RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: не прынцыпова, на якім аб'екце працаваць падчас суботніка, галоўнае, што гэта сумесная праца на агульную карысць

Каля 270 тысяч жыхароў Магілёўскай вобласці выйшлі сёння на рэспубліканскі суботнік. Адным з аб'ектаў, дзе вялося добраўпарадкаванне, стаў корпус экстранай хірургіі кардыё-цэрэбраваскулярнай паталогіі, які будуецца на тэрыторыі гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Магілёве. Удзел у навядзенні парадку і азеляненні тэрыторыі прыняло кіраўніцтва рэгіёну на чале са старшынёй аблвыканкама Анатолем Ісачанкам. Таксама на аб'екце ў гэты дзень працавалі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання Валерый Малашка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін і кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама.

«Такія мерапрыемствы важныя тым, што мы ўсе разам выйшлі і наводзім парадак на сваёй роднай зямлі. Кожны на сваёй тэрыторыі, па сваіх аб'ектах. Мы сёння тут, ля гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі каля новага корпуса, які сёлета плануем увесці ў эксплуатацыю. У меру сваіх сілаў аказваем дапамогу і ў навядзенні парадку, і ў будаўнічых працах».

Як адзначыў губернатар, заробленыя на суботніку сродкі, а гэта каля Br1,2 млн., у Магілёўскай вобласці будуць накіраваны на аднаўленне помнікаў Вялікай Айчыннай вайны: «У кожны рэгіён накіруем гэтыя сродкі. Акрамя таго, будзем дадаткова выдзяляць фінансаванне, задзейнічаць чалавечыя рэсурсы, каб сёлета поўнасцю прывесці іх у парадак. Вядома, мы робім гэта кожны год і ўкладаем пэўныя сродкі, але час ідзе».

Адказваючы на пытанні журналістаў, Анатоль Ісачанка адзначыў, што не прынцыпова, на якім аб'екце працаваць падчас суботніка, галоўнае, што гэта сумесная праца на агульную карысць: «Я штогод прымаю ўдзел і немагчыма пералічыць усе аб'екты або вылучыць нейкі адзін з іх, як самы значны. Іх шмат і яны ўсё важныя. У мінулым годзе, напрыклад, добраўпарадкоўвалі інфекцыйную бальніцу, крыху раней - удзельнічалі ў пасадцы дрэў, у навядзенні парадку на іншых аб'ектах. Кожны напрамак мае сэнс, значэнне і па-свойму важны. Усё, што робіцца - добра. Бо робіцца не для сябе асабіста, а для ўсіх нас».

Гаворачы аб месцы цяперашняга суботніка - новым корпусе гарадской БХМД, кіраўнік рэгіёну падкрэсліў: «Гэта прадмет гонару ўсёй вобласці. Трыццаць пяць тысяч метраў квадратных - значны аб'ект для рэгіёну, абсталяваны па самым сучасным слове медыцынскай тэхнікі. Упэўнены, што ўсё тут будзе зроблена для камфортнай працы персанала бальніцы і, самае галоўнае, зручна і камфортна - для пацыентаў».

Працоўны дэсант у гэты дзень быў заняты дэмантажам старой тратуарнай пліткі, на месцы якой у будучыні з'явіцца газон, а таксама - пасадкай туй і ўборкай тэрыторыі. Як расказала галоўны аграном КВУП «Магілёўзелянбуд» Крысціна Аўтушкова, на адведзенай пад добраўпарадкаванне тэрыторыі сёння з'явіліся туі трох відаў і ядловец - усяго 63 саджанцы.

«Пакуль гэта толькі першы, маленькі крок. У будучыні тут з'явіцца прыгожы сквер. Калі ж у цэлым казаць аб азеляненні абласнога цэнтра - ужо высаджана больш за 20 тысяч кустоў. Большая частка пайшла на стварэнне лабірынта, а таксама на іншыя аб'екты. Каля 10 тысяч - на азеляненне схілаў на Фаціна і Каралева. На Ленінскім схіле ўвосень таксама з'явяцца хмызнякі, у дадатак да кветкавых летнікаў і шматгадовых раслін. Кожны кветнік у нас - разыначка. Ландшафтныя архітэктары ўвесь час прадумваюць новыя варыянты - змяняюць малюнак і каларыстыкі, распрацоўваюць агульную канцэпцыю.

Вялікі дзякуй кіраўніцтву горада і вобласці за арганізацыю такой ініцыятывы ад нашых прадпрыемстваў. Калі людзі падыходзяць да справы адказна, з любоўю да раслін і жаданнем зрабіць свой горад утульней - гэта вялікая дапамога для нас. За гэты сезон да азелянення падключылася шмат арганізацый, простых людзей. Мы вельмі ўдзячныя кожнаму».

Работнік Магілёўзелянбуда Алег Сцяпанаў падзяліўся, што звычайна заняты на паліве раслін, але паколькі зямля зараз дастаткова вільготная, дапамагае ў іншых працах: «Хадзіў на суботнікі яшчэ пяць дзясяткаў гадоў таму з бацькам. Гэта было цэлае свята - пасля таго, як папрацавалі, адпраўляліся на «маёўку». Ёсць падобны настрой і сёння».

На захаванні ў Беларусі добрых традыцый акцэнтаваў увагу і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін: «Правядзенне суботнікаў - адна з іх, калі людзі выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў, сёлаў і наводзяць парадак, займаюцца добраўпарадкаваннем, адзначыў ён. - Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса сёння працуюць на ўсіх аб'ектах - гэта і закладка садоў, і добраўпарадкаванне, навядзенне парадку на вуліцах нашых населеных пунктаў. Мы - такія ж жыхары, якія хочуць рабіць свой край лепш і ўтульней.

Жадаю кожнаму працаваць на карысць сваёй краіны, не спадзявацца ні на каго звонку. Акрамя нас саміх ніхто не навядзе парадак, не добраўпарадкуе вуліцы, не ўкладзе асфальт, не створыць прамысловасць, не накорміць народ - гэта трэба разумець. Міру ўсім і дабра».

У гэты дзень, акрамя ўдзелу ў добраўпарадкаванні, Анатоль Ісачанка таксама праінспектаваў ход будаўніцтва новага корпуса. Як расказаў галоўны ўрач Магілёўскай гарадской БХМД Павел Арэхоўскі, гатоўнасць аб'екта складае ўжо каля 70 працэнтаў. І да канца года, як мяркуецца - ужо восенню, ён будзе здадзены. «Будаўніцтва корпуса завяршаецца і мы з нецярпеннем чакаем, калі ўжо заедзем на новыя плошчы і зможам прымяніць новае абсталяванне ў лячэнні нашых пацыентаў. Кажучы простай мовай, гэты корпус будзе прызначаны, у першую чаргу, для лячэння інфарктаў і інсультаў. Таксама тут будзе сканцэнтравана ўся хірургічная служба. З дапамогай сучаснага абсталявання і тэхналогій, якія маем намер укараніць, мы плануем паставіць на якасна новы ўзровень лячэнне гэтай паталогіі.

Вялікая ўвага грамадскасці да аб'екта даказвае яго высокую сацыяльную значнасць. Ён запатрабаваны. І не толькі работнікі ўстановы аховы здароўя з нецярпеннем чакаюць адкрыцця, але і жыхары горада Магілёва ўвесь час праяўляюць цікавасць. Мы насамрэч бачым, што наша праца патрэбная людзям. І мы на правільным шляху».

Падтрымаў яго словы і намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Дзенгалёў, адзначыўшы: «Сёння ідзе да завяршэння будаўніцтва вельмі значнага аб'екта не толькі для горада Магілёва, але і для ўсёй вобласці. Гэта сур'ёзны, дарагі праект, з найноўшым медыцынскім абсталяваннем, якое дазволіць аказваць насельніцтву паслугі высокай якасці. І можна казаць, што мы выходзім на фінішную прамую.

Унутры будынка ўжо ідуць чыставыя аддзелачныя работы. Міністэрствам аховы здароўя закуплена цяжкае медабсталяванне, чакаецца яго пастаўка. Думаю, што ў чацвёртым квартале гэтага года бальніца прыме першых пацыентаў у новым корпусе».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая