RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка прадставіў новых старшынь Чавускага і Хоцімскага раёнаў

Сёння адбыліся пазачарговыя сесіі Чавускага і Хоцімскага раённых Савета дэпутатаў, на якіх на пасадзе старшынь раённых выканаўчых камітэтаў зацвердзілі Дзмітрыя Міхайлавіча Акуліча і Геворга Гарніковіча Мелканяна, адпаведна. Учора іх кандыдатуры на пасаду былі ўзгоднены з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.

У рабоце сесій прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкамаў, дэпутацкі корпус, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёнаў, грамадскіх аб'яднанняў.

Прадстаўляючы новага кіраўніка Чавускага раёна Анатоль Ісачэнка ахарактарызаваў яго як вопытнага кіраўніка, працоўнае жыццё якога звязана непасрэдна з сельскай гаспадаркай.

Зміцер Акуліч нарадзіўся ў 1985 годзе ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. У 2008 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці аграномія. Працоўную дзейнасць пачаў галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага райвыканкама, з 2010 па 2011 год працаваў першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жлобінскага райвыканкама. Затым узначаліў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Краснабярэжскі» Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.

З 2013 па 2021 год быў першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Рагачоўскага райвыканкама, з ліпеня 2021 года да цяперашняга прызначэння Дзмітрый Міхайлавіч працаваў першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мсціслаўскага райвыканкама.

- На жаль, у апошні час справы ў Чавускім раёне ідуць не зусім добра. Гэта віна не толькі кіраўніцтва рэгіёна, але і кіраўнікоў арганізацый, - адзначыў Анатоль Міхайлавіч. - Новаму старшыні райвыканкама трэба працаваць над развіццём сельскагаспадарчай галіны, сацыяльнай сферы, удзяліць увагу якасці дарог, інвестыцыям у рэальны сектар эканомікі. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, кожны на сваім рабочым месцы павінен выконваць свае абавязкі, тады і вынікі будуць дастойныя.

У сваю чаргу Дзмітрый Акуліч запэўніў губернатара, што справіцца з пастаўленымі задачамі.

- На пасадзе старшыні райвыканкама прыкладу ўсе намаганні і пастараюся, каб Чавускі раён і далей развіваўся, - адзначыў Дзмітрый Міхайлавіч. - На сённяшні дзень мая галоўная задача з кіраўнікамі гаспадарак правесці вясновую пасяўную кампанію ў аптымальныя тэрміны.

Прадстаўляючы новага кіраўніка Хоцімскага раёна Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што Геворг Гарніковіч зарэкамендаваў сябе прынцыповым, высока пісьменным і адказным кіраўніком, які праяўляе паслядоўнасць і ўпартасць у дасягненні пастаўленых мэт. Ён умее знайсці галоўнае ў працы і мэтанакіравана дабіваецца высокіх вынікаў. Гэта чалавек слова, які ўнікае ў праблемы іншых і заўсёды імкнецца аказаць пасільную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу.

Геворг Мелканян даў слова губернатару, што сумесная работа кіраўнікоў самага ўсходняга кутка Беларусі ў хуткім часе дасць станоўчыя вынікі.

- Бягучы год у раёна адказны, бо ён прымае абласныя «Дажынкі», - адзначыў Геворг Гарніковіч. - Са свайго боку я прыкладу ўсе намаганні, каб Хоцімскі раён стаў жамчужынай паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці.

Геворг Мелканян скончыў Горацкую сельгасакадэмію па спецыяльнасці «Меліярацыя і водная гаспадарка». Працоўную біяграфію пачынаў у Гомельскай вобласці з пасады інжынера-гідратэхніка УП «Чачэрскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм». Затым узначальваў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Батвінава» і Чачэрскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Ураджай». Прыйшоў у Бабруйскі раён у 2016 годзе ў якасці намесніка дырэктара па эксплуатацыі ААТ «ПМК-84 Водбуд». У 2017 годзе ўзначаліў гэтую арганізацыю. У 2021 годзе Геворг Мелканян стаў старшынёй Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў.

Дэпутаты аднагалосна зацвердзілі Дзмітрыя Акуліча і Геворга Мелканяна на пасадзе старшынь раённых выканаўчых камітэтаў. Уручаючы ім службовыя пасведчанні, Анатоль Ісачэнка вызначыў асноўныя напрамкі дзейнасці раённай вертыкалі ўлады, ахарактарызаваў усе сферы развіцця раёна і выказаў надзею, што новыя кіраўнікі рэгіёнаў паспяхова справяцца з вырашэннем пастаўленых задач.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая