Мясцовыя ўлады павінны больш уважліва працаваць са зваротамі грамадзян, прымаць больш узважаныя рашэнні. Такое меркаванне выказаў старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка пасля выязнога прыёму, які ён сёння правёў у Касцюковічах.
– На мой погляд, сур’ёзных пытанняў не было, – сказаў Анатоль Міхайлавіч. – Усе звароты тычыліся нейкіх бытавых праблем, і іх цалкам можна вырашаць на ўзроўні старшыні райвыканкама. Фактычна яны і вырашаны на ўзроўні раёна. Толькі некалькі пытанняў патрабуе нашых сумесных намаганняў, я маю на ўвазе па фінансаванні ці іншых момантах. Таму, калі людзі звяртаюцца з праблемамі да мясцовай улады, прадстаўнікі апошняй павінны больш уважліва падыходзіць да разгляду гэтых пытанняў, прымаць больш узважаныя рашэнні. Як, дапусцім, па Хоцімскім раёне, жыхарка якога атрымала бюджэтныя грошы і пабудавала дом. У адпаведнасці з законам яна павінна вызваліць занятае жыллё, каб туды засялілася наступная сям’я або каб даную жылплошчу перавялі ў статус арэнднай. Не, жанчына на працягу некалькіх гадоў працягвае хадзіць і звяртацца з гэтым пытаннем. Пры тым, што адбыўся суд, які пастанавіў: яна не права. У гэтым выпадку мясцовыя ўлады, вядома, павінны былі прыняць больш жорсткае рашэнне, хоць бы абапіраючыся на рашэнне суда.
Усяго падчас прыёму было разгледжана пяць зваротаў жыхароў Касцюковіцкага, Хоцімскага і Крычаўскага раёнаў, якія тычыліся неналежнага стану дарог, працаўладкавання, суседскіх сварак.
Жыхаркі вёскі Студзянец Касцюковіцкага раёна гаварылі пра ўладкаванне сістэмы водазабеспячэння: яны не хочуць аплачваць работы з уласных сродкаў. У населеным пункце зараз 76 домаўладанняў, дзе зарэгістравана 142 чалавекі. Для патрэб водазабеспячэння ў вёсцы маецца 12 калодзежаў, але ў сямі з іх вада не адпавядае санітарным нормам. Тройчы на тыдзень вяскоўцам падвозяць якасную пітную ваду, а ў 2021 годзе Касцюковіцкі водаканал праклаў водаправодную магістральную сетку да Студзянца. Спрэчны момант заключаецца ў тым, што падключэнне домаўладанняў да сеткі мясцовым жыхарам прапанавалі за іх грошы.
Адказ Анатоля Ісачанкі быў адназначным: агульны водаправод і калонкі павінны быць абсталяваны за дзяржаўны кошт. Калі ж хто-небудзь з вяскоўцаў хоча падвесці ваду ў дом, то ўжо павінен плаціць з уласнай кішэні.
– Сітуацыя, калі глядзець у прыватнасці, на гэтым этапе вырашана. Калі ж глядзець увогуле, то яшчэ, на жаль, застаюцца вёскі, у якіх адсутнічае водаправод. Праблема вядомая, працуем над яе рашэннем. Зразумела, не паспяваем зрабіць гэта ўсім адначасова, але пэўны рух наперад у гэтым напрамку ёсць. Хацелася б і ў складчыну дзесьці працаваць, каб паскорыць працэс. Напрыклад, мы падводзім асноўную магістраль, а людзі – некаторыя невялікія ўчасткі. Нараўне з усталяваннем водаправода па праграме «Чыстая вада» займаемся ўстаноўкай станцый абезжалезвання, што паляпшае якасць абслугоўвання насельніцтва. Што тычыцца іншых пытанняў, якія прагучалі падчас прыёму, паўтаруся, яны бытавыя і будуць вырашаны на мясцовым узроўні, – сказаў на заканчэнне старшыня аблвыканкама.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
11.05.2025 - 14:03
10.05.2025 - 10:58
08.05.2025 - 18:36