RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: абмежаванні на знешніх рынках – час вялікіх магчымасцей для ўзаемнага імпартазамяшчэння і ўзмацнення кааперацыйных сувязяў

Аб міжрэгіянальным узаемадзеянні як найважнейшым фактары ўмацавання двухбаковых эканамічных сувязей расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас экспертна-медыйнага форума «Саюзная дзяржава: эканамічная інтэграцыя – задачы развіцця», прысвечанага Дню яднання народаў Беларусі і Расіі.

«Цяпер адбываюцца структурныя змены сусветных палітычных, эканамічных і гандлёвых працэсаў, таму абмеркаванне пытання па фарміраванні адзіных падыходаў функцыянавання агульнага рынку як ніколі актуальнае, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Прэзідэнтамі нашых краін была закладзена трывалая аснова эканамічнай інтэграцыі, падмуркам якой з’яўляюцца 28 праграм Саюзнай дзяржавы.

Найважнейшым складнікам з’яўляецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Гэта аснова далейшага развіцця ўзаемнага гандлю і кааперацыі на рынку вытворчых, інвестыцыйных і працоўных рэсурсаў.

На працягу ўсёй гісторыі беларусы і расіяне звязаны агульнымі культурнымі і духоўнымі каштоўнасцямі, шматгадовым сяброўствам і згуртаванасцю нашых народаў.

Для нашага рэгіёна, як і для Беларусі ў цэлым, Расійская Федэрацыя застаецца найважнейшым стратэгічным партнёрам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Удзельная вага Расіі ў знешнегандлёвым абароце вобласці ў 2021 годзе склала 57 працэнтаў, а яе аб’ём дасягнуў ₽230 млрд. Заключаны і рэалізуюцца пагадненні з 26-ю рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. З кожным расійскім рэгіёнам у нас склаліся па-сапраўднаму сяброўскія, цёплыя адносіны. Прыкладам можа служыць супрацоўніцтва з Прыморскім краем на чале з губернатарам Алегам Кажамякам. За 2021 год узаемны тавараабарот павялічыўся амаль удвая і склаў звыш ₽3млрд. Найбольш значным і буйнамаштабным мерапрыемствам у мінулым годзе стала правядзенне ва Уладзівастоку з 4 па 11 кастрычніка 2021 года Дзён Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі».

На дадзены момант у Магілёўскай вобласці дзейнічаюць 333 арганізацыі з расійскім капіталам. Маштабны інвестыцыйны праект рэалізуе прадпрыемства па выпуску тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў». На яго рэалізацыю інвестарам ужо накіравана больш за 5 мільярдаў, створана каля 545 працоўных месцаў. Прапрацоўваецца пытанне аб супрацоўніцтве з Омскай, Краснадарскай, Калінінградскай абласцямі і Хабараўскім краем.

«Сёння Беларусь і Расія адчуваюць беспрэцэдэнтны ціск звонку. Гэта сітуацыя павінна стаць далейшым імпульсам для яшчэ больш цеснай інтэграцыі, – выказаў упэўненасць старшыня Магаблвыканкама. – Абмежаванні на знешніх рынках – час вялікіх магчымасцей для ўзаемнага імпартазамяшчэння і ўзмацнення кааперацыйных сувязей прадпрымальніцкага сектара і буйных дзяржаўных холдынгаў нашых краін.

Так, холдынгам «Магілёўліфтмаш» ужо дасягнуты дамоўленасці з расійскім партнёрам аб пастаўках нашых доследных узораў электрарухавікоў для медыцынскіх цэнтрыфуг наўзамен еўрапейскіх. Аб’ём дамоўленасцей складае каля 5 тыс. рухавікоў на год.

Разам з тым, сумесны прамысловы патэнцыял нашых рэгіёнаў рэалізаваны не поўнасцю. На наш погляд, неабходна ў самыя кароткія тэрміны разгледзець магчымасць распрацоўкі на ўзроўні Саюзнай дзяржавы механізмаў крэдытавання імпартазамяшчальных праектаў.

А таксама завяршыць работу па фарміраванні адзінай інфармацыйнай базы, якая дае магчымасць суб’ектам Беларусі і Расіі знаёміцца з тэхнічным патэнцыялам і магчымасцямі адзін аднаго для аператыўнага ўстанаўлення кааперацыйных сувязей. Акрамя таго, варта прапрацаваць пытанне ўстанаўлення адзінай цэнавай палітыкі на сыравінныя тавары, у тым ліку метал, хімію, лясныя рэсурсы».

Рэзюмуючы сказанае, Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе складанасці, якія ўзнікаюць, зараз народам Беларусі і Расіі як ніколі трэба быць адзіным цэлым. Кансалідацыя рэгіёнаў выступае залогам бяспекі дзяржаў і іх далейшага развіцця.

Таксама ён павіншаваў удзельнікаў форума з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі і пажадаў, каб у брацкім Саюзе заўсёды панавалі мір, згода і ўзаемны давер.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая