. Безумоўна, гэта паляпшае якасць жыцця і дабрабыт людзей, садзейнічае гарманічнаму развіццю ўсіх рэгіёнаў».

На адкрытай пляцоўцы каля спарткомплексу «Алімпіец» будзе арганізаваны выязны гандаль і работа аб'ектаў грамадскага харчавання, тут жа размесціцца выстава буйнагабарытнай тэхнікі пераважна рэгіянальнай вытворчасці. Так, завод «Магілёўтрансмаш» прэзентуе аўтакран, смеццявоз, прычэп, паўпрычэп і металавоз, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў - трактары з навясным абсталяваннем, «Бабруйскаграмаш» - кормараздатчык, апырсквальнік і машыну для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў. Магілёўскі аўтамабільны завод імя С.М.Кірава размесціць на адкрытай экспазіцыі самазвал-землявоз і шахтавы самазвал. Далучыцца да магілёўскіх вытворцаў і ААТ «Гомсельмаш», прадпрыемства прадставіць на выставе камбайн з жняяркай.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая