RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: II Гульні краін СНД паказваюць, наколькі наша краіна міралюбівая і што мы гатовы праводзіць спаборніцтвы любога ўзроўню і класа

Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў па стральбе з лука II Гульняў краін СНД адбылося сёння на стадыёне «Спартак» у Магілёве пры ўдзеле старшыні абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі. Кіраўнік рэгіёну прывітаў удзельнікаў спаборніцтваў і адзначыў, што гэта свята спорту і добрых чалавечых зносін аб'яднала ўдзельнікаў Садружнасці, сімвалізуючы сілу міру і адзінства.

«Сёння Магілёў з гонарам прымае лепшых спартсменаў з 12 краін і становіцца арэнай сумленнай барацьбы па стральбе з лука і каратэ, - працягнуў ён. - Для вас, дарагія спартсмены, трэніравацца і рыхтавацца да будучых стартаў важна. Таму што для спартсмена галоўнае - спаборніцтвы. Сёння ваш час і гэта цудоўная магчымасць заявіць пра сябе, паказаць сваё майстэрства, праявіць волю да перамогі і сілу духу. Ваша імкненне да дасканаласці і жаданне дасягнуць немагчымага натхняе ўсіх нас, а вашыя поспехі заўсёды былі і застаюцца крыніцай нацыянальнага гонару. Са свайго боку адзначу, што мы зробім усё магчымае, каб ІІ Гульні краін СНД прайшлі на самым высокім узроўні, сталі сапраўдным святам для ўдзельнікаў і балельшчыкаў, запомніліся натхненнем сумленнай спартыўнай барацьбы, яркімі эмоцыямі на трыбунах. Жадаю ўсім вялікіх поспехаў і яркіх перамог! Са святам!»

Таксама Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што правядзенне спаборніцтваў па рэгіёнах робіць іх бліжэй да балельшчыкаў і ўмацоўвае статус населеных пунктаў:

«Мы рыхтаваліся да гэтай падзеі, рыхтаваліся прадметна і грунтоўна, займаліся спартыўнымі аб'ектамі. Дзеля справядлівасці, варта сказаць, што падрыхтаваць іх так хутка было б немагчыма, калі б не было добрых спартыўных збудаванняў, моцнай базы. Чакаючы гасцей, мы іх абнавілі, змяніўся і горад у цэлым. І сёння мы сардэчна сустракаем прадстаўнікоў шэрагу краін на Магілёўшчыне.

Гульні краін СНД паказваюць, наколькі наша краіна міралюбівая і што мы гатовы праводзіць спаборніцтвы любога ўзроўню і класа. І Беларусь гатова да гэтага, у тым ліку і Магілёўская вобласць. Вялікі дзякуй усім тым, хто рыхтаваў гэтыя аб'екты, арганізатарам, нашым спартсменам, якія будуць выступаць, трэнерам, суддзям і гледачам. Добрых усім уражанняў!»

Па словах старшыні Беларускай федэрацыі стральбы з лука Мікалая Марусава, Магілёў невыпадкова абраны для спаборніцтваў у гэтым відзе спорту: «Магілёўшчына славіцца сваімі спартсменамі, якія не раз заваёўвалі і будуць заваёўваць медалі на міжнародных арэнах. І, вядома, нічога б не было, калі б не падтрымка спорту ў Беларусі нашым Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, дзякуючы чаму мы праводзім і будзем праводзіць міжнародныя спаборніцтвы на такім высокім узроўні. Спартсменам жа хочацца пажадаць добрага надвор'я і няхай пераможа наймацнейшы».

Падзяліўся меркаваннем аб правядзенні спаборніцтваў у Магілёве і алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарках і каноэ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Ганаровы жыхар Магілёва Аляксандр Масейкаў.

«Гэта вельмі правільна, што спаборніцтвы праводзяцца не толькі ў горадзе Мінску, але і ва ўсіх рэгіёнах краіны. Нашы спартсмены і жыхары гарадоў чакалі гэтыя спаборніцтвы, гэтае спартыўнае свята, таму падрыхтоўка вялася сур'ёзная. Цяпер будзем перажываць за нашых спартсменаў, жадаецца ўбачыць гатоўнасць нашых нацыянальных каманд, у прыватнасці, па стральбе з лука. У нас вельмі моцныя традыцыі ў гэтым відзе спорту.

Канешне, балець буду за магіляўчан. Але прозвішчы не назаву - у спартсменаў ёсць свае няпісаныя правілы, каб не сурочыць».

Таксама Аляксандр Масейкаў выказаў упэўненасць, што такое маштабнае спартыўнае свята будзе праведзена дастойна: «Раней былі адны ўмовы, цяпер - іншыя. Але мы бачым, як усё мяняецца да лепшага. Мы незалежная суверэнная краіна, і ў нас ёсць магчымасць арганізаваць і прыняць спаборніцтвы сусветнага ўзроўню. Думаю, геаграфія краін з часам будзе пашырацца і колькасць відаў спорту будзе расці».

Адразу пасля афіцыйнай цырымоніі на стадыёне «Спартак» стартавалі кваліфікацыйныя раунды па стральбе з лука - класічны лук сярод мужчын і жанчын (дыстанцыя - 70 м). У спаборніцтвах бяруць удзел 42 спартсмены з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Кыргызстана, Пакістана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана.

Заўтра і паслязаўтра адбудуцца індывідуальныя і камандныя матчавыя сустрэчы.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая