RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана: кожная краіна моцная рэгіёнамі

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў сёння сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Цімурам Жаксылыкавым. Дэлегацыя на працягу двух дзён наведвае рэгіён з мэтай азнаямлення з работай шэрага буйных прадпрыемстваў, а таксама культурна-гістарычных аб'ектаў і славутасцей з перспектывай развіцця далейшага супрацоўніцтва.

Як адзначыў Анатоль Ісачанка, Беларусь і Казахстан ужо больш як 30 гадоў звязваюць дыпламатычныя адносіны: «За гэты час склаліся трывалыя міжрэгіянальныя, эканамічныя і гуманітарныя сувязі, - падкрэсліў ён. - Для нашага рэгіёну Рэспубліка Казахстан з'яўляецца адным з найважнейшых эканамічных партнёраў. Па аб'ёме экспарту - уваходзіць у пяцёрку асноўных гандлёвых партнёраў і з'яўляецца другім сярод краін СНД.

За апошнія некалькі гадоў адзначаецца дадатная дынаміка знешняга гандлю Магілёўскай вобласці і Казахстана. Так, з 2020 года аб'ём знешняга гандлю вырас у 1,4 раза з $53 млн. да амаль $73 млн. у 2024 годзе.

Мы экспартуем у Казахстан шырокі спектр прадукцыі: шыны, ліфты, сельскагаспадарчую тэхніку і запасныя часткі да яе, пліты драўняна-стружкавыя, ялавічыну, малочную прадукцыю, мяса птушкі. Нашы прадпрыемствы закупляюць у Казахстане вакцыны, хімічную прадукцыю, вырабы з вулканізаванай гумы і іншае. Разам з тым патэнцыял супрацоўніцтва ў нас значна большы, і мы павінны яго эфектыўна выкарыстоўваць».

Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што галоўнае - не абмяжоўвацца простымі пастаўкамі прадукцыі: «Многія нашы прадпрыемствы ўжо стварылі зборачныя вытворчасці на тэрыторыі Казахстана. Напрыклад, для ААТ «Магілёўліфтмаш» Рэспубліка Казахстан - адзін з ключавых рынкаў. Два зборачныя прадпрыемствы ўжо функцыянуюць у гарадах Актабе і Алматы. У 2024 годзе пастаўлена 203 адзінкі ліфтавага абсталявання на $2,2 млн, у студзені-красавіку 2025-га - 55 адзінак на $682 тыс.

Прадпрыемства зацікаўлена ў павелічэнні паставак ліфтаў як у рамках праграм іх замены, так і будаўніцтва новага жылля. Цяпер ААТ «Магілёўліфтмаш» сумесна са зборачнымі прадпрыемствамі Казахстана працуюць над рэалізацыяй праектаў у галіне стварэння «сумеснага ліфта». Гэта дазволіць зменшыць сабекошт ліфта для канчатковага спажыўца. І тым самым павысіць яго канкурэнтаздольнасць. Таксама прадпрыемства гатова прапанаваць праграмы навучання для спецыялістаў ліфтавай сферы з Рэспублікі Казахстан, што дазволіць палепшыць эксплуатацыю і абслугоўванне ліфтавага абсталявання», - акрэсліў перспектывы супрацоўніцтва кіраўнік рэгіёну.

Паводле слоў Анатоля Ісачанкі, гатова да далейшага супрацоўніцтва і бабруйскае ААТ «Белшына», якое дэлегацыя наведала ўчора. У Казахстане ў прадпрыемства дзейнічае ўласны гандлёвы дом у Астане - «Беларуская шына»: «У бягучым годзе пастаўлена 22,2 тыс. шын на $2,4 млн, і да канца года плануецца паставіць прадукцыі яшчэ на $6,2 млн».

Акрамя таго, учора дэлегацыя пазнаёмілася з прадукцыяй, якую вырабляе ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Бабруйскаграмаш». Прадпрыемства мае развітую тавараправодную сетку і зборачную вытворчасць у Казахстане, што садзейнічае актыўнаму прасоўванню прадукцыі на рынак: «Так, ужо за тры месяцы бягучага года пастаўлена тэхнікі на $1,6 млн і да канца года плануюцца пастаўкі яшчэ на $4,7 млн. А прадпрыемства «Бабруйсксельмаш», якое ўваходзіць у холдынг «Бабруйскаграмаша», цяпер праводзіць перагаворы з казахстанскімі партнёрамі па стварэнню зборачнай вытворчасці глебаапрацоўчай тэхнікі. Вырашэнне гэтага пытання дасць магчымасць патэнцыйным спажыўцам набываць тэхніку з выкарыстаннем праграм субсідзіравання. Акрамя таго, для фермераў можа быць цікавая малая трактарная тэхніка, якую вырабляе ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталей і агрэгатаў», - адзначыў Анатоль Ісачанка.

Улічваючы важнасць сельскай гаспадаркі для эканомікі Казахстана, падчас наведвання Бабруйскага раёна гасцям была прадэманстравана шырокая лінейка сельскагаспадарчай тэхнікі, якая іх прыемна ўразіла.

Магілёўская вобласць таксама зацікаўлена ў актывізацыі міжрэгіянальных адносін з Усходне-Казахстанскай і Туркестанскай абласцямі, з якімі заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве: «Мы ўжо ўзгаднілі з гэтымі абласцямі планы мерапрыемстваў, так званыя дарожныя карты, па супрацоўніцтве вобласці. Ён запрасіў высокага госця прыняць удзел у рэспубліканскім свяце «Купалле», а таксама міжнародным эканамічным форуме «Млын поспеху». Звяртаючыся да Цімура Жаксылыкова, Анатоль Ісачанка выказаў упэўненасць, што яго знаходжанне на тэрыторыі вобласці будзе эфектыўным і паслужыць пашырэнню і ўмацаванню ўзаемавыгадных адносін паміж Магілёўскай вобласцю і Рэспублікай Казахстан.

«Зацікаўленасць любога рэгіёна - у супрацоўніцтве і прасоўванні сваіх тавараў. І мы ў гэтым напрамку вельмі шчыльна і сістэмна працуем, - падкрэсліў ён. - Але я хачу дадаць, што кожная краіна моцная рэгіёнамі. А калі рэгіёны маюць зносіны паміж сабой напрамую, гэта дае дадатковую дынаміку. У нас ужо адпрацаваны дарожныя карты з Усходне-Казастанскай і Туркестанскай абласцямі, якія мы плануем падпісаць у бліжэйшы час. І я глыбока перакананы, што гэта дасць дадатковы стымул да нашага супрацоўніцтва.».

У сваю чаргу Цімур Жаксылыкоў адзначыў, што практычна ва ўсіх сферах у Беларусі і Казахстана зараз ёсць праекты: «Гэта датычыцца і прамысловасці, у першую чаргу, праекта ў сферы прамысловай кааперацыі. Вельмі вядомае прадпрыемства ў Магілёве і ва ўсёй краіне «Магілёўліфтмаш», з якім у нас ёсць сумесныя праекты. Мы іх рэалізуем на казахстанскім ліфтабудаўнічым прадпрыемстве разам. Думаю, што сёлета яны рэалізуюць праект па стварэнню новай лінейкі прадукцыі, менавіта казахстанска-беларускай. Гэта будзе вельмі вялікі крок наперад у нашым тэхналагічным супрацоўніцтве. У нас шмат праектаў у сферы сельскагаспадарчага машынабудавання, яны актыўна разьвіваюцца. Спадзяемся, што і ў аграрнай сферы мы будзем бачыць праекты, звязаныя з малочнай жывёлагадоўляй і з іншымі праектамі. У цэлым, перспектывы і планы вельмі вялікія. І не толькі ў эканоміцы, але гэта датычыцца яшчэ і турызму, і нашага культурнага, гуманітарнага, адукацыйнага супрацоўніцтва. У нас, увогуле, ва ўсіх сферах вялікія планы. Цешыць, што гэта не толькі планы, але і канкрэтныя крокі па іх рэалізацыі».

У Магілёве дэлегацыя на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў гэты дзень наведала прадпрыемствы ААТ «Магілёўліфтмаш», ААТ «Магатэкс», УЧНПП «Тэхналіт» і Музей гісторыі Магілёва..

Юлiя Таранава, фота аўтара

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая