Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка сустрэўся ўчора з актывамі Горацкага і Дрыбінскага раёнаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў і спецыялісты райвыканкамаў, кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай працы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёнаў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Горацкага і Дрыбінскіх раёнаў.
Удзельнікамі сустрэчы таксама былі старшыні райвыканкамаў Міхаіл Гулы і Ірына Стрэчын, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Канстытуцыйнай камісіі Ігар Марзалюк, прадстаўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Дзяніс Дук.
– Такія сустрэчы прадыктаваны важнасцю задач, якія стаяць перад усімі намі, па актуальных пытаннях падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму, які павінен прайсці на высокім арганізацыйным узроўні, – адзначыў Анатоль Ісачанка.
Ён падкрэсліў, што толькі дзякуючы моцнай дзяржаўнай уладзе былі створаны ўмовы для развіцця эканомікі. Дадзеная сістэма сябе апраўдала і выстаяла перад знешнімі і ўнутранымі выклікамі. Але з павышэннем узроўню жыцця чалавеку заўсёды хочацца большага.
– Для таго каб дзейснай была сацыяльная палітыка, нам патрэбна моцная эканоміка, немагчымая без стабільнай дзяржавы. А ў аснове гэтай стабільнасці – наша Канстытуцыя, якая захоўвае суверэнітэт і дае права кожнаму чалавеку на самавызначэнне, – рэзюмаваў Анатоль Міхайлавіч.
Аб навінах, прадугледжаных праектам новай Канстытуцыі, расказаў Ігар Марзалюк. Па яго словах, некаторыя папраўкі ўжо ўнесены ў праект Асноўнага закона.
– Змяненні ў Канстытуцыю ўносяцца толькі для аднаго, каб мы маглі спакойна і дынамічна развівацца, каб была магчымасць ліквідаваць знешнія
і ўнутраныя рызыкі, – сказаў Ігар Аляксандравіч. – Мы ніколі не будзем прыпадабняцца да пэўных краін, дзе галоўны аргумент – зброя, знішчэнне адзін аднаго. Ёсць толькі два варыянты – эвалюцыя праз змены заканадаўства або крывавыя рэвалюцыйныя змены. Мы катэгарычна супраць крыві і гвалту. Праект Канстытуцыі – гэта магчымасць для ўсіх, хто хоча жыць тут і цяпер, для каго Рэспубліка Беларусь не месца прапіскі, а яго Радзіма.
Парламентарый адзначыў, што ў Канстытуцыйную камісію паступіла звыш 7 тысяч заўваг і прапаноў ад грамадзян Рэспублікі Беларусь.
– Больш за ўсё наш народ хваляваў артыкул 45, – сказаў Ігар Марзалюк. – Людзі асцерагаюцца, ці не будзе гэта падставай для ўвядзення платы за медпаслугі і абавязковай вакцынацыі. Улічваючы меркаванне грамадзян, мы вырашылі выключыць слова «абавязкова» ў дадзеным артыкуле. Цяпер гэта будзе гучаць так: «Грамадзяне клапоцяцца аб захаванні ўласнага здароўя».
Жыхары Горацкага і Дрыбінскага раёнаў актыўна ўключыліся ў дыялог, задавалі пытанні і атрымлівалі кампетэнтныя адказы.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
13.05.2025 - 20:38
11.05.2025 - 14:03
10.05.2025 - 10:58